Ім прымнажаць зялёнае багацце

Общество

Абавязкі ў майстра лесу Румскага лясніцтва Фёдара АЛЕШКІ вельмі разнастайныя. Але бадай што самае найважнейшае – сачыць за выкананнем патрабаванняў тэхнікі бяспекі. Будуць работнікі лясной гаспадаркі здаровыя – будзе і лес дагледжаны.

Вераснёўскі лес яшчэ радуе вока яркай зелянінай, аднак усё адно адзначаеш, што тут гаспадарыць восень: зачырванеліся рабіны, каліна, у траве дзе-нідзе заблыталася апалае жоўтае лісце. Але галоўнае, што выдае прыход новай пары года, цішыня. Адшчабяталі птушкі, адсакаталі конікі, паспакайнелі сцяжэлыя за лета чмялі, і нават камары не так даймаюць сваім нудным піскам. Хіба толькі зашапаціць пад нагамі сухая хвоя, ды настойлівы дзяцел выдасць “марзянку”, якая пакоціцца наўсцяж гулкім рэхам. Маўклівасць лесу – найлепшы суразмоўца душы. Думкі абуджаюцца лёгкія, светлыя…

Вось менавіта ў такі час выпала работнікам лясной гаспадаркі адзначаць сваё прафесіянальнае свята, а значыць, падводзіць вынікі, будаваць планы на перспектыву і, безумоўна ж, ушаноўваць тых, хто папрацаваў на славу. Сёлета нагрудны знак “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь” уручаны ляснічым Багданаўскага, Вішнеўскага і Ракаўскага лясніцтваў Станіславу Жукоўскаму, Вячаславу Гаспарэвічу, Уладзіміру Сіўко.

Такую ж узнагароду, але за дзесяцігадовую вахту атрымалі майстар лесу Івянецкага лясніцтва Віктар Лукашык, ляснік Каменскага лясніцтва Вікенцій Роман, ляснік Валожынскага лясніцтва Артур Нурый. Ганаровымі граматамі абласнога ўзроўню выказана пашана майстру лесу Румскага лясніцтва Фёдару Алешку, трактарыстам лясгаса Уладзіміру Рамановічу і Анатолю Кузняцову. Дзякуючы не толькі ім, але і іншым працаўнікам, ДЛГУ “Валожынскі лясгас” рэалізавала на экспарт перапрацаванай драўніны з дабаўленай вартасцю амаль на 800 тысяч долараў. Гэта піламатэрыялы, тэхналагічная сыравіна. Запатрабаваным таварам як на айчынным, так і на замежным рынках паліўных матэрыялаў застаюцца шчэпкі. Усяго ж лесарубамі нарыхтавана 83 тысячы метраў кубічных драўніны.

З гэтага года кіраўніцтва лясгаса вырашыла пайсці на эксперымент: арганізаваць брыгаду, якая будзе займацца толькі доглядам за маладым лесам. Асноўная функцыя брыгады – высечка хмызняку, пустазелля, кустоў паміж радкамі ў месцах пасадкі елак, сосен, ліставых дрэў. Як аказалася, эксперымент удаўся. Там, дзе з піламі прайшлі Андрэй БРАЖЫЦКІ, Аляксандр СІКОРСКІ, Аляксей ЮЖЫК і Юрый ДЭЙКО, лесапасадкі выглядаюць выключна хораша.

За адзін дзень кожны з лесарубаў апрацоўвае 2-2,5 гектара. Работа ў хлопцаў не толькі адказная, але і фізічна цяжкая. Піла, якую неабходна трымаць навыцяжку ў руках, важыць 8 кілаграмаў. Спецыяльны ахоўны касцюм таксама не пушынка. Асабліва дастаецца лесарубам у летнюю спёку. Восень – самы прадукцыйны час.

Шмат слоў падзякі заслужылі нашы лясгасаўцы і ад калег з суседніх раёнаў за дапамогу, якую яны аказваюць у барацьбе з жуком-караедам. Вынік агульных намаганняў – шкоднік паступова страчвае свае пазіцыі, а ў нашым раёне ён так і не змог шырока распаўсюдзіцца.

Не застаюцца па-за ўвагай лесааднаўленчыя і лесаахоўныя работы, пабочная вытворчасць. Пасаджана 59 гектараў хвойнага і змешанага лесу, ачышчаны ад завалаў і смецця вялікія ўчасткі на тэрыторыях Ракаўскага і Румскага лясніцтваў, добраўпарадкаваны тэрыторыі вакол адміністрацыйных будынкаў і вытворчых участкаў. Акрамя гэтага, работнікамі лясной гаспадаркі раёна выкананы план па нарыхтоўцы бярозавага соку, мёду, шышак. Паляўнічай гаспадаркай аказана паслуг на суму прыкладна ў 20000 рублёў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *