Падворак, што радуе вока

Год малой Родины Общество


На вуліцы Юбілейнай у Валожыне жыве сям’я Ждановічаў. Юлія Уладзіміраўна і Станіслаў Феліксавіч – пенсіянеры, але абое працуюць. Яна – педагог сацыяльны ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, ён – механік у ліцэі. Нягледзячы на занятасць, працавітыя людзі ніколі не забываюць пра добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка. Кветкі на іх падворку – круглы год.

Юлія Уладзіміраўна сябе адмысловым кветкаводам не лічыць, але столькі гадоў практыкі і бязмежная любоў да прыгажосці замяняюць ёй спецыяльныя веды. Паступова разам з мужам выпрацавалі ўласную сістэму адносна таго, што, дзе, як і калі высаджваць. Кожны від работ – выключна сваімі рукамі, моладзь (ёсць дзеці, унукі) не турбуюць. “Мы настолькі ўсё гэта любім, што за работу не лічым. Але часу не заўсёды хапае, каб дагледзець мілых сэрцу гадаванцаў на належным узроўні”, – расказвае гаспадыня.

Магчыма таму, што Ждановічы не прытрымліваюцца ніякіх правіл, а проста ўкладваюць душу, і усё ў іх добра прыжываецца, своечасова зацвітае, у выніку радуе вока. Ранняй вясной пад самымі вокнамі цвітуць цюльпаны, крокусы, нарцысы. Пазней на змену кранальнай пяшчотнасці веснавых любімцаў прыходзяць шыкоўныя летнія і асеннія фарбы ружаў, вяргінь, астраў, сальвіі, цыніі і многіх іншых.

Не выказаць, як прыемна пасядзець на іх падвясной канапе ў цяньку яблынь і паназіраць за тым, як ветрык калыша буйныя суквецці. Выхаднымі на двары людна. Тады да невялічкага століка, што ў імправізаваным паціа, клапатлівымі матуляй і бацькам, бабуляй і дзядулем дастаўляецца яшчэ адзін, і сямейства пад шэпт дрэў, кустоў і кветак ладзіць шыкоўнае застолле з абавязковымі шашлыкамі і іншымі кулінарнымі шэдэўрамі ў выкананні гаспадыні.



Добавить комментарий