100 гадоў адкрыццяў, дасягненняў, развіцця

Официально

Напрыканцы мінулага тыдня ў РЦК прайшла ўрачыстасць, прымеркаваная да 100-годдзя ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

1 студзеня 2019 года наша краіна адзначыла векавую дату з моманту свайго існавання. Гэта цэлая эпоха нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння беларускага народа і станаўлення краіны. Яе гісторыя стваралася пакаленнямі моцных і таленавітых людзей, іх упартай працай. Таму на мерапрыемства былі запрошаны шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, былыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, члены працоўных калектываў.

Напачатку цікавы і вельмі грунтоўны экскурс у гісторыю зрабіла дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая. У сваім аповедзе яна зазірнула ў самы пачатак мінулага стагоддзя і ўзгадала важныя этапы доўгага гістарычнага развіцця і станаўлення краіны даўжынёй у век.

Як зазначыў у вітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, БССР заклала аснову сучаснай беларускай дзяржаўнасці, без якой не было б Рэспублікі Беларусь – незалежнай суверэннай дзяржавы. За 100 гадоў краіна прайшла складаны шлях свайго развіцця, ператварылася з адсталай аграрнай у высокаразвітую індустрыяльную дзяржаву. Важным этапам для развіцця беларускай дзяржаўнасці быў перыяд яе існавання ў складзе Савецкага Саюза. Праз многія выпрабаванні прайшоў наш народ: складаны даваенны перыяд, суровыя ваенныя гады, аднаўленне народнай гаспадаркі пасля разрухі. Працаўнікі Валожыншчыны ўнеслі годны ўклад у станаўленне і развіццё рэспублікі. Звання Героя Сацыялістычнай працы за добрасумленную працу і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё ўдастоіліся Лізавета Трафімаўна Валадкевіч і Зоя Макараўна Задора. У 70-80-гадах 27 перадавікоў раёна былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна, 16 – ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, 23 – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Шмат для раёна ў гэтыя гады, працуючы на адказных пасадах, зрабілі кіраўнікі Канстанцін Канстанцінавіч Хвянько, Анатоль Мікалаевіч Зязетка, Аляксандр Хрыстафоравіч Чаеўскі, Анатоль Іванавіч Дылеўскі. Слаўныя старонкі ў працоўны летапіс раёна ўпісалі ветэраны працы Уладзімір Іванавіч Глябовіч, Леанід Андрэевіч Вечар, Файба Лазаравіч Гольдшмідт, Маісей Давыдавіч Віткін, Мікалай Сцяпанавіч Шчуцкі, Софія Ігнацьеўна Кавяза, Марыя Антонаўна Шакун і многія іншыя, чый вопыт і традыцыі па праве прымнажае маладое пакаленне. Сапраўдным падарункам для валожынцаў стаў гімн Валожынскай зямлі, які напісаў у 2000 годзе да юбілею раёна наш зямляк, паэт Сяргей Сяргеевіч Маляўскі. Вялікі ўклад у развіццё навукі і мастацтва нашых землякоў – акадэмікаў Івана Іванавіча Ліштвана, Віктара Антонавіча Каваленкі, Вячаслава Пятровіча Рагойшы, прафесараў, доктараў навук Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца, Якава Валянцінавіча Радыны, Васілія Іванавіча Карзюка, яркіх прадстаўнікоў культуры – заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага і яго дачкі – заслужанай артысткі краіны Ядвігі Паплаўскай. Сённяшняе пакаленне Валожыншчыны паспяхова працягвае добрыя традыцыі і аддана працуе дзеля дабрабыту рэгіёну і Рэспублікі Беларусь.

З нагоды юбілейнай даты і за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена члену Валожынскай раённай ветэранскай арганізацыі С. С. Маляўскаму і старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А. І. Клачко.

Трымаючы ў руках заслужаную ўзнагароду, Сяргей Сяргеевіч адзначыў: “Наша пакаленне нарадзілася менавіта ў БССР, атрымала адукацыю і прафесію. Мы працавалі на карысць Беларусі і свайго роднага Валожынскага раёна. Мабыць, зараз тыя паказчыкі, якіх дасягалі у свой час, і не ўражваюць у параўнанні з сённяшнімі лічбамі. Але з упэўненасцю магу сказаць: мы рабілі ўсё магчымае, каб беларускі народ быў шчаслівы. Моладзі жадаю ганарыцца тым, што жывуць на зямлі, якая з’яўляецца частка незалежнай Рэспублікі Беларусь”. Алена Іванаўна, у сваю чаргу, са сцэны падкрэсліла, што цяперашняе пакаленне будуе краіну на трывалым фундаменце, які закладзены мазолістымі рукамі людзей савецкага часу. Яна спадзяецца, што ідэі, светапогляд, інтэлектуальны патэнцыял, канкрэтныя справы нашчадкаў таксама будуць садзейнічаць развіццю нашай сінявокай Беларусі. А поспехі і дасягненні валожынцаў будуць праслаўляць Валожынскі край і ўсю краіну ў цэлым.

На святочнай урачыстасці гучала шмат прыемных слоў і музычных нумароў у выкананні самадзейных артыстаў раёна, якія ўслаўлялі нашу Радзіму – Беларусь. Няхай жа і надалей яна толькі расцвітае з кожным днём, а мы, яе жыхары, у гэтым ёй дапаможам!

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Віталя МЫШЛЁНА

Старшыня раённага Савета дэпутатаў П. І. Бібік уручае Падзяку С. С. Маляўскаму.

Заслужаныя людзі Валожыншчыны: З. С. Лужынскі, Р. М. Русакевіч, С. С. Маляўскі, М. С. Шчуцкі, П. І. Бібік, Т. Ф. Ціганіна, В. Ф. Селівон, А. І. Санталаў.

Спяваюць Мікалай Шаўцоў і Таццяна Бандарэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *