Праект зрушыўся з месца…

Культура

17 кастрычніка ў аграгарадку Багданаў адбылася міжнародная канферэнцыя “Жыццё і дзейнасць Фердынанда Рушчыца (1870-1936)”, прысвечаная абмеркаванню мерапрыемстваў да 150-годдзя мастака, якое будзе адзначацца ў 2020 годзе. Канферэнцыя сабрала шмат кампетэнтных асоб з беларускага і польскага бакоў, зацікаўленых у тым, каб на малой радзіме сусветна вядомага мастака ў поўнай меры ўшанаваць яго імя, а праз гэта зрабіць Валожыншчыну прыцягальнай для аматараў гісторыі і культуры, турыстаў увогуле.

Удзел у канферэнцыі прымалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік, прадстаўнік Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча Цэзарый Карпіньскі, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Уладзіміравіч Вечар, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Аляксандраўна Баранок, архітэктары, аўтары праекта музея Ф. Рушчыца ў аграгарадку Багданаў Эва Свідэр-Грабельна і Джаана Латала-Матысяк (Варшава), намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч, выкладчыкі ВНУ з Мінска і Масквы, прадстаўнікі грамадскасці з Багданава і Валожына. Гасцей прадстаўлялі і вялі канферэнцыю людзі, якія сталі ініцыятарамі ўшанавання імя мастака на малой радзіме, – старшыня праўлення Фонду “NecMergitur” імя Фердынанда Рушчыца, яго ўнук Фердынанд Рушчыц і старшыня раённага аддзела грамадскай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” Ала Макарэвіч.

Канферэнцыя праходзіла ў памяшканні Багданаўскага філіяла Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў, адзін з пакояў якога ўжо сёння аддадзены Рушчыцу. Надалей менавіта ў гэтым будынку павінен размясціцца сам музей. Галоўным упрыгажэннем пакоя з’яўлялася копія адзінай карціны мастака, што знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску, – “Ля касцёла”. На сценах былі развешаны творы беларускіх мастакоў, створаныя падчас пленэраў на багданаўскай зямлі, якія ладзяцца ў апошнія гады. І гэты антураж павінен быў накіраваць работу канферэнцыі ў патрэбным рэчышчы. Ён ствараў і адпаведны настрой.

Першым слова браў пан пасол. Конрад Паўлік адзначыў, што вельмі хацеў прыняць удзел у канферэнцыі і пабываць у Багданаве. Ён упэўнены: асоба Фердынанда Рушчыца зможа аб’яднаць і яшчэ больш зблізіць нашы народы. “Гэта чарговы мост паміж Польшчай і Беларуссю, паміж палякамі і беларусамі. Мы павінны прапагандаваць спадчыну мастака, якая з’яўляецца агульнаеўрапейскай, і выхоўваць на ёй моладзь”, – дадаў ён. Затым прысутных вітаў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, які паведаміў, што канцэпцыя дадзенага праекта адобрана ў райвыканкаме, пажадаў плённай работы.

Вялася прадметная размова пра будучы юбілей мастака і што магчыма зрабіць за тры гады да яго. Кожны з удзельнікаў меў што сказаць з гэтай нагоды. Унук мастака ўзгадаў: першы раз ён прыехаў на радзіму продка ў 1976 годзе і з таго моманту бывае тут даволі часта. Да падзеі падрыхтаваў цікавую прэзентацыю дакументаў і фатаграфій з сямейнага архіва, многія з якіх дэманстраваліся ўпершыню. Прысутныя мелі магчымасць убачыць, як выглядалі сядзіба Рушчыцаў, асобныя пабудовы, інтэр’еры пакояў дома, фатаграфіі самога мастака ў розныя гады жыцця, яго жонкі і дзяцей. На жаль, пабудовы на сядзібе практычна не захаваліся, значнай рэканструкцыі патрабуюць і фамільныя могілкі. Каб пачынаць якія-небудзь работы па аднаўленні, патрэбна вырашыць шэраг фармальных пытанняў, у тым ліку высветліць працэдуру перадачы зямлі пад будучы міжнародны культурны цэнтр імя Ф. Рушчыца. А на сённяшні дзень  гэта зямля належыць ААТ “Багданаўскае”. Перадача зямлі – справа не аднаго дня.

С. У. Вечар зазначыў, што ў арганізатараў праекта яшчэ ёсць магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі ЮНЕСКА і прадставіць неабходныя дакументы, каб 2020 год быў аб’яўлены Годам Рушчыца. Але для гэтага таксама варта паспяшацца. У сваю чаргу Нацыянальны мастацкі музей звязаўся з музейшчыкамі Літвы, Расіі, Украіны, каб дабіцца дамоўленасці на юбілейнай выставе ў Мінску выставіць карціны Ф. Рушчыца з іх фондаў. “Адным словам, “цягнік” зрушыўся з месца і яго ўжо не спыніць”, – дадаў прадстаўнік Нацыянальнага мастацкага музея.

Найбольш рэальныя планы па стварэнні музея. Аднак і тут удзельнікі пакуль што не прыйшлі да агульнай думкі: гэта будзе філіял раённага краязнаўчага музея альбо асобны музей. Затое польскія архітэктары – досыць вядомая ў архітэктурных колах спадарыня Эва Свідэр-Грабельна і яе памочніца Джаана Латала-Матысяк – паказалі сваю канцэпцыю, сваё бачанне музея. Яны прапанавалі стварыць музей з прымяненнем сучасных інтэрактыўных тэхналогій, куды было б цікава прыходзіць людзям рознага ўзросту: зрабіць там мабільныя выставы, у адной з залаў расказаць і паказаць гісторыю Багданава. Але пачынаць трэба не з музейнай экспазіцыі, а з капітальнага рамонту будынка.

…Доўгі час артыкул журналіста Леаніда Анопа з раённай газеты, надрукаваны ў кнізе “Памяць” нашага раёна, быў адзінай крыніцай ведаў пра вядомага мастака. Пра гэта ў сваім выступленні ўзгадала Ала Макарэвіч. Яна зрабіла невялікую справаздачу пра тую работу, якую раённы аддзел “Польска Мацеж Школьна” праводзіць па адраджэнні цікаўнасці да асобы Ф. Рушчыца, папулярызацыі яго творчасці і грамадскай дзейнасці.

Здаецца, тры гады, што аддзяляюць нас ад юбілею мастака, – значны час. Аднак бяжыць ён хутка, і працаваць усім зацікаўленым бакам на ўзроўні рэспублікі, вобласці і раёна давядзецца напружана, у інтэнсіўным рытме. Бо, як паказала канферэнцыя, у першую чаргу ёсць юрыдычныя пытанні, а іх хутка не вырашыш, патрэбны кампетэнтныя спецыялісты. Між тым, 17 кастрычніка стала кропкай адліку… Час пайшоў.

Наталля ШТЭЙНЕР

Фота Марыі КУШНІР

праект-зрушыуся

праект-зрушыуся2



Добавить комментарий