Небяспечнае выпальванне травы

За надыходам першага цяпла многія ўладальнікі сядзіб пачынаюць актыўна наводзіць парадак на сваіх участках і сабранае смецце нярэдка проста паляць. Зразумела, што наймаць транспарт або самому вывозіць на палігон сухое расліннае смецце ці абрэзанае галлё вельмі дорага і патрабуе шмат часу. На гэта не ўсе згаджаюцца, пераважная большасць ладзіць вогнішчы. Трэба адзначыць, што заканадаўствам гэта не забараняецца. Але пры выкананні вельмі простых умоў: не паліць вогнішчы пры моцных парывах ветру; не запальваць на карані сухую траву і пажніўныя астаткі; пастаянна кантраляваць агонь; трымаць каля сябе рыдлёўку і вядро з вадой.

Ці прытрымліваюцца ўладальнікі сядзіб гэтых патрабаванняў? Як сведчыць статыстыка, не ўсе жыхары раёна адказна ставяцца да сваёй бяспекі. У 2018 годзе выратавальнікі 173 разы выязджалі на загаранні сухой расліннасці. Пажары, што звязаны з яе спальваннем, часта прыводзяць да цяжкіх наступстваў: пагражаюць жыццю, здароўю і маёмасці грамадзян. Прычынамі з’яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, нядбайнасць, хуліганства або наўмысны падпал. З мэтай недапушчэння ўзнікнення пажараў з-за палу сухой расліннасці і смецця супрацоўнікі Валожынскага РАНС штодзённа выязджаюць ў сельскую мясцовасць, каб нагадаць пра элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Асноўная задача ўдзельнікаў рэйдаў – правядзенне гутарак з насельніцтвам аб неабходнасці выканання супрацьпажарных правіл.

Пры моцным ветры полымя можа распаўсюджвацца з хуткасцю да 1 метра ў секунду. Як паказвае вопыт мінулых гадоў, у большасці выпадкаў ад агню гінуць людзі сталага ўзросту, якія пры спальванні смецця на прысядзібных участках не разлічвалі свае сілы па кантролі за агнём. Літаральна за хвіліну, на першы погляд кантраляванае гарэнне можа ператварыцца ў пажар. Так, у Гомельскай вобласці 16 сакавіка загінула жанчына 1939 года нараджэння, якая вырашыла навесці парадак на прыватным падвор’і і не знайшла нічога прасцей, чым падпаліць смецце і леташнюю сухую траву.

Нярэдка даводзіцца чуць, асабліва ад людзей у гадах, што яны дакладна ведаюць, як правільна паліць кастры, і вучыць іх гэтаму не трэба. На жаль, такіх людзей «вучаць» толькі трагічныя здарэнні, што таксама ў папярэднія гады рэгістравалася на тэрыторыі Валожыншчыны. У нашым раёне ў бягучым годзе ўжо зафіксаваны выезд на тушэнне сухой травы каля вёскі Руднікі Вішнеўскага сельскага савета. На шчасце, абышлося без пацярпеўшых.

Нагадваем: выпальванне сухой расліннасці, паржышчавых рэшткаў, траў на корані катэгарычна забаронена. За парушэнне гэтай забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь санкцыяй артыкула 15.57. за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь. На тэрыторыі баз адпачынку, дачнага кааператыва, садаводчага таварыства, прыдамавой тэрыторыі жылога дома дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для палаючага вугалю (мангала, барбекю, грылю і аналагічных) пры ўмовах прыняцця мер па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі, пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і забеспячэння сродкамі тушэння. Пасля заканчэння гатавання ежы падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення. Распальваць вогнішчы можна толькі на адлегласці не менш за 15 м ад будынкаў і збудаванняў, асабліва дарўляных, 20 м ад лясных масіваў, 30 м ад скірдаў сена і саломы, размяшчаць спецыяльныя прыстасаванні для гатоўкі ежы – не менш за 4 м ад пабудоў.

Валожынскі РАНС

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars