Акорды вальса выпускнога адкрылi шлях у дарослы свет…

Официально

У мінулую суботу на плошчы Свабоды Валожына прайшоў раённы выпускны баль. Свята сабрала 198 выпускнікоў з 11 устаноў адукацыі.

Як заўжды, гэта падзея знайшла гарачы водгук у сэрцах педагогаў, бацькоў і, вядома ж, саміх вучняў, якія ўжо пераступілі мяжу дзяцінства і рыхтуюцца стаць на дарогу дарослага жыцця. Якім яно будзе? Канешне, энергічным, бязвоблачным, напоўненым радаснымі падзеямі і спаўненнем задуманых планаў. На гэта спадзяваліся кожны юнак і дзяўчына, пад промнямі спякотнага чэрвеньскага сонца развітваючыся са школай.

Павітаць выпускнікоў, узнагародзіць медалістаў, таленавітых і творчых – ужо былых – школьнікаў, папрысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі прыйшлі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта.

У прыватнасці, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, акрамя шчырых пажаданняў светлай будучыні, уручыў залатым і сярэбраным медалістам Падзячныя лісты старшыні райвыканкама і грашовыя стыпендыі – за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Валожыншчыны і выдатныя поспехі ў вучэбнай дзейнасці. Іх уладальнікамі сталі івянчане Таццяна Бяззубенка, Дар’я Бібік, Вадзім Богдан, Ксенія Дзядзейка, Аліна Жыбрык, прадстаўнікі Ракаўскай сярэдняй школы Вікторыя Ефіменка, Дзіяна Кулік і Уладзіслаў Прахоркін. У ліку выдатнікаў таксама – Ілля Кербедзь і Арцём Лужынскі з СШ № 2 г. Валожына, выпускнікі сярэдняй школы №1 райцэнтра Максім Кіслы, Максім Протас і Марыя Цмыкава, а таксама нядаўнія гімназісткі Кацярына Мініна, Вераніка Рыцікава і Вераніка Садоўская. Усе яны з гонарам ішлі да сцэны разам з бацькамі, якім таксама былі ўручаны Падзякі. Дастойна выхаваць дзяцей – нялёгкая праца, але з гэтым таты і мамы справіліся, па сённяшняй сістэме адзнак, на «дзясятку».

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала, якую запрасілі на сцэну наступнай, уручыла Падзякі свайго ведамства за дасягненне высокіх вынікаў у вучэбнай дзейнасці на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Азначаныя дакументы, грашовыя стыпендыі (і, вядома ж, Падзячныя лісты бацькам) былі ўручаны выпускніцы Вішнеўскай школы-сада Яне Бітэль, Паўлу Лявінскаму, Марце Протас і Ганне Юхневіч з Івянецкай школы, выпускнікам гімназіі №1 райцэнтра Мікіце Жуку, Дар’і Кашкан, Станіславу Страчко і Вікторыі Пашкоўскай.

А яшчэ ў рамках сваёй місіі Таццяна Мікалаеўна назвала пераможцу раённага конкурсу ў намінацыі «Самы класны КЛАСНЫ». Гэтага пачэснага звання ўдастоена класны кіраўнік 11 «А» Івянецкай сярэдняй школы Ірына Мікалаеўна Чуйко (на здымку).

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч уручыў выпускнікам, якія вызначыліся актыўным удзелам у культурным жыцці раёна, дыпломы і памятныя падарункі. Сярод узнагароджаных – удзельніцы ўзорнага клуба «Грацыя», выпускніцы гарадскіх школ і гімназіі Дзіяна Барбашынская, Марыя Даманская, Алеся Загорская, Настасся Зайкоўская, Кацярына Петрычэнка, Дзіяна Рудовіч, удзельніца ўзорнага тэатра «Вандроўка» Дар’я Вярбоўская (Івянец), удзельніцы ўзорнага харэаграфічнага калектыву «Раніца», гімназісткі Алеся Дубініна і Алена Южык, а таксама нядаўнія школьніцы з Ракава, якія мацавалі талентам ўзорны фальклорны калектыў «Вянок», – Марыя Жабко, Паліна Курыла, Паліна Ляшчынская, Ганна Назарава, Вераніка Станкевіч і Валерыя Ушацкая.

Старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», дырэктар гімназіі №1 райцэнтра Алена Іванаўна Клачко за актыўную жыццёвую пазіцыю, адкрытасць і мэтанакіраванасць адзначыла дыпломамі і памятнымі падарункамі Аляксандра Гарушку (Івянецкая СШ), Паліну Казак (СШ № 2), Міхаіла Радыну (гімназія № 1) і Таццяну Субач (СШ № 1).

Ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Веранікі Віктараўны Загорскай за адказнасць і працоўную актыўнасць дыпломы і памятныя падарункі атрымалі Настасся Баталава з Сакаўшчыны, Дзіяна Бабровіч з Пугачоў, івянчанін Андрэй Садоўскі і прадстаўнік Ракаўскай школы Аляксандр Сяўрук.

Школьнае жыццё насычана добрымі справамі. Сярод іх асобнае месца займае валанцёрская дзейнасць як складаючая частка агульнай работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Старшыня раённай арганізацыі гэтай структуры Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская ўзнагародзіла Іллю Паташа, Юлію Суботу, Анжаліку Трыпуцька і Артура Харлінскага. Гэта выпускнікі СШ № 2, Гародзькаўскай, Багданаўскай і Дорскай школ-садоў адпаведна.

Вельмі дарэчы падчас раённага выпускнога балю была адзначана значнасць і адказнасць мацярынскай місіі. За дастойнае выхаванне дзяцей старшыня райарганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Галіна Фадзееўна Рай узнагародзіла матуль выпускнікоў – Ірыну Леанідаўну Жданюк, Наталію Станіславаўну Казак, Таццяну Міхайлаўну Морскую, Ніну Яўгенаўну Радына і Наталлю Іосіфаўну Шыманскую.

 

Знайшлося што сказаць у адказ і самім героям свята. Выпускнікі-2019 падзякавалі бацькам, настаўнікам, кіраўніцтву Валожыншчыны за цярпенне і мудрыя парады, за веру ў сваіх дзяцей і вучняў, за дадзеныя веды, навуку дабівацца пастаўленых мэт, усведамляць адказнасць за ўчынкі, за падтрымку ініцыятыў, пастаянную ўвагу да праблем і патрэб моладзі. І ўзляцелі высока ў блакітнае неба белыя паветраныя шарыкі – сімвал лепшых памкненняў і надзей, якія рана ці позна, але абавязкова збудуцца…

А затым учарашнія школьнікі запрасілі прысутных акунуцца ў цудоўную атмасферу нестарэючага развітальнага вальса. Сапраўдны танцавальны фестываль атрымаўся: кожная навучальная ўстанова падрыхтавала ўмела зрэжысіраваныя і пастаўленыя харэаграфічныя нумары. І выпускнікі – маладзенькія, далікатна-вытанчаныя, пластычныя – прымушалі захапляцца кожным без выключэння выступленнем. Застаецца падзякаваць таксама і работнікам раённага Цэнтра культуры, пры падтрымцы якіх выпускны баль прайшоў на «выдатна».

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *