За вопытам у Аўстрыю

Общество

У рамках праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю”, што фінансуецца агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці, актывіст раённай арганізацыі “БелАДДіМІ”, валанцёр мноства дабрачынных ініцыятыў Аляксей Шчарбачэвіч у складзе дэлегацыі ад Рэспублікі Беларусь пабываў у Аўстрыі.
У Вену і Лінц прадстаўнікі грамадскай арганізацыі наведаліся з мэтай знаёмства з вопытам па стварэнні ўмоў для самастойнага пражывання і абароны правоў маладых людзей з інваліднасцю. Як паведаміў Аляксей, прадстаўнікі Беларусі ў рамках візіту пабывалі ў сацыяльных установах, дзе пражываюць, вучацца і працуюць юнакі і дзяўчаты з даволі складанымі дыягназамі.
У Лінцаўскім універсітэце адбылося знаёмства з арганізацыяй “Kompitenz”. Адзін з кірункаў яе дзейнасці – развіццё так званай яснай мовы, якая даступна для людзей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця і парушэннямі моўнага апарату. Пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў тут ладзяцца заняткі па самаадвакатаванні, праводзяцца сацыялагічныя даследаванні.
Наведалася група і ва ўстанову “Caritas San Pils”. Гэта штосьці накшталт спецыялізаванага інтэрната, дзе пражываюць і працуюць 115 маладых людзей з інваліднасцю. Жылыя памяшканні і майстэрні абсталяваны з улікам розных відаў абмежаванасці. На высокім узроўні наладжана працоўнае навучанне, ёсць сістэма настаўніцтва. Цікава, што поўнасцю адсутнічаюць нормы выпрацоўкі. Работнік, у залежнасці ад магчымасці, можа стварыць у дзень адну рэч, а можа і дзесяць – аплата аднолькавая. Аднак усе стараюцца зрабіць як мага больш і выключна якасна. Прадукцыю, у асноўным сувеніры, аксесуары, паліграфію, вырабы з пластмасы для быту, заказваюць нават вядомыя фірмы – настолькі высокі ўзровень якасці. Добра прадуманы ўвесь вытворчы працэс – кожны робіць тое, што менавіта ў яго атрымліваецца лепш. Ёсць уласны магазін, дзе вырабы прадаюцца даволі танна. Правы работнікаў з абмежаванымі магчымасцямі абараняе спецыяльны прафсаюз.
Дарэчы, у Аўстрыі ўсе сацыяльныя праграмы фінансуюцца дзяржавай, і, трэба адзначыць, на стварэнне інклюзіўнага грамадства там не шкадуюць сродкаў. Безбар’ернае асяроддзе – на самым высокім узроўні. Уражвае грамадскі транспарт, якім без усякіх складанасцей могуць карыстацца калясачнікі. Шмат зроблена для людзей з праблемамі зроку і слыху. Нашага земляка ўразіла, наколькі высокатэхналагічным з’яўляецца ў Аўстрыі жыццё людзей з інваліднасцю. Самаабслугоўванне, перамяшчэнне ў прасторы, камунікацыя, работа, у тым ліку і на адлегласці – усё гэта вырашаецца з дапамогай ІТ.
Аляксей адзначыў, што мы, валожынцы, па многіх кірунках з’яўляемся паслядоўнікамі лепшых сацыяльных пачынанняў еўрапейскай краіны, а наш райцэнтр у апошняе дзесяцігоддзе трывала ўсталяваўся сярод лідараў па стварэнні інклюзіўнага грамадства на ўзроўні рэспублікі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *