З глыбiнь жыватворных

Общество

КРАПІЎНІКІ

Віктар ШНІП

Крапіўнікі стаяць не ў крапіве!

У кожным садзе салавей жыве,

Спявае песні, бо інакш не ўмее

У гэтым краі жыць, дзе залацее

На полі збажына і кветна ў лузе.

Не гаспадарыць тут іржа на плузе,

У агародах грады не пустуюць.

Усе ў Крапіўніках заўжды працуюць.

А як жа тут не працаваць, скажы,

Бо ўсё тут роднае і для душы

Дае спакой зямны і асалолду.

І немагчыма жыць без агароду,

Бо так жылі бацькі і ўсе дзяды.

І хоць лятуць, як цягнікі, гады,

І хоць Яршоўкаю сплыло вады

Тут незлічона, ды ўсе помняць тут,

Што гэта іх радзімы мілы кут,

Адзіны ў свеце і найлепшы ў свеце,

Тут нават сонца неяк лепей свеця,

Ну а зімой бялейшыя снягі,

І гурбы, нібы срэбныя стагі,

Дзе лета спіць, а ўвесну са страхі

Па ледзяшах сцякае сонца-мёд,

І дрэмле на гарышчы калаўрот

У цётак, што калісьці ўмелі прасці

З кудзелі, з лёну ніцявіны шчасця…

Тут за ракой Лягезы, там радня,

І не было яшчэ такога дня,

Каб я не ўспомніў родных, землякоў,

Каб не хацелася ляцець дамоў

І не мінаць Крапіўнікі, Лягезы,

Дзе шум лясны гучыць, як паланэзы,

Па-над усім, што любім мы, што снім,

Паехаўшы аднойчы ў гарады,

(На пару год, выйшла назусім!)

Каб потым цэлы век ісці сюды,

Дзе ўпершыню сказалі маме “Мама”,

Вучыліся хадзіць без мамы прама…

Нічога не забудзецца ніколі!

І хоць сцяжына зарастае ў полі,

Не зарастае ў памяці людской

Ні кветкамі, ні соннаю травой.

Усё жыве і будзе вечна жыць,

Пакуль ёсць тут яшчэ каму хадзіць,

Зямлю араць і салаўёў любіць,

І прыязджаць на месца родных хат,

І слухаць, як шуміць бацькоўскі сад,

Дзе чуюцца ўсіх родных галасы

Ва ўсе часы на ўсе часы!

Пішу гэты ліст пад вялікім уражаннем ад свята нашай вёскі, якое ладзілася ў адзін з ліпеньскіх выхадных.

Зараз Крапіўнікі ўваходзяць у склад Пяршайскага сельсавета. Вядомы ж населены пункт з XVI стагоддзя (у складзе Вялікага Княства Літоўскага). Тут, у лясістай мясцовасці ў 1529 годзе быў маёнтак баярыні Ганны Маркаўны Бартош. З 1793 года вёска, як і ўся Валожыншчына, увайшла ў склад Расійскай імперыі. Паводле архіўных даных, у 1800 годзе тут налічвалася 19 двароў і 63 жыхары. У гэты час Крапіўнікі з’яўляліся ўладаннем памешчыка Хмары.

З 1921 года зямля – пад уладай Польшчы, а ў лістападзе 1939 года – у складзе БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны з 25 чэрвеня 1941 года па 5 ліпеня 1944 года яна акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах загінулі ці прапалі без вестак 10 нашых вяскоўцаў. Вечная ім памяць!

16 верасня 1949 года ў вёсцы арганізуецца калгас “Пралетарый”, які абслугоўвала Залеская машынна-трактарная станцыя. Цяжка працавалі вяскоўцы: аралі, сеялі, нарыхтоўвалі кармы. Работы праводзіліся ў асноўным уручную ці з дапамогай коней. Успамінаецца басаногае дзяцінства, калі мы дапамагалі бацькам палоць буракі, ірваць лён, сенаваць для сваіх гаспадарак і для калгаса “Чырвоная гвардыя”. У 70-я гады ў вёсцы размяшчалася ферма па адкорме буйной рагатай жывёлы.

Гады, што прайшлі з той пары, не далі росквіту маёй малой Радзіме. Разляцелася па гарадах моладзь, чые карані і думкі тут. Акурат пра гэта і многае іншае ўзгадала на свяце яго арганізатар і натхніцель Ганна Уладзіміраўна Трачынская. Яна – мінчанка, але бязмежна любіць свае родныя мясціны. Пенсіянерка, якая яшчэ працуе, у вольны час спяшаецца ў бацькоўскі дом.

Цікава пра вясковае жыццё расказвалі былы механізатар Сяргей Мікалаевіч Раманчык, Іосіф Канстанцінавіч Раманчык, які шмат гадоў адпрацаваў у сталіцы. З цеплынёй і любоўю ўспамінала сваіх бацькоў і нашых першых настаўнікаў Станіславу Гаўрылаўну і Васіля Пятровіча Жагорынаў іх дачка Нэла Васільеўна. Жанчына ўжо 35 гадоў жыве ў Маскве, але кожны год наведвае радзіму.

Пра тое, як у 19-ць прыехала ў нашу вёсачку на працу, расказала былы брыгадзір Зоя Уладзіміраўна Галімская. Яна ўзгадала, як прывецілі яе людзі, як падтрымалі і словам, і справай.

Да глыбіні душы ўразіў прысутных фільм, што стварыла дачка Марыі Калубака. У ім – і інтэрв’ю, і ўспаміны нешматлікіх насельнікаў, і фотаздымкі з сямейных альбомаў Раманчыкаў і Сарокаў, Муцкіх і Зяневічаў, Пашкевічаў і Ліхтаровічаў, Багінаў і Гарбачэўскіх.

Састарэлі бацькоўскія хаты… Вечным сном спяць на могілках у Яршэвічах нашы продкі. У мінулым – вяселлі і дзіцячы смех. Але і зараз жыццё ў глыбінцы не спыняецца. Маленькія, ціхія Крапіўнікі з радасцю прымаюць прыезджых.

Шмат гадзін, ажно да позняй ночы, доўжылася свята вёскі. Спецыяльна да гэтага дня напісаў верш вядомы паэт Віктар Шніп, чые родныя жывуць у Крапіўніках. Аўтар выканаў свой твор асабіста.

З радасцю сустрэлі вяскоўцы і госці Заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” з Ракава. Парадавала і выстава работ мастака з Мінска Дзмітрыя Сарокі, чые карані таксама тут. Не забудуць прысутныя і святочныя пачастункі, як не забываюць вялікі камень з гравіроўкай даты заснавання нашага населенага пункта.

Вялікая ўдзячнасць за наладжанае свята Ганне Уладзіміраўне Трачынскай, спонсарам, маім землякам-суседзям Уладзіміру Пятровічу Ліхтаровічу, Уладзіміру Уладзіміравічу Сароку і многім іншым, хто меў дачыненне да падзеі ў гонар вёскі, дзе наш пачатак і выток, дзе мары і працяг.

З павагай,

Леаніда Іванаўна АСКЕРКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *