Трыццаць восем «пажарных» гадоў

Общество

У жыцці кожнага з нас ёсць чалавек, якім ты асабліва даражыш, ганарышся, на якога хочаш быць хоць крышачку падобным. Для супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях такім прыкладам, безумоўна, з’яўляецца ветэран Вялікай Айчыннай вайны і пажарнай службы Аляксандр Маркелавіч Шэрышаў.
І хоць у свае 85 гадоў ён нячаста наведвае мерапрыемствы, ды і, наогул, амаль не пакідае свой родны Івянец, фотакарэспандэнту рэдакцыі ўдалося адлюстраваць на здымку сустрэчу ветэрана на сёлетнім Свяце горада ў райцэнтры з начальнікам РАНС А. І. Скадорвам і намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню А. І. Сівым. Ім ёсць аб чым пагаварыць, ёсць што ўспомніць…
Напярэдадні прафесіянальнага свята – Дня пажарнай службы – Аляксандр Маркелавіч ахвотна згадзіўся расказаць пра былое, пра нялёгкія 38 гадоў службы і чытачам раёнкі.
– Прыгадайце, калі ласка, як трапілі ў пажарную службу?
– Нават і сёння дакладна памятаю той дзень – 15 сакавіка 1953 года. Да гэтага працаваў вадзіцелем у Івянецкім ваенкамаце. На службу ў ваенізаваную пажарную часць г. п. Івянец (так яна раней называлася) мяне прымаў тагачасны начальнік Іван Іванавіч Карпуць, які, як кажуць, і даў пуцёўку ў жыццё, многаму навучыў, падказваў. Ды і жаданне працаваць, зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку было вялікае. Каля дзесяці гадоў прапрацаваў з Іванам Іванавічам, нават выязджалі разам на пажары.
– Чаму менавіта гэтай прафесіі вырашылі прысвяціць жыццё?
– Вялікая Айчынная вайна, якую давялося перажыць, загартавала назаўсёды, прымусіла нават у мірны час стаяць на варце спакою і дабрабыту людзей. Ваяваў спачатку на 3-ім Прыбалтыйскім фронце, затым – на 2-ім Беларускім. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Двойчы быў паранены, апошні раз – за два месяцы да Дня Перамогі. Таму і ў пасляваенным жыцці не шукаў лёгкіх шляхоў. Працаваў сумленна, ніколі не меў вымоў і спагнанняў па службе. А вось граматы абласнога ўпраўлення МНС і райаддзела, а таксама значок “Выдатнік пажарнай аховы” беражліва захоўваю.
– Як думаеце, працаваць было лягчэй у 60-70-ыя гады ці сёння?
– Па-добраму зайздрошчу сваім калегам сёння. Мы нават і не марылі пра такія сродкі сувязі і аснашчэнне. На ўсё жыццё запомніў выпадак, калі давялося тушыць пажар у вёсцы Пагарэлка, што ў трох кіламетрах ад Івянца, пра які нам нават не паведамілі. Заступіўшы на змену, выйшлі ў двор часці і ўбачылі ў далечыні зарава. Хутка выехалі на месца здарэння. Там гарэў жылы дом, чалавек пятнаццаць яго тушылі. Служба спрацавала аператыўна, на шчасце, абышлося без ахвяр, ды і маёмасць амаль уся ўцалела. Машына, на якой працаваў тады, была аснашчана толькі ручной мотапомпай і ўмяшчала ўсяго 250 літраў вады. Сёння ж сучасная тэхніка разлічана аж на 5 тон.
– Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які марыць стаць пажарным-выратавальнікам?
– Неабходна мець добрую вытрымку і ў любой сітуацыі навучыцца валодаць сабой. Бо агонь не даруе халатнасці. Немалаважную ролю тут іграюць і фізічная падрыхтоўка, вынослівасць. На здарэннях працаваць даводзіцца шмат і ў хуткім тэмпе. З асабістага вопыту ведаю, што вадзіцель не толькі нараўне з астатнімі тушыць пажар, а яшчэ і сочыць за тэхнікай, запаўняе вадой. Як няма двух аднолькавых пажараў, так і не існуе нейкага універсальнага вобраза пажарнага. Аднак чалавек сам адчувае, калі ён гатовы дапамагаць людзям, нават ахвяраваць сабой.
– Ці часта даводзіцца сустракацца з супрацоўнікамі райаддзела?
– Так, мяне запрашаюць на мерапрыемствы, сустрэчы, віншуюць са святамі. Вясной навялі парадак у двары, адрамантавалі агароджу, сёе-тое пафарбавалі. Напярэдадні Дня Перамогі таксама павіншавалі, уручылі падарунак.
– Што можаце пажадаць сваім былым калегам і сённяшнім супрацоўнікам райаддзела, чытачам?
– Каб надзвычайных здарэнняў было як мага менш, а пажарныя рукавы часцей заставаліся сухімі. Усім здароўя, цярпення, вытрымкі. А чытачам хочацца пажадаць, каб былі больш пільнымі, асцярожнымі, нераўнадушнымі да тых, хто побач. Гэта аблегчыць службу і пажарным-выратавальнікам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *