Каб дыягназ быў правiльным

Общество

З добрым настроем сустракае прафесійнае свята калектыў клініка-дыягнастычнай лабараторыі – аднаго з самых важных звенняў дыягнастычнай работы медыцынскіх устаноў раёна.

Сёння ў сучасным, аснашчаным высокатэхналагічным абсталяваннем, структурным падраздзяленні УАЗ “Валожынская цэнтральная раённая бальніца” выконваецца шырокі спектр даследаванняў: ад агульнаклінічнага аналізу крыві да вызначэння дыягнастычных паказчыкаў пры складаных захворваннях.

Каманда ўрачоў, фельчараў-лабарантаў, прадстаўнікоў малодшага медперсаналу пад кіраўніцтвам маладога ўрача лабараторнай дыягностыкі Юліі Васільеўны Шкуратавай робіць усё магчымае для таго, каб іх калегі розных спецыяльнасцей маглі беспамылкова вызначыць стан пацыента і назначыць адпаведнае лячэнне. У райбальніцы няма ніводнага аддзялення, работа якога б не залежала ад таго, наколькі якасна спраўляюцца са сваімі задачамі супрацоўнікі лабараторыі. У адміністрацыі заўважаюць: кваліфікацыя персаналу – на самым высокім узроўні. Іх вопыт і ўменне быць на «ты» з найноўшай апаратурай дазваляюць зменшыць тэрмін выканання аналізаў, павялічыць верагоднасць іх дакладнасці, пашырыць пералік платных паслуг для насельніцтва. Вялікім крокам наперад можна лічыць даследаванні сістэмы гемастаза, гарманальнага статусу, анкамаркераў.

У мінулым годзе праведзены капітальны рамонт усіх кабінетаў. Як адзначаюць самі медыкі, працаваць стала зручней, ды і пацыенты адчуваюць сябе больш камфортна, што разам з якасцю работы – галоўнае ў іх дзейнасці.

Былая загадчык І. В. Багданкевіч – дэлегат з’езда ўрачоў лабараторнай дыягностыкі, уладальніца Ганаровай граматы Міністэрства аховы здароўя – прысвяціла даследчай медыцынскай дзейнасці 42 гады. Ірына Васільеўна падзялілася думкай: “Раней даводзілася многія работы выконваць літаральна ўручную, зараз жа якаснае, дарагое абсталяванне з сучаснымі рэактывамі ў многім спрашчае работу. Прычым гэта ні ў якім разе не зніжае нашу адказнасць за вынік”.

Персанал лабараторыі – не вялікі, але дружны калектыў высокакваліфікаваных прафесіяналаў-аднадумцаў, пра што сведчаць выдатныя паказчыкі, адсутнасць цякучкі кадраў, узаемная павага і добразычлівасць. Дарэчы, паколькі лабараторныя работы праводзяцца штодзённа, у тым ліку і ў выхадныя дні (хто ведае, калі і ў якім з аддзяленняў узнікне патрэба ў тэрміновых аналізах), наладжана дзяжурства па зменах, а гэта азначае 100-працэнтную замяняльнасць. “Мы ўсе ўмеем усё”, – сцвярджаюць сур’ёзныя, але неверагодна прыгожыя, ветлівыя і ўсмешлівыя жанчыны, на чыіх плячах – адказнасць за здароўе і жыцці людзей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

На здымку: калектыў клініка-дыягнастычнай лабараторыі Валожынскай ЦРБ Ірына Міхайлаўна КЛІМОВІЧ, Ала Яўгенаўна МОШКА, Юлія Васільеўна ШКУРАТАВА, Эла Юльянаўна СТАСЯЛОВІЧ, Ірына Васільеўна БАГДАНКЕВІЧ, Наталля Паўлаўна ІОШЫНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *