Гатоўнасць школ у лiчбах

Общество

Завяршаецца падрыхтоўка ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года. Да 15 жніўня будуць падпісаны акты аб іх гатоўнасці да работы.

Як паведаміла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Крыкала, на цякучы рамонт з раённага бюджэту ў 2019 годзе выдаткаваны 182 тысячы 716 рублёў, з якіх асвоены 133 тысячы 336 рублёў. У прыватнасці, у Выганічскім дзіцячым садзе праведзена рэканструкцыя харчблоку, у Кіявецкім – рамонт санвузла, устаноўка агароджы і гульнявой пляцоўкі, у СШ № 2 – рамонт калідора і санвузлоў, у СШ № 1 – рамонт харчблоку, у Багданаўскай СШ – рамонт сістэмы ацяплення. Таксама адрамантаваны дах на адміністрацыйным будынку ўпраўлення па адукацыі. За бюджэтныя грошы набыты спартыўны інвентар, вучэбнае і тэхналагічнае абсталяванне для гімназіі № 1 г. Валожына, Івянецкага і ясляў-сада № 3 у райцэнтры, Выганічскага і Суднікаўскага дзіцячых садаў, сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Капітальны рамонт не праводзіўся ні ў адной з устаноў, касметычны – у кожнай. З гэтай задачай установы адукацыі справіліся самастойна. На іх правядзенне зрасходавана 19 тысяч 250 рублёў пазабюджэтных сродкаў. Менавіта пазабюджэтная дзейнасць дала магчымасць некаторым школам і дашкольным установам набыць мэблю, камп’ютары, кухонны посуд, гаспадарчы інвентар і інш.

Спонсарская і шэфская дапамога склала 19 тысяч 500 рублёў. На гэтыя сродкі праведзены цякучы рамонт кабінета дыягностыкі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання.

Нягледзячы на тое, што на базе школ працавалі аздараўленчыя лагеры, у якіх адпачылі 1528 школьнікаў, рамонты праведзены ў запланаваныя тэрміны.

У новым навучальным годзе свае дзверы для юных жыхароў Валожыншчыны расчыняць 27 устаноў адукацыі, з іх 15 – агульнай сярэдняй адукацыі, 8 – дашкольнай адукацыі, 1 – спецыяльнай адукацыі, 2 – дадатковай адукацыі і 1 сацыяльна-педагагічны цэнтр. Усяго ва ўстановах адукацыі будуць навучацца 4707 дзяцей, з іх у дзіцячых садах – 1209, за школьныя парты сядуць 3498 хлопчыкаў і дзяўчынак.

З 1 ліпеня не працуе Сугваздаўскі сямейны дзіцячы сад, а з 1 верасня зачыніцца Чэхаўшчынская дапаможная школа-інтэрнат.

Да работы ў 2019-2020 навучальным годзе прыступяць 1296 супрацоўнікаў – 112 кіраўнікоў (дырэктары і іх намеснікі), 715 педагогаў, 91 служачы, 378 рабочых. З мэтай 100-працэнтнага ўкамплектавання кадрамі запрошаны 51 настаўнік пенсіённага ўзросту. Прыбылі ў раён і маладыя спецыялісты (13 – з вышэйшай адукацыяй, 10 – з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, 1 – з прафесійна-тэхнічнай).

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *