Спажывец выбiрае якасць

Общество

Раённы камбінат бытавога абслугоўвання на сёння забяспечвае працай 42 чалавекі, а вось паслугі аказвае для ўсяго насельніцтва раёна. Перад кіраўніцтвам прадпрыемства стаіць двухбаковая задача: даць дастойны заробак членам калектыву і павялічваць колькасць кліентаў за кошт росту якасці і асартыменту.

Традыцыйныя паслугі бытавікоў застаюцца па-ранейшаму запатрабаванымі. Не спадае цікавасць у людзей да рамонту адзення і абутку, заўсёды ёсць жадаючыя наведаць цырульню, набыць вырабы швейнага цэха: коўдры, падушкі, пасцельную бялізну. Новыя віды абслугоўвання насельніцтва дыктуе само жыццё. Добра сябе зарэкамендавала такое новаўвядзенне, як чыстка пёравых падушак.

Але калі б калектыў РКБА заставаўся толькі на асвоеных пазіцыях, пра эканамічны рост варта было бы забыцца. Нездарма кажуць, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Старанна і мэтанакіравана кіраўніцтва шукае новых партнёраў. Адно з самых перспектыўных супрацоўніцтваў – з кандытарскай фабрыкай “Слодыч”, якую валожынскія краўчыхі і швачкі забяспечваюць форменным адзеннем. Не грэбуе швейны цэх і разавымі заказамі. Зусім нядаўна дапамаглі апрануцца сталічнаму прадпрыемству па рамонце замежных аўтамабіляў.

Не застаюцца па-за ўвагай і мясцовыя спажыўцы. Згодна з патрабаваннямі тэхнікі бяспекі, працаўнікі заводаў, лясной гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу павінны быць забяспечаны спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай аховы. Сёлета ў РКБА паступіў такі заказ толькі ад сельгасвытворцаў з ДП “Падбярэззе”. Акрамя камбінезонаў і куртак, у камплект уваходзіць і абутак, які бытавікі спецыяльна набываюць самі, каб пазбавіць кліентаў ад лішніх турбот.

Ёсць спадзяванні і яшчэ на адзін новы бізнес-план – ён датычыцца рэалізацыі будаўнічых матэрыялаў насельніцтву. Спачатку людзі заказвалі ў асноўным толькі сілікатныя блокі, цэглу, цэмент. Зараз асартымент прапаноў значна пашырыўся: будаўнічыя сумесі, піламатэрыялы. Пры гэтым заказчык сам можа выбраць форму дастаўкі тавару.

Не спадае попыт і на выязны від абслугоўвання насельніцтва. Вяскоўцы ўжо прывыклі, што могуць не выязджаючы ў райцэнтр зрабіць прычоску, адрамантаваць гадзіннік, заказаць дублікат ключоў. Усе гэтыя крокі і дапамагаюць работнікам РКБА трымацца ў прафесіі і канкурыраваць на рынку.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *