Дом, дзе ўтульнасць жыве

Общество

Шыльда з адрасам на гэтым доме ў Багданаве – вул. Рушчыца, 13 – прыцягвае ўвагу. Спалучэнне прозвішча вядомага мастака і лічбы, якую часта звязваюць са справамі магічнымі, мне падалося досыць крэатыўным. А мноства кветак, дрэў і кустоў, наяўнасць, але не безліч (каб не паспрачацца з адмысловым густам) малых архітэктурных форм узмоцнілі ўпэўненасць: у доме жывуць дбайныя, разумныя, не пазбаўленыя творчых памкненняў людзі.

Нягледзячы на дождж і стомленасць ад камандзіроўкі, вырашыла зайсці, каб упэўніцца ў сваіх меркаваннях. “Дзень добры!” – крычу ад веснічак (хто яго ведае, як сустрэнуць на чужым двары?). З хаты выходзіць жанчына. Адзенне звычайнае, будзённае, на галаве хусцінка, твар прыемны, вочы ласкава ўсміхаюцца. Дзіўна, мы не знаёмыя, а такое ўражанне, быццам ведаем адна адну з дзяцінства. Не паспелі павітацца, як да размовы далучаецца гаспадар. Статны мужчына таксама нічога не мае супраць візіту незнаёмкі. Шчырая ўсмешка здымае няёмкасць ад невялікай разгубленасці з майго боку – гаспадар гаворыць выключна шэптам. Каб адразу ж пазбавіцца ад інтрыгі, тлумачыць: было хірургічнае ўмяшальніцтва, але нічога страшнага, размаўляць можна.

Міхаіл Браніслававіч і Яніна Вацлаваўна ХАРЭВІЧЫ – не карэнныя багданаўцы. У 1979 годзе прыбылі сюды на працу з Гродзеншчыны. Муж пачынаў на жалезнай дарозе, пасля ўладкаваўся на Валожынскую, а пазней – на Ашмянскую аўтабазу. Жонка мае дыплом настаўніка пачатковых класаў, але так склалася, што педагагічнай дзейнасцю амаль не займалася. Шмат гадоў уваходзіла ў склад калектыву мясцовай базы Валожынскай райсельгасхіміі. Зараз яны на пенсіі. Асноўны занятак – гаспадарка, агарод, кветнік. Бліжэй да выхадных пачынаюць рыхтавацца да прыезду дочак, зяцёў, двух унукаў і ўнучкі з Маладзечна і Ліды. Калі сям’я ў зборы, іх прасторны дом поўніцца радасным гоманам. Тут і навіны, і абмеркаванне падзей, і планы, і справаздачы аб павозінах і вучобе. Пасля накрываецца стол, на які клапатлівыя бабуля і дзядуля ставяць любімыя стравы кожнага з дарагіх гасцей.

Харэвічы цудоўна ўмеюць падтрымліваць гутарку. Аповед не зацягваюць. Літаральна ў некалькіх словах ім удалося пазнаёміць мяне з асноўнымі вехамі сумеснага жыцця. Абое – са шматдзетных сем’яў. Дом, у якім жывуць, купілі, а добраўпарадкавалі самі. Яны цудоўна выглядаюць. А, між іншым, ёй 64 гады, яму – 65. Пра такіх гавораць: маладжавыя. Толькі тое, што мужчына размаўляе так ціха, наводзіць на думку аб выпрабаваннях… Што ж, не памыляюся. Гаспадар – ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пасля двух камандзіровак у так званую зону пачаў губляць голас. Адбывалася ўсё паступова, размаўляў то гучна, то шэптам, а то і ўвогуле не мог вымавіць ніводнага гуку. Жонка ўпрасіла прайсці абследаванне. Вынік не парадаваў. Высветлілася: без аперацыі не абысціся. Для гаваркога чалавека, які яшчэ і ў касцёле спяваў, страта голасу аказалася ўдарам, але ж ён разумеў: галоўнае для чалавека – працягваць жыць. Таму даў згоду на ампутацыю галасавой звязкі…

Падчас гутаркі высветлілася, што дэкаратыўны гадзіннік, якім упрыгожаны падворак, гаспадар змайстраваў нездарма. Той – нібы сімвал падзелу іх жыцця на два перыяды: да дыягназу і пасля. А невялічкі элемент над даволі габарытным цыферблатам – званочак – мае і практычнае прызначэнне. “Калі жонка далёка, не могу яе паклікаць, вось і “даю ва ўсе званы”, – расказвае са смехам.

Яны разам 41 год. Больш гарманічнай пары на маім жыццёвым шляху яшчэ не сустракалася. Яніна – спакойная, лагодная, удумлівая. Міхаіл – вясёлы, рухавы, аматар трапнага жарту. На пытанне, як удаецца падтрымліваць такую прыгажосць на падворку, толькі паціскаюць плячамі. “Мы ніколі нікуды не спяшаемся. Усё робім нетаропка, а, галоўнае, у чатыры рукі”, – тлумачыць жонка. Муж жа ўсім сваім выглядам дае зразумець, што генератар кожнай ідэі – яна, ён – толькі выканаўца. “Яе дызайн. Яе каманда. Мая справа – капаць”, – так вызначае сваю ролю.

Яня вядзе мяне паказаць ружы, але размова зноў заходзіць пра Міхаіла. Я гляджу ёй у вочы, бачу ўвесь той страх за роднага чалавека, які давялося перажыць добрай жанчыне, і ўспамінаю, што некалькі хвілін таму ён са слязамі прызнаўся: жыве толькі дзякуючы ей, сваёй Яніне…

Мы сядзім у выдатна абсталяванай альтанцы, нетаропка гутарым. Побач – неверагоднай прыгажосці арка з вінаграду, вакол – кветкі. Кожны прадмет, кожная расліна – на сваім месцы. Надвор’е – не з самых лепшых… А мне так утульна і спакойна ў кампаніі новых знаёмых.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *