КВЕТКІ – НАТХНЕННЕ ДА ЖЫЦЦЯ

Общество

Дом № 15 па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры з ранняй вясны да позняй восені патанае ў красках. Гаспадыня прыгожай сядзібы – Ванда Эдуардаўна КАРАНЕЎСКАЯ

    Нягледзячы на ўзрост і сюрпрызы, што падносіць здароўе, ёй удаецца падтрымліваць у доме ўтульнасць і чысціню, даглядаць вялікі агарод і штогод высаджваць вялікую колькасць кветак. Жанчына прызнаецца: клопаты пра іх даюцца нялёгка, але затое радуюць вока, і гэта – стымул да жыцця. Калі быў жывы муж, то і ён падзяляў захапленне жонкі. Любіў раніцай прынесці ў хату навіну: “Сёння зацвіў ружовы куст!”. Заўсёды расце ў іх не менш за дзясятак сартоў касачоў, лілій, хрызантэм, флёксаў, гладыёлусаў. Перавагу аддавалі шматгадовым раслінам і з пяшчотай назіралі, як яны пышнеюць, убіраюцца ў сілу.

    Акрамя распаўсюджаных кветак, у іх палісадніку ўтульна сябе адчуваюць і экзатычныя. Ванда Эдуардаўна з задавальненнем праводзіць экскурсію па сваіх гадаванцах і “сыпле” батанічнымі тэрмінамі, быццам сапраўдны навуковец. Дэкаратыўныя кусты высаджаны яе працавітымі рукамі і за тэрыторыяй участка, на “нічыйнай”, як лічаць многія, зямлі. У спякотныя летнія дні жанчына штораніцы палівае іх. Носіць ваду, перамагаючы боль у спіне і руках, невялічкім вядзерцам: “Яны ж жывыя! Піць хочуць…” Такой жа апекі патрабуюць і больш практычныя рэчы: агуркі, памідоры, цыбуля, бульба, іншая традыцыйная гародніна. Усё ёсць у Ванды Эдуардаўны. Усё дагледжана, што трэба, – падвязана, пустазелле вырвана. Акрамя флоры, у гаспадыні і фаўна ёсць. Прадстаўлена курамі і парасятамі.

    На пытанне, як удаецца спраўляцца з такім аб’ёмам працы, В. Э. Каранеўская адказвае: “Падымаюся рана і цэлы дзень тапчуся…” І першы крок робіць да кветак. Менавіта іх прыгажосць служыць

той “падзарадкай”, якая натхняе, надае фізічныя і душэўныя сілы.

     Трэба зазначыць, што і хатнія кветкі ў гаспадыні ў пашане. На падаконніках красуюць рознакаляровыя бягоніі, у вялікіх вазонах горда ўзвышаюцца фікусы. Яны таксама ўражваюць, але першае, што адзначаеш, увайшоўшы ў дом, – ідэальная чысціня, з густам выкананы інтэр’ер. Думаю, многія пагодзяцца: прывыкнуць да чужога жытла складана. А вось у пакоях, абласканых далонямі Ванды Эдуардаўны, энергетыка вельмі спрыяльная, здаецца, быццам ты ў сябе дома.

    …Можа таму, што мы з ёй, як высветлілася падчас размовы, – гадаванцы адной мясцовасці – хутароў, што калісьці размяшчаліся паміж Клімамі і Навасёлкамі. Яны цалкам былі расселены да пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, многія людзі тады падаліся ў далёкія і блізкія гарады, у суседнія вёскі. Цяпер, каб і хацеў, нават і слядоў тых паселішчаў не адшукаеш. А вось жа ў памяці людской, сэрцах  нешта яшчэ жыве…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *