Тэлефон мiлiцыi-102

Закон и порядок

ПРЫВЫЧКА КРАСЦІ

Супрацоўнікі міліцыі раскрылі крадзеж бензапілы і бензакасілкі, які не так даўно здарыўся ў Кашчэлічах. Злачынства было ўчынена ў дачыненні дачніка. Мужчына пра сваю бяду паведаміў куды трэба, але нават і не разлічваў, што злодзея так хутка зловяць. Скрадзеная маёмасць вернута гаспадару, а вінаваты зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары часовага ўтрымання. Гэты мужчына судзімы не адзін раз, любіць зазірнуць у чарку, прывычкі працаваць не мае і вельмі сквапны на чужое дабро.

Раскрыты і крадзеж, які адбыўся ў кафэ “Лясное”. Госць так завіхаўся каля стала з нажом і відэльцам, што зусім упусціў з поля зроку свой рукзак. Адсутнасць багажу заўважыў толькі тады, калі прыйшоў час разлічыцца. Злодзеям аказаўся судзімы, непрацуючы жыхар вёскі Сасноўцы.

Затрымана і жанчына, якая “прамышляла” дробным крадзяжом у кватэрах сваіх калег, знаёмых. Яе вылічылі па пакінутых адбітках пальцаў на шкатулцы ў доме адной з пацярпелых. Адтуль была скрадзена буйная сума грошай у беларускіх рублях і доларах ЗША.

ПІЛЬНУЙЦЕ КАШАЛЬКІ!

Раённым аддзяленнем следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу кашалька. Інцыдэнт адбыўся на кірмашы ў Валожыне. Пацярпелы хацеў разлічыцца за пакупку, але кішэнь аказалася пустой. Падобны выпадак зафіксаваны і ў Івянцы. Міліцыя заклікае грамадзян з большай пільнасцю сачыць за грашыма і каштоўнымі рэчамі.

ПІЦЬ – ВЯЛІКАЯ РЫЗЫКА

Той, хто сядае за руль “пад мухай”, напэўна, спадзяецца, што ўсё скончыцца добра. Але наўрад ці…

Жыхар Мінска ўжо быў асуджаны ў мінулым годзе за такі супрацьпраўны ўчынак, як кіраванне аўтатранспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Нядаўна ён не ўтрымаўся і зноў дазволіў сабе забароненае: катаўся п’яным на легкавушцы па вёсцы Галімцы. Спецыфічную манеру кіравання відавочцы ацанілі правільна і выклікалі міліцыю. Рызыканту пагражае канфіскацыя транспартнага сродку і пазбаўленне волі.

ПАГАРЭЛА НА МАЛАЦЭ

Загадчыца адной з малочнатаварных фермаў, ацэньваючы, што паказчыкі па надоях малака не дацягваюць да запланаваных, вырашыла іх трохі “падкарэкціраваць”. Для гэтага ў справаздачныя дакументы ўнесла запіс, быццам бы адна з работніц выпісала сабе 186 літраў малака на суму 102 рублі 30 капеек. А тая, як кажуць, ні сном ні духам не ведала, што яе падставілі. Калі жанчына атрымала разліковы лісток, то не магла зразумець, чаму з яе пачалі спаганяць грошы. Справа раскрылася, хітрасць загадчыцы зараз ацэньваюць праваахоўнікі.

АПЕРАЦЫЯ “Ы”

Будучы на добрым падпітку, мужчыну пацягнула на подзвігі. Ён пранік на чужы дачны ўчастак, зламаў замок уваходных дзвярэй і спрабаваў скрасці вадзяную помпу і шланг. Аднак давесці задумку да канца яму не далі: усё адбывалася на вачах відавочцаў, якія выклікалі нарад міліцыі. Злодзея затрымалі: яму пагражае крымінальная адказнасць.

ТЭЛЕФОННАЯ ЗАЛЕЖНАСЦЬ

У аператыўна-дзяжурную часць паступіла паведамленне ад жыхара Валожына аб тым, што з яго закрытага дома знік мабільны тэлефон. Прыехаўшы на месца здарэння, супрацоўнікі міліцыі даволі хутка раскрылі гэту таямніцу. Тэлефон і зараднае прыстасаванне да яго ўкраў нідзе не працуючы мужчына, не раз судзімы. Ён падабраў ключ да дзвярэй, і пакуль гаспадар адсутнічаў, забраў каштоўную рэч з мэтай выменяць яе на гарэлку.

СТАРЫ, ЯК МАЛЫ

У Паморшчыне зафіксаваны факт хуліганства. Учыніў яго пенсіянер, які ўсё жыццё меў сутычкі з законам і не раз трапляў за краты. Вось і цяпер, будучы ўжо ў досыць паважаным узросце, ён наўмысна, ведаючы, што груба парушае грамадскі парадак, шпурляў каменні па вокнах аднаго з дамоў. Пашкоджаны два шклопакеты. Урон ацэнены ў 325 рублёў. Прыстарэлы хуліган затрыманы і дае паказанні.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *