Услаўлялі чалавека працы

Официально

    Напярэдадні Першамая ў РЦК прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня працы. Яго ініцыятарам і арганізатарам стала раённае аб’яднанне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Многія, асабліва пакаленне мінулага стагоддзя, з прыемнай настальгіяй узгадваюць першамайскія дэманстрацыі, якія праходзілі ў савецкі час з шырокім размахам і патрыятычнымі лозунгамі: “Мір. Праца. Май”. Усе ўслаўлялі мірнае неба, стваральную працу і квітнеючы май. Масавае шэсце паступова перамясцілася на іншыя святы, але ў календары гэты дзень па-ранейшаму застаецца чырвоным і выхадным. Зараз яго адзначаюць у 142 краінах свету.

Адрадзіць асноўны сэнс першамая вырашылі прафсаюзы. Бо кожны працуючы чалавек славіцца менавіта працай. На мерапрыемства запрасілі ветэранаў працы, старшыняў галіновых прафкамаў і пярвічных арганізацый, членаў прафсаюзаў калектываў. Вітаючы ўсіх прысутных у зале, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская адзначыла, што новы час напоўніў Першамай новым сэнсам, але ён застаецца, перш за ўсё, святам працы, павагі да чалавека, які працуе на дабрабыт сваёй сям’і, свайго горада, сваёй краіны.

Адметнай асаблівасцю ўрачыстасці стала ўшанаванне сямейных дынастый Валожыншчыны. Сярод такіх –  сям’я Матуць, агульны стаж якой на Валожынскім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” складае 110 гадоў. Вялікі ўклад у справу навучання падрастаючага пакалення ўнесла сям’я педагогаў Брылеўскіх – справу бацькоў працягваюць два сыны і ўнучка. На ніве культуры шчыруе дынастыя Рэут-Жамоздзікаў, а старэйшына сямейства, Аляксандра Сяргееўна, і да гэтага часу паспяхова сумяшчае асноўную работу з творчасцю.

Словы прызнання за сумленную працу, стараннасць, адказнасць і паважлівыя адносіны да традыцый старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РАА, спорту і турызму В. А. Красоўская выказала ветэранам педагагічнай справы, настаўнікам-наватарам Алене Сямёнаўне Рэут, Дануце Іванаўне Кручынскай, Васілію Фёдаравічу Герману, Святлане Леанідаўне Садоўскай, Аксане Віктараўне Жудрык. Ад прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу былі адзначаны бухгалтар ДУП “Валожынскае ПМС” Таццяна Міхайлаўна Бекіш, яе калега з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Алена Гаўрыілаўна Бацян, майстар вытворчага навучання Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Валянціна Валянцінаўна Рафаловіч, загадчыца ветэрынарнай аптэкі ветэрынарнай станцыі Марына Анатольеўна Янцэвіч, падзякі якім уручыў старшыня прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В. С. Гідлеўскі. Т. У. Яныш, якая ўзначальвае прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, узнагародзіла старшыняў пярвічных арганізацый РТЦСАН Ніну Яўгеньеўну Радына, фінансавага аддзела райвыканкама Аксану Іосіфаўну Пашкоўскую, аддзялення Дэпартамента аховы Таццяну Рыгораўну Ляшкевіч. У сферы культуры заслужаныя падзякі з рук старшыні прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Н. П. Лоўчай атрымалі выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Алег Фадзеевіч Каранеўскі і хормайстар РЦК Вера Уладзіміраўна Лявіцкая. Шмат прыемных слоў у свой адрас ад старшыні прафсаюза работнікаў аховы здароўя П. А. Ганчара пачулі ветэраны медыцыны раёна Хрысціна Міхайлаўна Караленка, Алена Леанідаўна Іода, Ларыса Сцяпанаўна Мехава, Тамара Мікалаеўна Шорнікава, Галіна Адамаўна Капусціна. Усе прафсаюзныя актывісты былі запрошаны на сцэну і атрымалі падарункі.

У той дзень, нягледзячы на зусім не першамайскае надвор’е, у глядзельнай зале было па-святочнаму ўзнёсла і ўтульна. Гучалі мілагучныя лірычныя песні ў выкананні салістаў РЦК, юных спевакоў эстраднай студыі “Праменьчыкі”. Яны сагравалі душу, напаўнялі радасцю і замілаваннем, адчуваннем пашаны і павагі да чалавека працы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *