ТЕЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Закон и порядок

ВЯСКОВЫЯ ТРУБАДУРЫ

    У бальніцу быў дастаўлены пажылы вясковец у стане алкагольнага ап’янення з разбітай галавой і параненай рукой. Медыкам ён растлумачыў, што яго пабіў металічнай трубой пасынак. Міліцыя выехала на месца канфлікту. Адшукалі падазронага. Мужчына аказаўся цвярозым, віны сваёй не прызнаў, а што за бяда здарылася з айчымам – не ведае… Але металічная труба на двары ўсё ж такі валялася. Яна ўзята на экспертызу. Сляды на ёй і дапамогуць устанавіць ісціну.   

ЗАКРЫЛА ВАЛЮТНЫ РАХУНАК

    Жыхар вёскі Сушы недалічыўся дома буйной сумы грошай – 450 еўра, якія ён паклаў у верхнюю шуфлядку тумбачкі, што стаяла ў спальным пакоі. Міліцыя прыехала хутка і спрацавала аператыўна: у той жа дзень лёс валюты быў устаноўлены. Нячыстай на руку аказалася знаёмая гаспадара, непрацуючая жанчына 1969 года нараджэння. Супраць яе ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “крадзеж”. Зладзейка затрымана і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.  

ПАЕХАЎ І ПРАПАЎ

     2 жніўня пачаліся пошукі жыхара Валожына 1977 года нараджэння. Вядома, што ў сакавіку мужчына паехаў у Санкт-Пецярбург з мэтай працаўладкавацца. Аднак да гэтага часу сям’я не атрымала ніякіх звестак ад яго. Першай трывогу забіла маці…

СУСЕДСКІЯ РАЗБОРКІ

     У дзяжурную часць РАУС паступіў сігнал аб тым, што ў інтэрнаце па вуліцы Беларускай райцэнтра адбываецца бойка. Нарад міліцыі прыехаў своечасова, бо адзін з дэбашыраў ужо спрабаваў кідаць у сабутэльніка нож. Найбольш задзірлівым аказаўся нідзе не працуючы жыхар райцэнтра. Замест таго, каб ісці спаць (гадзіннік паказваў 00.00 гадзін), мужчына пачаў пагражаць забойствам свайму суседу па інтэрнаце.

    З месца бойкі праваахоўнікі канфіскавалі нож, хуліган арыштаваны.

    Аналагічнае злачынства зафіксавана і на вуліцы Чапаева. Там кампанія з трох чалавек распівала спіртныя напіткі. А паколькі жанчына была адна, а кавалераў – двое, паміж мужчынамі ўзнікла сварка, а потым і бойка. Адзін з кавалераў ухапіўся за нож і нанёс другому некалькі рэзаных ран у вобласць паясніцы. Цяпер праз свой празмерна баявы характар ён паўстане перад судом.         

БЕСТУРБОТНАЕ БАЦЬКОЎСТВА

    Жыхар вёскі Станюшкі 1985 года нараджэння за ўхіленне ад платы аліментаў на непаўналетняга сына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, аднак на шлях выпраўлення так і не стаў. Сёлета ён толькі тройчы прысылаў дзіцяці грошы: у красавіку – 5 рублёў, у маі і чэрвені – па дзясятцы, хаця доўг перад сынам перавышае суму ў 8300 рублёў.

    Але замест таго, каб прыкласці намаганні і працаўладкавацца, дужы і малады мужчына запісаўся ў лайдакі. А што сын павінен расці, кожны дзень есці і апранацца, яго, як бачна, зусім не хвалюе.  

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *