Пенсiянеры ў зоне асаблiвай рызыкi

Общество

Аналіз аператыўнай абстаноўкі ў раёне паказвае, што існуе тэндэнцыя росту колькасці злачынстваў у адносінах састарэлых грамадзян. Сёлета зарэгістраваны 43 крымінальныя факты данай катэгорыі, 37 з іх – раскрыты.

Як правіла, ахвярамі злачынцаў становяцца людзі, якія не могуць за сябе пастаяць, – пенсіянеры, інваліды. У вёсцы Суднікі неўстаноўленая асоба пранікла на ўчастак пажылога чалавека і ўчыніла крадзеж на 3000000 рублёў; В. В. Падаруеў 21 мая 2010 года ў вёсцы Барташы абакраў І. А. Казака на суму 900000 рублёў; больш чым на два мільёны рублёў пацярпеў Л. А. Далінкевіч з Узбалаці, злодзей да сённяшняга дня не ўстаноўлены.

Шмат непрыемнасцей дастаўляюць асобы цыганскай нацыянальнасці. Як правіла, для ажыццяўлення сваіх злых задум яны карыстаюцца аўтамабілямі, што ўскладняе працэс затрымання. Летась трое цыганоў пад відам работнікаў энерганагляду наведаліся ў вёску Смалёўшчына і з прымяненнем насілля абрабавалі мясцовага жыхара больш чым на тры мільёны рублёў.

Здараюцца крымінальныя выпадкі і ў адносінах гарадскіх пенсіянераў. У студзені гэтага года абрабаваны дом па завулку Дзяржынскага. Але ў адносінах вяскоўцаў зламыснікі дзейнічаюць асабліва нахабна. У многім гэта тлумачыцца тым, што жывуць тыя аддалена. Так, у жанчыны-пенсіянеркі з Пялікштаў за адзін дзень з дому выкралі два тэлевізары і электрапілу.

Калі бяда з вамі ўсё ж здарылася, неадкладна паведамляйце аб гэтым у міліцыю. Пры РАУС працуе тэлефон “гарачай лініі”: 54-0-21, на які можна патэлефанаваць і расказаць аб усіх супрацьпраўных фактах у адносінах да пажылых людзей.

Валерый ГАРНАШКЕВІЧ,

начальнік аддзела аховы і прафілактыкі правапарадку РАУС, падпалкоўнік міліцыі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *