Спакой нам толькi снiцца…

Аграрный сектор и промышленность

Нядаўна ў спісе сельгаспрадпрыемстваў раёна з’явілася КСУП “Валожынскае”. Сёння мы пазнаёмім вас, паважаныя чытачы, з яго дырэктарам Генрыхам Генрыхавічам ПАЛОЙКАМ. Малады, але досыць вопытны кіраўнік на Валожыншчыне – чалавек не новы. Быў намеснікам кіраўніка ў ААТ “Тарасава”, затым два гады ўзначальваў ААТ “Суднікаўскі”. Новае назначэнне атрымаў у красавіку бягучага года.

– Генрых Генрыхавіч, паколькі Вы не карэнны валожынец, і не ўсе нашы чытачы Вас ведаюць, ім будзе цікава, адкуль да нас прыехаў такі прыгожы і энергічны малады чалавек. Падзяліцеся ўспамінамі пра малую радзіму, сям’ю, дзяцінства.

– Я – з Гродзеншчыны. Стопрацэнтны сельскі жыхар з Мастоўскага раёна. Бацька ўсё жыццё за рулём аўтамабіля, матуля – ветэрынар, начальнік міжраённай ветстанцыі. Маю двух братоў – старэйшага і малодшага. З дзяцінства жыву цэлым наборам вясковых клопатаў. Уласная гаспадарка, калгасныя праблемы… Гэта ў мяне ў крыві. Так атрымалася, што менавіта я з маленства зацікавіўся прафесіяй маці. Дзесьці з шасці гадоў ужо быў памочнікам, паступова яна давярала прасцейшыя маніпуляцыі. З гадамі дыяпазон уменняў пашыраўся. У выніку ўмеў практычна ўсё, а дакладна не ведаў нічога. Куды пайсці вучыцца? Такое пытанне для мяне не ўзнікала – толькі ветэрынарыя. Вучыўся ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Адразу прызнаюся: спачатку было складана. Я ж, практык, дэталёва і мэтанакіравана завучваць тэорыю не прывык. Паступова з дапамогай выдатных выкладчыкаў зразумеў, што мае ўменні без сур’ёзнай навуковай асновы – нішто.

– А гуманітарныя прадметы, як Вы ставіліся да іх? Ці мелі хобі?

– Упэўнены, як бы ні быў падкаваны чалавек спецыяльнымі ведамі, па-сапраўднаму культурным, інтэлігентным яму дапамагаюць стаць гістарычныя звесткі, філасофія, мовы і літаратура. З дзяцінства захапляюся гісторыяй, моцна шкадую, што не маю часу, каб павысіць узровень начытанасці. Дарэчы, у Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь вывучаў эканоміку, без спасціжэння азоў якой не магчыма стаць сапраўдным кіраўніком.

– Па спецыяльнасці ўдалося папрацаваць?

– А як жа! Пачынаў на Магілёўшчыне ў знакамітай гаспадарцы “Світанак”. Два гады ў якасці ветурача займаўся буйной рагатай жывёлай, свіннямі, пчоламі, нават рыбай. Пазней працаваў намеснікам генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы Слуцкага мясакамбіната. Калі запрасілі ў ААТ “Тарасава”, згадзіўся, таму што мог быць бліжэй да дому. Тут быў намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі. У Ракаве пабудаваў жыллё, а гэта значыць, Валожыншчына стала домам.

– Два гады супрацоўнікі “Суднікаўскага” ганарыліся сваім лідарам. У калектыве з натхненнем расказваюць пра ўсё, што паспелі зрабіць для гаспадаркі. Відавочна, Ваша новае назначэнне іх засмуціла. Не шкадавалі, калі давялося развітацца з арганізацыяй, у якую ўклалі столькі сіл?

– Сапраўды, людзі – калектыў гаспаркі – паспелі стаць для мяне блізкімі. Калі прыйшоў туды, убачыў: ёсць спецыялісты, ёсць выдатныя выканаўцы для любой работы, а добрых вынікаў няма. Чаму так? Я – чалавек строгі, наводзіў парадак даволі жорстка. Усяго было. Звальняў, зноў браў у штат… Паступова мы прыйшлі да поўнага паразумення. Значна палепшылі вытворчыя паказчыкі, знізілі запазычанасць. Але ж работа – не сям’я, калі ёсць неабходнасць, можна і памяняць. Я ўвогуле заўсёды за рух наперад. Вучыцца чамусьці новаму, так бы мовіць, асвойваць новыя гарызонты – па мне. Вы спытаеце, а як жа цяжкасці? Я да іх прывык. Пераадолець сябе, наладзіўшы стасункі з тымі, хто спачатку з табой у штыкі, – гэта сапраўдная перамога.

– А як на новым месцы?

– Што можна сказаць пасля 2-х месяцаў працы? Мне не прывыкаць пачынаць з нуля. Галоўнае, ёсць людзі, і ўсе яны хочуць працаваць і зарабляць. Што ж, будзем старацца.

– Вы – чалавек заняты, а між іншым маеце сям’ю. Як спалучаеце кар’ерныя пытанні і асабістае жыццё?

– Адразу падкрэслю: сям’я – на першым і галоўным месцы. Так мяне выхавалі. Пра такіх, як я, і гавораць: апантаны работай. Усё ж добра разумею: калі чалавек мае адукацыю, вопыт, занятасць будзе ў любым выпадку. А трывалыя адносіны з блізкімі, каханне, любоў, прыхільнасць трэба берагчы як найвялікшую каштоўнасць, бо ў дачыненні да гэтых святых паняццяў жыццё не кожнаму дае другі шанс. Таму жонка і сыны, а іх у мяне двое, – маё ўсё! Душой і сэрцам цягнуся да бацькоў, братоў. Сустракаемся не так часта, як хацелася б, але кожны з нас ведае: што б ні здарылася, мы – адно цэлае.

– Галоўныя аўтарытэты для Вас, гэта хто?

– У прафесіі – безумоўна маці. Вельмі цікавая жанчына, спецыяліст, пра якіх гавораць “ад Бога”. Менавіта яна разгледзела ўва мне здольнасці да ветэрынарыі. Праўда, ставілася да імкнення сына ў яе прафесію строга. Я ж гады затраціў на тое, каб даказаць роднаму чалавеку, што спецыяльнасць ветурача і мая таксама. Многаму навучыўся ад бацькі. Асабліва ў тых пытаннях, што тычацца тэхнікі. Продкі ўвогуле ў маім жыцці займаюць важнае месца. Апантана вывучаю свой радавод. Добра ведаю гісторыі жыцця дзядоў, бабуль, прадзедаў і прабабуль. Усе яны – радня, якой можна ганарыцца. Кожнаму ўдзячны за жыццёвую навуку. А быць прафесіяналам, кіраўніком вучыўся і працягваю вучыцца ад калег. Толькі, мякка кажучы, неразумныя людзі дазваляюць сабе самаўпэўненасць і не імкнуцца своечасова параіцца з больш вопытнымі і дасведчанымі. Я ж цаню чужыя набыткі, што дапамагаюць назапашваць уласныя.

– Прысвяцілі жыццё сельскай гаспадарцы. Апошнія гады займаеце кіраўніцкія пасады. Але ж, напэўна, умееце многае рабіць уласнымі рукамі. Наколькі часта, як сапраўдны вясковец, бярэце ў рукі касу ці, напрыклад, вілы?

– Я – селянін! І па генетыцы, і па ладзе жыцця. У мяне ўласны дом, маю свойскую жывёлу. Не паную, наёмных работнікаў не трымаю. Па-першае, не магу сабе дазволіць, па-другое, яны мне не патрэбны. Рабіць умею ўсё. Па сутнасці, любы дамашні клопат для мяне – задавальненне. Пры моцнай занятасці не маю часу, каб усур’ёз займацца спортам. А калісьці быў заўзятым футбалістам – у студэнцкія гады іграў за ўніверсітэцкую зборную. Менавіта ўласная гаспадарка, работы па добраўпарадкаванні прысядзібнага ўчастка, рамонце жылля выступаюць заменай фізкультуры. Так бы мовіць, ёсць куды сілы прыкласці.

– Разумею, што гутару з чалавекам няўрымслівым, сапраўдным перфекцыяністам…

– Не зусім. Я не імкнуся абсалютна ўсё рабіць лепш за іншых і зусім не стаўлю мэты мець “па кожным прадмеце дзясяткі”. Проста ёсць тое, што тваё, у чым разбіраешся. Вось тады і ўзнікае жаданне стаць докам. А ва ўсім быць лепшым… Напэўна недасягальна. Але, лічу, трэба старацца. Часта чую меркаванне: нельга заганяць сябе, можна падарвацца. Магчыма. Аднак ведаю наступнае: спынюся, адразу засумую. Што тычыцца няўрымслівасці, трохі ёсць. Спакой нам толькі сніцца! Блізкія лічаць, быццам мяне бывае “замнога”. Люблю гаварыць праўду. У юначыя гады часта ад гэтага пакутаваў. Зараз стараюся часцей быць дыпламатам. Перш чым спрачацца, стаўлю сябе на месца апанента.

– Што і каму хацелі б сказаць з дапамогай нашага выдання?

– Хачу пажадаць кожнаму з вас, дарагія валожынцы, ставіцца да людзей так, як хацелі б, каб ставіліся да вас. Дабрабыту, натхнення на працу, творчасць і… адпачынак.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *