События прошедшей недели

Общество

У зімовы перыяд работнікі ДУП “Валожынскае ПМС” аказвалі платныя паслугі сельгасарганізацыям раёна. Акрамя дапамогі па вывазцы арганікі, падрыхтоўкі палёў да вясновых работ і інш., прадпрыемства мелірацыйных сістэм выканала заказы на знос і захаванне рэшткаў 3 аварыйных будынкаў ферм у Лоску і Сакаўшчыне.

***

Упершыню Дыплом III ступені па хіміі за работу “Самацветы з прабіркі” на ХV Рэспубліканскай канферэнцыі даследчых работ вучняў па астраноміі, біялогіі, геаграфіі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы і хіміі, якая праходзіла на базе абласнога ліцэя, атрымалі дзесяцікласніца СШ № 2 райцэнтра Марыя Борыс і адзінаццацікласніца Ірына Макей. Кіраўнік работы – настаўніца хіміі Т. В. Халявінская.

***

Жыхарка Мінска, ураджэнка Валожына, Таццяна Міхайлаўна Жыцько перадала ў дарунак раённай бібліятэцы кнігі з дамашняй бацькоўскай бібліятэкі. Праграмная школьная літаратура абнавіла фонд самой бібліятэкі, большасць экзэмпляраў аддадзены ў перасоўны фонд.

***

Не толькі ў буйных магазінах Мінска, але і ва ўнівермагу Валожына з’явіўся першы кантэйнер для збору адпрацаваных батарэек. Устаноўлены ён пры ўваходзе на першым паверсе. Як вядома, “пальчыкі” ў вядры для бытавога смецця ўяўляюць пагрозу для здароўя. Адна батарэйка забруджвае каля 1 кв. м глебы і прыкладна 400 літраў вады.

***

У Ракаўскай дзіцячай музычнай школе адбылася прэм’ера паказу нашумелай у Еўропе французскай рок-оперы “Моцарт” на мультымедыйным экране, Інтэрнэт-версію якой падрыхтавала выкладчыца музычнай літаратуры і па класу баяна Алеся Іванаўна Гурчанка. А наведаць так званую прэм’еру змаглі не толькі вучні школы, але і жыхары Ракава.

***

Да веснавых палявых работ абласное ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне правяло семінар па тэме “Пасяўная кампанія-2011. Здаровая, бяспечная і дастойная праца”. У рабоце семінара ўдзельнічалі прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія адказваюць у сваіх гаспадарках за ахову працы.

***

На мінулым тыдні члены ўзорнага клуба “Грацыя” і народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага цэнтра культуры паспяхова вытрымалі своеасаблівы творчы экзамен і пацвердзілі сваё права на найменні “ўзорны” і “народны”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *