Адказвае натарыус…

    Падчас «прамой лініі», праведзенай загадчыкам натарыяльнай канторы раёна Марынай Рыгораўнай Целяжэвіч, паступілі чатыры пытанні. Усе яны тычыліся афармлення спадчынных правоў.

    Першы заяўнік пацікавіўся, ці варта ўвогуле афармляць спадчыну ў натарыуса.

Як вынікае з адказу, гэта не абавязак спадчынніка, а права. Але, як кажуць, ёсць нюанс. Для таго, каб пацвердзіць пераход правоў на спадчынную маёмасць, натарус выдае пасведчанне аб праве на спадчыну. Атрымліваць гэты дакумент ці не, справа асабістая. Аднак без яго той, хто атрымлівае маёмасць у спадчыну, скарыстацца ёй не зможа. Законам прадугледжаны тэрміны звароту да натарыуса. Калі іх прапусціць, у чалавека ўзнікае вялікая верагоднасць увогуле застацца без спадчыны. Таму адказ на зададзенае пытанне відавочны…

    Другі запыт стаў працягам першага. У якія тэрміны неабходна звяртацца да натарыуса за прыняццем спадчыны?

Марына Рыгораўна патлумачыла: прыняць маёмасць можна на працягу 6-і месяцаў з дня адкрыцця спадчыны. Адлік пачынаецца з дня, наступнага за днём смерці спадчынадаўцы, і да натарыуса неабходна звяртацца менавіта да заканчэння ўказанага тэрміну, а не пасля яго.

Акрамя агульнага тэрміну, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны і спецыяльныя тэрміны. Напрыклад, тэрмін падаўжаецца да 3-х месяцаў, калі ў спадчынніка ўзнікае права для прыняцця спадчыны, калі іншы спадчыннік адмовіўся ад яе менш чым за тры месяцы да заканчэння тэрміну прыняцця спадчыны.

Тэрмін можа быць падоўжаны да 9-і месяцаў для асоб, права на спадчыну ў якіх узнікае з-за таго, што іншыя спадчыннікі яе не прымаюць. Да прыкладу, завяшчанне састаўлена на карысць брата памерлага, а той не звяртаецца за спадчынай. У такім выпадку права на зварот за гэтай спадчынай у сына памерлага будзе дзейнічаць з 6-і да 9-і месяцаў.

    Яшчэ адзін чалавек спытаў натарыуса, што азначае «фактычнае прыняцце спадчыны».

Аказваецца, гэта ўступленне ў валоданне ці ўпраўленне спадчыннай маёмасцю. Напрыклад, пражыванне спадчынніка на дзень адкрыцця спадчыны ці на працягу ўстаноўленага для яе прыняцця тэрміну па адным адрасе са спадчынадаўцам. Спадчыннік павінен дакументальна пацвердзіць натарыусу факт прыняцця спадчыны, а калі ён фактычна прыняў яе, але адсутнічаюць пацвярджальныя дакументы, то тут неабходна будзе звяртацца ў суд.

Дарэчы, для чалавека, які фактычна прыняў спадчыну, няма тэрміну для звароту да натарыуса за атрыманнем пасведчання аб праве на спадчыну. Аднак пры гэтым трэба памятаць, што калі гэты грамадзянін пасля заканчэння ўстаноўленага тэрміну адмаўляе факт прыняцця спадчыны, то іншае даказваецца ў судовым парадку.

    «Як правільна заверыць або адмяніць завяшчанне?» – хвалявала абанента да другім канцы сувязі.

Сітуацыі, калі да натарыуса звяртаюцца з пытаннямі кшталту «А што будзе, калі я страчу свой экзэмпляр зявяшчання?» або «А як мае спадчыннікі даведаюцца, што я пакінуў завяшчанне?» і інш., – не рэдкасць. Падчас завервання завяшчання натарыус тлумачыць заяўніку, што пры яго жыцці гэты дакумент не мае юрыдычнай сілы, а значыць, у любы час можа быць зменены або і ўвогуле адменены. Нярэдкія і выпадкі, калі чалавек не можа ўспомніць, дзе канкрэтна было састаўлена завяшчанне, каб змяніць яго ўмовы. З 1 студзеня 2017 года любое заверанае завяшчанне падлягае ўнясенню ў адзіную электронную сістэму ўліку натарыяльных дзеянняў, а таму аднавіць дакумент нават у выпадку яго страты пры захаванні пэўных фармальнасцяў не складае цяжкасці.

Варта дадаць, што заверванне завяшчання прадстаўляе сабой натарыяльную тайну. Звесткі выдаюца пры жыцці толькі самому завяшчальніку, а пасля яго смерці – абмежаванаму колу асоб, якіх тычацца ўмовы, апісаныя ў тэксце, а таксама блізкім сваякам памерлага.

Дарэчы, пры ажыццяўленні натарыяльных дзеянняў уступае ў сілу сістэма льгот у аплаце. Скарыстацца імі могуць удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, інваліды I і II груп, а таксама пенсіянеры па прад’яўленні адпаведнага дакумента.

    Яшчэ адно пытанне прагучала ўжо пасля заканчэння «прамой лініі». Аднак мы ўсё ж прывядзём яго да ведама нашых чытачоў з-за актуальнасці тэмы. «У якіх выпадках патрабуецца натарыяльна завераны дазвол бацькоў, калі дзіця едзе за мяжу?»

Непаўналетнія грамадзяне могуць выязджаць за межы краіны па сваіх дакументах у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў. Гэта бацькі, усынавіцелі, апекуны і папячыцелі. Калі непаўналетні выязджае за мяжу ў суправаджэнні маці, якая можа дакументальна пацвердзіць свой статус, прад’явіўшы пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці або адзнаку ў пашпарце, пісьмовая згода бацькі на выезд не патрабуецца. У выпадку, калі бацька не згодны, ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду непаўналетняга. А вось калі непаўналетні выязджае за мяжу, напрыклад, у суправаджэнні бабулі, неабходна пісьмовая згода на выезд і бацькі, і маці.

Пісьмовая згода абодвух бацькоў патрабуецца, калі дзіця выязджае за мяжу на экскурсію, для ўдзелу ў розных культурных, спартыўных мерапрыемствах. З пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў непаўналетніх па сваіх дакументах дзеці могуць выязджаць з Беларусі ў саставе агульных або спецыяльных арганізаваных груп дзяцей, якія выязджаюць на аздараўленне за мяжу. Непаўналетнія могуць таксама выязджаць для лячэння ці кансультацыі з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні супрацоўніку органа пагранічнай службы рашэння камісіі Міністэрства аховы здароўя аб накіраванні непаўналетняга на лячэнне або кансультацыю за межы Рэспублікі Беларусь.

Пісьмовая згода законных прадстаўнікоў на выезд з Рэспублікі Беларусь непаўналетняга павінна быць засведчана натарыусам або службовай асобай, якая мае права здзяйсняць такое натарыяльнае дзеянне, або кампетэнтным органам ці службовай асобай замежнай дзяржавы.

У выпадку звароту да натарыуса за пасведчаннем згоды бацькам, усынавіцелям, апекунам, папячыцелям неабходна прадаставіць пашпарт і дакументы, якія пацвярджаюць роднасныя адносіны з дзіцем альбо ўстанаўленне апекі ці папячыцельства.

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars