Жыве i будзе жыць народная песня

Общество

Усе мы, колькі ні жывём на свеце, любім свой родны край, зямлю, дзе нарадзіліся, узраслі. Ад самага маленства ў памяці чалавека навек прыжываюцца і знаёмыя краявіды, і мелодыі хоць раз пачутых песень, і цеплыня роднай сэрцу мовы, і спеў жаваранка над пачарнелымі між снягоў узгоркамі, і тонкі звон пчалы ў белым майскім садзе. Песня заўсёды была спадарожніцай чалавека. У хвіліну скрухі яна падтрымлівала, падбадзёрвала, у хвіліны радасці рабіла гэтую радасць яшчэ большай, узнёслай. Праца і вопыт людзей, іх думкі і спадзяванні, маладая шчырасць кахання і горыч расстання – усё гэта знайшло свой адбітак у народных песнях, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

З маленства яны мне знаёмыя, бо гучалі пад зорным небам ля купальскіх вогнішчаў, на сялянскіх пакосах у жніўны час, у доўгія зімовыя вечары, калі людзі пасля працы бавілі час на вячорках, і на хрэсьбінах, вяселлях.

На вёсцы цанілі песню і любілі спяваць. Калі вечарам на вясковай вуліцы клапатліва задзынкаюць начныя жукі ды пачнуць моўчкі ныраць з-за вуглоў чорныя шаптуны – кажаны, калі ціха пранясецца над вёскай мірны подых начнога супакою, тады над наваколлем сакавіта пальецца беларуская звонкая песня.

Мая мама Ніна Іванаўна Качалка ведае шмат песень, валодае прыгожым голасам. Абставіны склаліся так, што дажывае яна свой век у г. п. Івянец у сям’і ўнучкі, а большую частку жыцця пражыла ў вёсцы Гірбіняты Падбярэзскага сельсавета. У свой час дапамагала гадаваць унучку, а пасля праўнукаў. І, вядома, спявала ім беларускія песні. Праўнукі ўжо выраслі, праўда, яны яшчэ не на сваім хлебе, але і цяпер бывае просяць прабабулю, каб праспявала ім.

Лічу, што дарма прайшло лета, калі я не наведаюся дамоў у час касавіцы, не папрацую, не паслухаю песні касцоў, якія вяртаюцца ўвечары дадому. Амаль кожны год я бывала там, на лузе, сярод працавітых людзей і іх песень і ўсялякі раз адкрывала для сябе нешта новае: харошыя мясціны, якасці ў людзей. Начавала ў юнацтве на сене, засынала пад спевы. Іншы раз так хацелася падбегчы да песні бліжэй, зазірнуць ёй у вочы.

Матуліны песні валодаюць

магічным уздзеяннем на пачуцці людзей, бо нясуць у сабе самае дарагое і запаветнае з таго, што напаўняе яе душу, чым яна жыве і да чаго імкнецца. Песні матулі! Вы будзеце жыць вечна, і ўсе гімны свету будуць гучаць у ваш гонар.

Напэўна, па прычыне замілаванасці да песні маіх блізкіх, збіраліся ў нашай хаце сваякі, знаёмыя, суседзі. І лілася праз адчыненыя вокны разам з водарам вясновага бэзу, квецені наша родная беларуская песня. Яна – адтуль, з дзяцінства і юнацтва. І назаўсёды.

Песню і зараз шануюць як святыню. Я цяпер рэдка спяваю, больш слухаю, як гэта робяць іншыя, але песня назаўсёды засталася ў маім сэрцы і гучыць у ім пастаянна.

Калі хочаце дзіўныя песні пачуць,

Да маіх землякоў зазірніце,

Дзе традыцыі нашы адвеку жывуць,

І з мінулым трывалыя ніці.

А. У. Саламевіч

Гучыце ж вечна, песні Валожыншчыны, песні роднай Гірбіняцкай зямлі!

А. Ліпніцкая,

жыхарка вёскі Камень

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *