Быць гаспадаром на зямлi

Культура

Сёння ўсё часцей чуваць меркаванні пра тое, што на зямлі разбагацець немагчыма. Цяжкая праца, пастаянная залежнасць ад надвор’я, вечны пошук рынкаў збыту… Першы на валожынскай зямлі фермер Мікалай Васільевіч СІЛІН мае наконт гэтага ўласную думку.

“Сапраўды, – сцвярджае чалавек, які трыццаць гадоў таму ўзяў у арэнду свае першыя гектары і распачаў работу на іх, – бізнес на зямлі – складаны, але, калі хтосьці назаве яго стратным, той не ведае пра сялянскую справу нічога”. Аграрый са стажам раіць не забываць, што здаўна нашы продкі верылі: “Зямелька пракорміць”, і тут жа цытуе радкі Якуба Коласа:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля – аснова ўсёй Айчыне.

Карані яго на Магілёўшчыне. Вялікі хутар Сцяпанаў калісьці належаў продкам. Пры імператрыцы Кацярыне Вялікай зямлю ў падарунак ад улады атрымаў прашчур – валасны пісар. Даўнія падзеі сталі сямейнай легендай, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Мікалай усё дзяцінства разам з бацькамі шчыраваў на “сотках”. Самыя раннія ўспаміны: вось ён, малы, нясе бацьку абед падчас сяўбы, а вось – катаецца на плузе і шчыра ўяўляе сябе якасным памагатым… Яшчэ школьнікам разам з сябрамі працаваў у саўгасе. Хлапчукам давяралі коней, і яны вазілі сена, салому, буракі. Было весела, да таго ж адказна. Вучыўся таксама добра. З пачатковых класаў школы палюбіў матэматыку. Рана зразумеў: з дапамогай царыцы навук можна разлічыць любыя дзеянні і максімальна дакладна спрагназаваць іх вынік. Пазней, калі пачаў вывучаць фізіку, канчаткова вызначыўся з кірункам у адукацыі. Вырашыў: будзе тэхнаром. Пасля школы спрабаваў паступіць у Харкаўскае вышэйшае ваеннае вучылішча. З-за траўмы рукі (дзіцячае свавольства) не атрымалася. Засмучацца сам сабе не дазволіў, разважыў наступным чынам: спачатку армія, пасля – вучоба. Служыў у ракетных войсках у Сумской вобласці. З сялянскай грунтоўнасцю выконваў грамадзянскі абавязак на выдатна, таму яго імя занесена ў Кнігу гонару часці.

Развітаўшыся са службай, паступіў у Мінскі політэхнічны інстытут (зараз – БНТУ) на аўтатрактарны факультэт. Усе гады, пачынаючы з другога курса, быў заўзятым будатрадаўцам. Такім чынам з маладых гадоў прывык мець уласныя грошы. Тое, што даход той даваўся нялёгка, не бянтэжыла. Яго так выхавалі: працуеш – маеш, не хочаш прыкладваць намаганні – не скардзіся на пустыя кішэні.

У маладога спецыяліста-чырвонадыпломніка аказалася прывілея – можна было выбіраць першае працоўнае месца. Размеркаваўся загадчыкам гаража ў адну з арганізацый Заслаўя, затым – перавод у Барысаў. Тут працаваў начальнікам аўтабазы. Далейшы рух па службовай лесвіцы і набыты прафесійны вопыт уражваюць: дырэктар сталічнай СТА, галоўны інжынер аўтабазы горздраўаддзела Мінгарвыканкама, намеснік начальніка ўпраўлення “Белмагістраль” (міжнародныя перавозкі). Прыкладна тады набыў дом і надзел зямлі ў Ганчыцах. Здзейсніць пакупку вымусіла жыццё. Патрэбна было тэрмінова перасяляць з забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі бацьку. Для пажылога ветэрана, які перад гэтым страціў жонку, пераезд стаў сапраўдным выпрабаваннем. Не паспеў клапатлівы сын уладкаваць старога чалавека на новым месцы, узнікла яшчэ адна праблема: у бацькі дыягнаставалі анкалогію. У той год, згодна з пастановай пленума ЦК КПСС “Аб арэндзе зямлі”, упершыню ў СССР калгасам было дазволена здаваць у арэнду ўласнікам пасяўныя плошчы. Мікалай, вымушаны даглядаць хворага, пераехаў на Валожыншчыну. Так, у адзін момант, карэнным чынам памяняўся вектар яго жыцця.

Ён арандаваў 38 гектараў зямлі ў калгасе “Зара”, набыў гусенічны трактар. У першы год бульба і грэчка ўдаліся на славу. Ён, тады яшчэ зусім малады чалавек, не баяўся рызыкаваць. Браў крэдыты, купляў тэхніку, паступова павялічваў арэндную плошчу. Нягледзячы на няўдачы (а яны здараліся не аднойчы), смела ішоў уперад. Калі ж сустрэў сваю другую палавіну Святлану, якая стала і жонкай, і матуляй іх дзецям, і памочніцай, і дарадцам, жыццё набыло сапраўдны сэнс. Яны разам будавалі дом, вучыліся, пашыралі бізнес. Сёння побач з бацькамі – сын Дзмітрый з сям’ёй. Яго сястра Хрысціна пакуль падтрымлівае каманду ў асноўным маральна. Яна – спецыяліст у сферы турызму. Што будзе далей? Ці далучацца да бізнесу дачка і ўнукі – невядома, але ж муж і жонка Сіліны ўпэўнены, што ўсё будзе так, як павінна. Зараз іх сялянская гаспадарка – гэта 560 гектараў палеткаў, два дзясяткі адзінак тэхнікі, гаспадарчыя пабудовы і цэлы штат работнікаў, якія цэняць свае працоўныя месцы і строгага, але справядлівага гаспадара.

Тое, чаго не ведае пра сельскую справу гэты чалавек, здаецца, і ведаць не патрэбна. Ён – часты госць на тэлебачанні, яго лёс і прафесійны вопыт не аднойчы былі падставамі для публікацый у перадавых СМІ Беларусі. Пяць гадоў ён уваходзіў у склад Савета аграрыяў краіны. Тым не менш, па сённяшні дзень працягвае вучыцца. Сябруе са сваімі калегамі з Беларусі і замежжа. Неаднаразова бываў у краінах, дзе фермерства знаходзіцца на высокім узроўні, – Галандыі, ЗША, Германіі. На працягу трох дзесяцігоддзяў старанна заваёўваў рэпутацыю надзейнага партнёра. Сёння бульба ад Сіліна пастаўляецца ў шэраг еўрапейскіх краін. А гэта – сур’ёзнае пацверджанне якасці прадукту.

Мікалай не саромеецца расказваць пра ўласныя памылкі. Хто ад іх застрахаваны? Але ж сялянскія магутныя гены ніколі не дазвалялі яму апускаць рукі. Перфекцыяніст па натуры, добры знаўца сельгасвытворчасці, упарта імкнецца да найлепшага выніку. Уладальнік дыплома інжынера даўно стаў спецыялістам шырокага профілю. Выдатна разбіраецца ў бухгалтэрыі, аграноміі, заатэхніі і ветэрынарыі (быў час, калі развялі свіней і кароў).

Мы размаўляем з М. Сіліным у яго ўтульным доме, дзе, дарэчы, хапіла месца і для офіса. Гаспадар, размясціўшыся ля каміна, за кубкам кавы весела і адкрыта дзеліцца фактамі са свайго жыцця. Аж не верыцца, што пачыналася ўсё з невялікага вагончыка, што калісьці замяняў яму жыллё на новым месцы, і трактара, на якім упершыню асабіста выехаў на палеткі…

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *