Годна паказалi сябе сандружыны раёна

Общество

Спаборніцтва санітарных фарміраванняў арганізацый і ўстаноў раёна, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя, вывучэне і распаўсюджванне перадавога вопыту, нядаўна прайшло на тэрыторыі ўрочышча “Жоўты Бераг”.

Арганізацыйны камітэт узначаліў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Балінаў. Таксама ў яго ўвайшлі начальнік Валожынскага РАНС Аляксандр Сівы, галоўны ўрач Валожынскай ЦРБ Павел Ганчар, галоўны санітарны ўрач РЦГіЭ Павел Сарока, старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання ДСНС і ГА РАНС Алег Калітнік. Вялікая падрыхтоўчая работа была праведзена старшынёй раённага Таварыства Чырвонага Крыжа Антанінай Трацэўскай.

Удзел у конкурсе прынялі чатыры каманды. Валожынскі РГЗ філіяла ВУ “Дзяржынскгаз” прадстаўляла санітарнае звяно. Дружыны з трох звёнаў накіравалі Валожынскі вытворчы ўчастак ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Для правядзення турніру на “Жоўтым Беразе” былі спецыяльна падрыхтаваны і абсталяваны пляцоўкі для кожнага этапу спаборніцтваў.

Чарговасць удзелу санітарных дружын грамадзянскай абароны ў конкурсах вызначылася жараб’ёўкай. Камандзіры атрымалі свае нумары і ацэначныя маршрутныя лісты. Спаборніцтвы пачаліся.

На першым этапе судзейская камісія, у склад якой увайшлі работнікі МНС, урачы райбальніцы, супрацоўнікі РЦГіЭ, ва ўсяго персаналу правярала камплектнасць аснашчэння і ўкладанняў у санітарную сумку, а таксама ўменне карыстацца прадметамі табельнай маёмасці. На другім – дэманстравалася работа сандружыны ў ачагу камбінаванага паражэння. Тут знаходзіліся пацярпелыя, ролю якіх выдатна выконвалі навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя, з траўмамі рознай ступені цяжкасці, ім неабходна было зрабіць штучную вентыляцыю лёгкіх, непрамы масаж сэрца і інш. Прычым у сітуацыйных задачах паказвалася толькі сімптаматыка пашкоджанняў. Трэці – прадстаўляў сабой ачаг хімічнага паражэння. Спецыяльныя дошчачкі апавяшчалі, якімі атрутнымі рэчывамі ён утвораны, а таксама напрамак ветру. Удзельнікі спаборнічалі ва ўменні правільна правесці медыцынскую разведку і сарціроўку пацярпелых з паражэннямі рознай ступені цяжкасці і рознымі відамі атрутных рэчываў. На чацвёртым этапе каманды чакаў ачаг інфекцыйнага захворвання. Ён уключаў у сябе тры ўчасткі праверкі практычных навыкаў. Канкурсанты павінны былі расказаць, як правесці пакватэрны абход з мэтай выяўлення захварэўшых, зрабіць адборы проб вады, паветра, глебы, прадуктаў харчавання, падрыхтаваць дэзынфікуючыя растворы для наступнага абеззаражвання і інш. Пяты – праводзіўся з мэтай вызначэння ўзроўню тэарэтычных ведаў і выяўлення найбольш падрыхтаваных удзельнікаў спаборніцтваў.

Пасля таго, як усе этапы былі пройдзены, адбыўся агляд мастацкай самадзейнасці. На жаль, музычныя нумары прадставілі толькі каманды Валожынскага РГЗ філіяла ВУ “Дзяржынскгаз” і Валожынскага вытворчага ўчастка ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Дружнае выступленне апошняй падтрымалі ўсе, хто сабраўся ў гэты дзень на беразе Бярэзіны. Судзейская камісія з задавальненнем разгледзела насценныя газеты, што былі падрыхтаваны да конкурсу, і вызначылася з ацэнкамі за іх.

Падчас агульнага пастраення намеснік старшыні аргкамітэта А. І. Сівы аб’явіў вынікі спаборніцтваў і правёў цырымонію ўзнагароджання. Лепшым камандзірам быў прызнаны В. М. Шакун з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. 1-е месца заваявала каманда Валожынскага вытворчага ўчастака ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, якой прысвоена званне “Лепшая санітарная дружына Валожынскага раёна”. 2-е месца ў прадстаўнікоў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, 3-е – у санітарнага фарміравання ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Дыплом удзельніка атрымала звяно Валожынскага РГЗ філіяла ВУ “Дзяржынскгаз”. Судзейскай камісіяй былі вызначаны і найбольш дасведчаныя ўдзельнікі кожнага этапу конкурсу. Імі сталі В. А. Дацык, Л. І. Шакун, К. І. Гаспарэвіч, А. А. Місевіч.

Спаборніцтвы дазволілі ацаніць агульны ўзровень падрыхтоўкі, на практыцы замацаваць адпрацоўку дзеянняў ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных, а ўрачысты настрой і добрае надвор’е дапамаглі сандружынам годна прайсці ўсе іспыты.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *