Студатрад – з`ява з гiсторыяй

Молодежный курьер

Сустрэча пакаленняў – гэта заўсёды цікава і павучальна для кожнага з удзельнікаў. Малодшыя атрымліваюць магчымасць паглыбіцца ў гісторыю, старэйшыя спасцігаюць павевы сучаснасці. Менавіта з такой мэтай і запрасіў першы сакратар раённага камітэта “БРСМ” Уладзімір Ціханоўскі да круглага стала членаў ГА “БРСМ” – прадстаўнікоў студатрадаў, што шчыравалі на жніве-2019, з былым камсамольскім лідарам Львом Бяляўскім

    Ва ўтульным офісе раённага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” юнакі і дзяўчаты пачаставалі ганаровага госця чаем, даведаліся пра грамадскае жыццё моладзі ў часы СССР і падзяліліся ўражаннямі ад першага вопыту працоўнай дзейнасці.

    Леў Вадзімавіч у 1972-1975 гадах быў першым сакратаром Валожынскага райкама камсамола. Рух маладзёжных атрадаў толькі стартаваў, і наш раён быў сярод пачынальнікаў. У 1974 годзе дзве каманды вучняў гарадскіх школ прыступілі да работы ў сельгаспрадпрыемствах. Выхаванцы СШ № 2 працавалі ў калгасе “17 верасня”, а прадстаўнікі СШ № 1 – у калгасе імя Суворава. Выдатна паказаў сябе ў той год і студатрад “ПТВ-58” пад кіраўніцтвам Мікалая Камінскага. Л. В. Бяляўскаму давялося мець непасрэднае дачыненне да фарміравання атрадаў і планавання іх работы. Ён выдатна помніць тое лета: школьнікі выконвалі розныя работы на палях, дапамагалі будаваць цялятнік, а навучэнцы вучылішча займаліся ачысткай тарфянікаў ад выкарчаваных дрэў. У выніку ўсе яны зарабілі нядрэнныя грошы. Да таго ж гэта быў актыўны адпачынак – штовечар спевы пад гітару і абавязкова танцы. Камсамольскі актывіст працягваў супрацоўнічаць са студатрадамі і ў гады работы ў Мінскім абкаме камсамола.

    Як адзначалася, папярэднікі сучасных працоўных атрадаў – студэнцкія будаўнічыя атрады. Іх гісторыя цягнецца з часоў асваення паўпустынных зямель на поўначы Казахстана і Алтайскага краю. У 1959 годзе студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава паехалі ўзводзіць жыллё для тых, хто “падымаў цаліну”. Сам Леў Вадзімавіч упершыню сутыкнуўся з юнакамі і дзяўчатамі ў студатрадаўскай форме на танцпляцоўцы ў Вілейцы ў 1966 годзе. А яго старэйшы брат Дзмітрый сам працаваў на будоўлі на цаліне і дзяліўся з 14-гадовым падлеткам незабыўнымі ўражаннямі…   

    Падчас гутаркі ўзгадваліся і так званыя ўдарныя камсамольскія будоўлі, у першую чаргу – Байкала-Амурская магістраль. Юнакі і дзяўчаты з цікаўнасцю паглыбіліся ў гісторыю БАМа і бамаўцаў – маладых людзей, якія ехалі за тысячы кіламетраў за рамантыкай і пошукам свайго “я”.

    Па прыкладзе ўсесаюзных будоўляў мелі рэалізацыю і беларускія рэспубліканскія праекты – такія, як меліярацыя Палесся, будаўніцтва Салігорскага калійнага камбіната. А вось адно з прадпрыемстваў Валожына – ільнокамбінат – вынік абласной маладзёжнай будоўлі. 45 гадоў таму два студэнцкія атрады з Мінскай вобласці працавалі на яго ўзвядзенні. У 1974 годзе на тэрыторыі раёна шчыравалі 12 каманд, у тым ліку адна – інтэрнацыянальная. Працавітыя рукі тагачаснай моладзі будавалі Івянецкі племптушказавод, валожынскія хлебазавод і базу для захоўвання гародніны, мноства ферм па ўсёй Валожыншчыне, два меліярацыйныя збудаванні ў калгасе імя Суворава і саўгасе “Багданаўскі”.

       Хто хоць раз гутарыў са Львом Вадзімавічам, пацвердзіць: гэты чалавек, як ніхто іншы, умее дакладна, сціснута, а галоўнае, цікава перадаць інфармацыю. Прычым абавязкова ўлічвае кантынгент суразмоўцаў. Каб моладзі не было сумна, узгадваў незвычайныя, часам кур’ёзныя выпадкі. Напрыклад, падчас спартакіяды на стадыёне райаграпрамтэхнікі два атрады так змагаліся за перамогу, што парвалі канат.

       Школьнікі-дзевяцікласнікі слухалі аповед вопытнага, разумнага, інтэлігентнага чалавека ўважліва, усміхаліся трапным жартам, задавалі пытанні і атрымлівалі на іх дакладныя адказы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *