Апошняй кропляй у самагоннай “кар’еры” чатырох жыхароў раёна стаў нечаканы візіт супрацоўнікаў праваахоўных органаў

Закон и порядок


У час аднаго з нядаўніх сумесных рэйдаў па выяўленні фактаў самагонаварэння супрацоўнікі РАУС і газеты пабывалі ў чатырох адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Валожыншчыны. Першы прыкры факт выкрыўся ў адным з населеных пунктаў Івянецкага сельсавета: у гаспадара на падворку міліцыянеры выявілі самагонны апарат і ў “давесак” да прыстасавання – 100 літраў брагі (на першым здымку).
Падобная карціна адкрылася вачам і на Вішнеўскай зямлі. Там, праўда, брагу ўжо людзі скарысталі па прамым прызначэнні, “выціснуўшы” з субпрадукту самагон. Падчас агляду сядзібы праваахоўнікі знайшлі 10 літраў гарэлкі ўласнай вытворчасці.

Наяўнасцю самагонных апаратаў у падсобных гаспадарках змаглі “пахваліцца” два жыхары наваколля Гародзькаў і адной з вёсак Валожынскага сельсавета. Хоць яны і не выкарыстоўвалі прылады непасрэдна ў час візіту рэйдавай групы, аднак іх наяўнасць сведчыла сама за сябе.


Як паведаміў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Сяргей Латышаў, з пачатку года ў насельніцтва выяўлены 21 самагонны апарат, 4700 літраў брагі, каля 400 літраў самагону. На парушальнікаў заканадаўства складзены 73 адміністрацыйныя пратаколы.

Сяргей Вітальевіч нагадаў: згодна з артыкулам 12.43 КоАП Беларусі, выраб або набыццё фізічнымі асобамі моцных алкагольных напояў, брагі, а таксама захоўванне апаратаў для іх вырабу караюцца папярэджаннем або накладаннем штрафу да 5 базавых велічынь з канфіскацыяй напояў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

За тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, або выраб фізічнай асобай больш за пяць літраў самагону, больш за трыццаць літраў брагі ці захоўванне звыш трыццаці літраў паўфабрыката прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй названых напояў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

Начальнік МГБ заўважыў таксама, што і людзі не застаюцца раўнадушнымі да чужога (а часам і ўласнага) гора, выкліканага незаконным промыслам аднавяскоўцаў. Па ананімных паведамленнях – а такіх у райаддзел сёлета паступіла 28 – праводзяцца праверкі. І факты пацвярджаюцца! С. Латышаў падзякаваў грамадзянам за неабыякавасць: магчыма, кожны такі званок выратаваў не адно жыццё, пазбавіў мноства сем’яў ад гвалту ды сварак. Падпалкоўнік міліцыі папрасіў не ўтойваць вядомыя людзям звесткі пра незаконны выраб, захоўванне ці рэалізацыю алкаголю саматужнай вытворчасці.

Тэлефон – 102. Канфідэнцыяльнасць гарантавана.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *