Аб’яднаў храм

Нядаўна жыхары Дубіны, Кібуцяў, Лужанаў, Захвільцаў, Бурмакаў, Маршалак адзначылі 150-гадовы юбілей храма Святога Георгія Перамоганосца ў Дубіне. З гэтай нагоды адбылося святочнае набажэнства і хрэсны ход. Удзельнікамі сталі не толькі пастаянныя наведвальнікі, але нават тыя, хто сёння жыве далёка за межамі раёна. Мноства людзей на ўсё жыццё захавалі сувязь з роднымі мясцінамі і царквой, дзе хрысціліся, прымалі першае прычасце, вянчаліся, спявалі ў хоры…

Спецыяльна да святочнага дня быў заказаны абраз з выявай Лукі Крымскага ў драўляным разным кіёце. Набылі каштоўны падарунак Леаніда Зайкоўская, Марыя Мучынская, Ніна Чабай-Кудзіна і Аліма Зайкоўская-Цішурова. Даніну павагі прыходу аддаў дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Генадзь Вацлававіч Каспяровіч. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства шчыра вітаў айца Валерыя Яроміча, вернікаў, уручыў падарункі. Як адзначыў настаяцель, прыход адчувае пастаянны клопат кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі. Самі прыхаджане таксама шмат робяць для храма. Урачыстасць рыхтавалі агульнымі намаганнямі. Кожны стараўся ўнесці свой уклад у справу. Дубінскія гаспадыні, як звычайна, паказалі высокі клас кулінарнага майстэрства і накрылі цудоўны чайны стол. Трапеза адбылася ў царкоўным доме. Яго спецыяльна аднавілі для правядзення юбілейнага  мерапрыемства. Узнёслы настрой падтрымала і песня, прадстаўленая прыхаджанкай Тамарай Калядой. Свой твор таленавітая жанчына прысвяціла вёсцы Дубіне, што стала для яе радзімай, землякам і храму, які наведвае шмат гадоў. Пранікнёныя словы прагучалі хвалююча і кранальна:

Маліцца будзем кожны раз,

Каб светач нашых душ не гас.

Хай будуць з намі зноў і зноў

Надзея, вера і любоў!

На наступны дзень своеасаблівы падарунак дубінцам зрабілі работнікі культуры. У рамках Года малой радзімы тут, ля цэнтра культуры, адбыўся вялікі канцэрт калектываў “Дубінскія фанабэры” і “Сваякі”. Для дзяцей была арганізавана работа атракцыёнаў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars