КВЕТКІ – ПЫШНЫЯ ПАНЕНКІ

Общество

Мора петуній, бягоній, сурфіній бушуе на прысядзібным участку Ліліі і Рамана ПУРКАЛІКАЎ з вуліцы Юбілейнай, 20 у Валожыне. Тут прадстаўлены, здаецца, усе віды і колеры гэтых аднагадовых кветак, якія толькі існуюць у прыродзе. Некаторыя з іх – унікальныя.

    Лілія Іванаўна сама займаецца расадай, заводзіць насенне лепшых сартоў. Першыя клопаты пра кветкі выпадаюць на люты. За вокнамі яшчэ гуляюць завірухі, а ў скрыначках са спажыўным грунтам абуджаюцца зярняткі. Гаспадыня забяспечвае ім неабходнае святло, дапаўняючы недахоп сонечных промняў спецыяльнымі лямпамі. Па графіку падкормлівае ўсходы вітамінамі і мікраэлементамі. Як толькі ўсталюецца неабходны тэмпературны рэжым, гаспадыня з дочкамі Юляй і Наташай пачынаюць высаджваць парасткі ў двары. Тут галоўнае – не памыліцца, якія расліны ўюцца, якія кусцяцца, а якія памясціць у нізіну. Такім чынам кветкі займаюць ледзь не ўвесь участак. Спецыяльна набытыя кашпо, вазы, падстаўкі. Утульна адчуваюць сябе ў гэтым царстве фларыстыкі міні-статуэткі казачных герояў, іншыя элементы сучаснага вулічнага дэкору.

    Тыя, хто актыўна займаецца агародніцтвам, сцвярджаюць, што людзі дзеляцца на дзве катэгорыі: адны больш працаздольныя вясной, іншыя любяць восеньскі час збору ўраджаю. А вось кветкаводы павінны не траціць актыўнасці круглы год. Толькі тады кветкі аддзячаць буйствам фарбаў і водараў.

    Цікава, што ў выніку праведзеных над петуніяй эксперыментаў, вучоныя даказалі, што яе пах спрыяльна ўплывае на арганізм чалавека: здымае галаўныя болі, нармалізуе работу сардэчна-сасудзістай сістэмы і павышае жыццёвы тонус.

    Але, зірнуўшы на дом Пуркалікаў, і без навуковых вывадаў ясна: прыгажосць лашчыць позірк і падымае настрой. Толькі вось адваротны бок гэтай карціны – цяжкая праца – застаецца ў цяні…

    Адзінаццаць гадоў спатрэбілася Пуркалікам, каб добраўпарадкаваць прыдамавую тэрыторыю. Цяпер яна выглядае бездакорна. І ўсё адно кожную вясну нешта ўдасканальваецца, перарабляецца і яскрава сведчыць, што жывуць тут працавітыя людзі, узорныя гаспадары… 

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *