Сярод устаноў адукацыі раёна вызначылі пераможцаў па добраўпарадкаванні

Общество


Фота са свабодных крыніц выкарыстана ў якасці ілюстрацыі

Падведзены вынікі раённага этапу агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый устаноў адукацыі. Варта адзначыць, што ўсе калектывы адказна аднесліся да стварэння і рэалізацыі сваіх праектаў. Яны выкарысталі сучасныя элементы ландшафтнага дызайну, уключылі малыя архітэктурныя формы, павялічылі асартымент кветкава-дэкаратыўных культур і творча падышлі да афармлення клумбаў.

Сёлета ўдзельнікам прапаноўваліся намінацыі па знешнім азеляненні тэрыторыі “Адкрыццё года: новы дызайн”, па арыгінальным унутраным кветкавым афармленні холаў, рэкрэацый, навучальных кабінетаў “Мая школа – мая малая радзіма” і “Тэрыторыя бяспекі”, у якой бралася на ўвагу ўладкаванасць тэрыторыі; наяўнасць элементаў безбар’ернага асяроддзя і відэаназірання; арганізацыя прапускнога рэжыму; бяспечны стан пешаходных дарожак і інш.

Членамі журы быў высока ацэнены творчы падыход да справы калектываў агульнай сярэдняй адукацыі. У выніку ў намінацыі “Адкрыццё года: новы дызайн” 1-е месца заняла Суднікаўская СШ, 2-е – падзялілі Пяршайскі і Сівіцкі вучэбна-педагагічныя комплексы, 3-е – дасталося Гародзькаўскаму ВПК. У намінацыі “Мая школа – мая малая радзіма” 2-е месца прысуджана СШ № 2 райцэнтра, 3-е – СШ № 1. Найбольш жорсткімі былі патрабаванні ў намінацыі “Тэрыторыя бяспекі”. Тут першай стала гімназія № 1 г. Валожына, другім – Пугачоўскі ВПК, трэцім – Вішнеўскі ВПК. Гэтыя школы бясспрэчна з’яўляюцца прыкладам для іншых.

Работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі таксама ствараюць усе неабходныя ўмовы, каб іх выхаванцам было камфортна і радасна, займаюцца добраўпарадкаваннем. У намінацыі “Адкрыццё года: новы дызайн” 1-е месца заняў Ракаўскі яслі-сад “Сонейка”, 2-е – яслі-сад № 3 “Пралеска”, 3-е – дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”. У намінацыі “Тэрыторыя бяспекі” вызначыўся толькі ўладальнік 1-га месца – яслі-сад № 6 “Вясёлы вулей”.

Прэзентацыйныя матэрыялы пераможцаў перададзены на абласны этап конкурсу, які будзе доўжыцца да 1 кастрычніка.
Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *