Чароўны свет мастацтва

Культура

    У жыхароў і гасцей горада і раёна ёсць унікальная магчымасць далучыцца да свету хрысціянскай культуры. У Валожынскім краязнаўчым музеі праходзіць выстава «Свет душы» ўжо вядомай жыхарам раёна мастачкі Ядзвігі Сянько з Маладзечна.

Экспазіцыю складаюць 44 спісы з праваслаўных і каталіцкіх ікон. Кожная з карцін з’яўляецца мастацкай і рэлігійнай каштоўнасцю. Ніхто не застаецца раўнадушным хоць адзін раз убачыўшы работы гэтага аўтара. Яны прыцягваюць і захапляюць. Нельга адвесці вачэй ад Святых лікаў, позірк якіх, здаецца, пранікае ў глыб душы і бачыць самае патаемнае.

Нарадзілася Ядзвіга ў вёсцы Палачаны Маладзечанскага раёна ў каталіцкай сям’і. Асновы веры закладаліся з маленства. Яе бацька самастойна асіліў навуку ігры на аргане і служыў у касцёле. А ў час, калі пачалі адраджаць цэрквы і касцёлы, спатрэбіліся яго цяслярскія навыкі. У шматлікіх прыходах мужчына дапамагаў адбудоўваць алтары. Маці ж прыгожа малявала, гэта ўменне перадалося і дачцэ.

Ядзвіга Сянько – прафесіянальная мастачка, пасля школы вучылася ў студыі выяўленчага мастацтва, затым закончыла аддзяленне станковага жывапісу і графікі факультэта выяўленчага мастацтва Маскоўскага ўніверсітэта мастацтваў. Падчас перабудовы пачала працаваць у «Праваслаўнай кнізе». Гэта вызначыла далейшы лёс. Для жанчыны адкрылася дарога ў свет праваслаўнай іконы. З Божай дапамогай паступова самастойна асвоіла іканапіс, які ў першую чаргу патрабуе самадысцыпліны і засяроджанасці. Тэматыка хрысціянства захапіла цалкам. Ядзвіга атрымала благаславенне ад Філарэта мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі і 9 гадоў з ім супрацоўнічала. У гэты перыяд было напісана шмат ікон для цэркваў. Напрыклад, у Свята-Успенскім храме ў Маладзечне, для якога ў свой час бацька пабудаваў іканастас, знаходзіцца каля 30 яе абразоў. Пасля прыйшоў час, калі звярнулася да напісання каталіцкіх ікон.

Больш за 2000 работ на хрысціянскую тэматыку напісана Ядзвігай Сянько. Часцей на палотнах можна ўбачыць вобраз Багародзіцы. Сярод іх – іконы праваслаўнай Маці Божай “Замілаванне”, “Жыровіцкая”, “Неўвядальны цвет”, “Казанская”, а таксама каталіцкай “Бязгрэшнае сэрца”, “Браслаўская”, “Нястомная дапамога” і інш. “Вастрабрамская” ж шануецца прадстаўнікамі абедзвюх канфесій. Яна лічыцца  заступніцай зямель Літвы і Беларусі. Да гэтага вобраза звяртаюцца за дапамогай у сямейным жыцці.

Карціны мастачкі знаходзяцца ў многіх праваслаўных і каталіцкіх храмах Беларусі і за яе межамі, ва ўласных калекцыях краін Балтыі, Украіны, Расіі, Арменіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, Англіі, Бельгіі, ЗША. Працуе творца і ў жанрах пейзажа і нацюрморта, напісала каля 600 кветкавых кампазіцый.

З 2003 года больш за 200 персанальных выстаў ікон і карцін Ядзвігі Сянько прайшлі ў гарадах Беларусі і ўсюды мелі шырокі рэзананс. Наведвальнікі шчыра абмяркоўваюць убачанае, ёсць такія, што тэлефануюць і дзякуюць за духоўныя перажыванні, за тое, што прывяла да веры.

Падчас работы выставы жадаючыя могуць набыць любую ікону аўтара або атрымаць у работнікаў музея кантактны тэлефон мастачкі і зрабіць заказ на яе творчую работу.

Наш кар.

Фота Анжэлы РАДЫНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *