Рэгіянальныя навіны

Региональные новости

Працягваецца дабрачынная кампанія пад знакам Чырвонага Крыжа, якая традыцыйна абвяшчаецца напярэдадні кожнага навучальнага года. Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа А. У. Трацэўская падрыхтавала 65 лістовак-заклікаў прыняць удзел у акцыі і разнесла іх па рынку і ў магазіны валожынскіх прадпрымальнікаў.
У рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу” Антаніна Трацэўская разам з трыма валанцёрамі-ліцэістамі з атрада “Добрае сэрца” 22 жніўня пабывалі на гарадскім рынку і ў валожынскіх індывідуальных прадпрымальнікаў. За гэты дзень яны сабралі 54 рублі 27 капеек, а таксама 68 адзінак адзення і 9 пар абутку, 101 адзінку канцтавараў, сярод якіх былі не толькі неабходная школьнікам дробязь накшталт ручак і сшыткаў, але некалькі рукзакоў, іншыя вучнёўскія прылады. У першую чаргу Чырвоны Крыж аказвае дапамогу дзецям з сацыяльнага прытулку і сіротам, што з’яўляюцца навучэнцамі Валожынскага ліцэя. Акцыя працягваецца да 15 верасня.

Папуляцыя тарпанападобных коней польскай пароды konik, якія ў Налібоцкую пушчу дастаўляюцца з Нідэрландаў, на працягу жніўня павялічылася ўжо да 151 асобіны. На тэрыторыю Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” гэта парода дзікіх коней адпраўляецца на новае месца жыхарства бязвыплатна.
Коні перасяляюцца неразлучнымі табунамі, таму і атрымалася на адну галаву больш, чым планавалася. Зараз новыя насельнікі знаходзяцца на каранціне, згодна з санітарнымі правіламі. А пасля на навасёлаў можна будзе паглядзець, як і на зуброў, усім жадаючым.

Тры нямецкія паляўнічыя пажадалі прыехаць на паляванне ў Налібоцкую пушчу.

Паляўнічыя з Германіі атрымалі дазвол на паляванне на лася і аленя з 28 жніўня па 4 верасня. Палявалі яны ў паляўніча-гаспадарчай зоне заказніка “Налібоцкі”.

Дзяржаўная ўстанова “ФАЦ Валожынскага раёна” закупіла да новага навучальнага года 5 мячоў для футзала і форму для інструктараў-метадыстаў.
Таксама абнавілі пасцельную бялізну ў сваім Брылькоўскім філіяле. Закупкі зроблены за пазабюджэтныя сродкі.

17 жніўня бягучага года папулярнае брытанскае выданне TheGuardian змясціла на сваіх старонках “Гісторыю жыцця беларускі ў строях – у карцінках”. Гераіняй гэтай публікацыі стала 92-гадовая жыхарка райцэнтра Вера Зянько (Перапеча). На асноўным адлюстраванні – фрагмент фатаграфіі, дзе жанчына сфатаграфавана ў шаліноўцы, у якой пазнаёмілася з будучым мужам.
А ўсяго газета змясціла 10 фотаздымкаў фатографа з Мінска Таццяны Ткачовай. Сама фотажурналістка пазнаёмілася з “цёткай Верай” у 2017 годзе, калі з групай журналістаў працавала ў нашым раёне. Потым яна некалькі разоў прыязджала спецыяльна да яе. Вынікам сустрэч-размоў стаў праект “Сезоны Веры”, дзе праз фатаграфіі жанчыны ва ўборах розных часоў у інтэр’еры яе сціплай кватэры расказваецца пра гісторыю самой Веры і нашага рэгіёну ў розныя часы. Лонданскае выданне адабрала 10 фатаграфій: у вясельнай сукенцы дачкі і выпускной сукенцы дачкі, у сукенках, што падарылі ёй нявестка і сяброўка, іншыя. Як і большасць людзей яе пакалення, жанчына цяжка развітваецца са старымі рэчамі, тым больш кожная з іх даставалася нялёгка і мае сваю гісторыю. І менавіта яны зрабілі яе вядомай на ўвесь свет. Дзіўна яшчэ і тое, што ў цёткі Веры не памяняўся размер адзення, яна з лёгкасцю ўпісалася ў строі сваіх дачок і тыя свае сукенкі, што шыліся шмат гадоў таму.

Дзесяць членаў прафсаюзнай арганізацыі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне з 22 па 25 жніўня здзейснілі сваю даўнюю мару і пабывалі ў Вене і Празе.
Прыгажуня Вена пакінула прыемнае ўражанне ад свайго спакойнага рытму жыцця, ад непаўторных помнікаў і збудаванняў. З гістарычнымі мясцінамі пазнаёміліся падчас аглядавай экскурсіі, а потым пабывалі яшчэ ў “Скарбніцы Габсбургаў”, дзе сабраны арыгіналы каштоўнасцей той эпохі. У Празе, акрамя абавязковай экскурсіі па гістарычным цэнтры горада, за ўласныя грошы нашы землякі пабывалі на экскурсіі “Містычная Прага”. Таксама незабыўнае ўражанне пакінула двухгадзінная экскурсія на цеплаходзе па Влтаве. Па дарозе дадому наведалі польскі горад Вроцлаў.

Завяршальным акордам летніх канікулаў для юных жыхароў Івянца стала дыскатэка фарбаў “БелХолі”, якая прайшла ў парку імя Дзяржынскага 25 жніўня.

Такое мерапрыемства, як “Шоу фарбаў”, мінскія прадпрымальнікі праводзілі ў гарпасёлку не ў першы раз. Можна сказаць, што яно карыстаецца поспехам і дорыць івянчанам пазітыўны настрой.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *