НАС ПАЛІЧАЦЬ…

Официально

4 кастрычніка ў нашай краіне пачнецца перапіс насельніцтва. Яго дэвіз: “Погляд на цяперашняе – крок у будучыню”. Гэта падзея значная, патрэбная, вельмі сур’ёзная.

    Па словах начальніка аддзела статыстыкі па Валожынскім раёне Галіны Малажавай, сёлетняя перапісная кампанія пройдзе з некаторымі новаўвядзеннямі: перапісчыкаў забяспечаць планшэтамі, у анкетах з’явяцца новыя пытанні, звыклыя папяровыя перапісныя лісты будуць выкарыстоўвацца ў выключных выпадках.

    Цяпер перапісчыкі будуць карыстацца электроннымі планшэтамі, на якіх устаноўлена спецыяльная праграма. Увод даных цалкам аўтаматызаваны. Чакаецца, што такое новаўвядзенне скараціць час апытання рэспандэнтаў. Акрамя таго, планшэты будуць мець картаграфічныя звесткі. Для арганізацыі перапісной кампаніі планшэты ўжо набыты, пасля правядзення мерапрыемства іх перададуць установам адукацыі і аховы здароўя, мытным органам і Дзяржаўтаінспекцыі.

    Запоўніць анкету грамадзяне змогуць у тым ліку і самастойна, у любы зручны для сябе час праз Інтэрнэт. Рэсурс, дзе гэта можна ажыццявіць, хутка з’явіцца ў сродках масавай інфармацыі. Зараз рэспандэнты могуць пазнаёміцца з пытаннямі анкеты на сайце Белстата.

    Што датычыцца пытанняў, то ў праграму перапісу насельніцтва 2019 года ўключаны традыцыйныя пытанні аб складзе сям’і. Але дабаўлены і новыя. Напрыклад, ці плануеце вы пераезд у іншыя краіны. Асноўнае новаўвядзенне датычыцца пытанняў пра сельскагаспадарчую дзейнасць: ці маеце вы ва ўласнасці зямельны ўчастак, пладова-ягадныя насаджэнні, птушак, скаціну. Усяго ў анкеце прадугледжана 49 пытанняў.

    Плануецца, што перапісчыкамі стануць каля 2,5 тысячы чалавек. У асноўным работнікі арганізацый і студэнты. У нашым раёне справу будуць ажыццяўляць 48 чалавек часовага перапіснога персаналу.

    Грамадзянам не варта хвалявацца за свае персанальныя звесткі, бо яны з’яўляюцца канфідэнцыяльнымі і выкарыстоўваюцца не для распаўсюджвання, а для фарміравання выніковых даных.

    Для тых грамадзян, якія не сябруюць з сучаснай тэхнікай, застаецца даўнейшая магчымасць: запаўняць анкеты ў сябе дома, адказваючы на пытанні перапісчыка, або наведаць стацыянарны ўчастак. У нашым раёне з 4 па 30 кастрычніка будуць працаваць 3 стацыянарныя ўчасткі: Валожын, Івянец, Ракаў. У дамах грамадзян перапісчыкі свае апытанні правядуць з 21 па 30 кастрычніка.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *