Моладзь выбірае прафсаюз

Молодежный курьер Общество

Галоўная мэта прафсаюзнага руху – аб’ядноўваць людзей, каб разам дабівацца дабрабыту кожнаму працуючаму і для ўсёй краіны. Сёння прафсаюзы прымаюць важныя рашэнні ў сацыяльна-эканамічнай сферы, аказваюць прававую падтрымку сваім членам.

Маладое пакаленне з’яўляецца важнейшым рэсурсам грамадства, генератарам новых ідэй, планаў, свежых і нестандартных хадоў. Таму прафсаюзы зацікаўлены ў прыцягненні моладзі ў свае рады. Каб гэтага дабіцца, неабходна данесці юнакам і дзяўчатам інфармацыю пра магчымасці прафсаюзнай работы.

Менавіта такую мэту паставілі перад сабой курсы маладзёжнага прафсаюзнага актыву, якія адбыліся на базе “Дом адпачынку “Лагойскі” ў лютым гэтага года. Удзел у мерапрыемстве прынялі 90 чалавек. Яны прадстаўлялі банкаўскіх і фінансавых работнікаў, лясную гаспадарку, будаўніцтва і прамысловасць. Дэталёва была разгледжана тэма “СМІ і імідж прафсаюзнай арганізацыі ў іх”. 

ЦБП № 605 г. Валожына дэлегавала старшыню прафсаюзнай пярвічкі  Лену Віктараўну Мацаль.   

На працягу тыдня маладзёжны актыў банкаўскіх і фінансавых работнікаў вывучалі такія пытанні, як асновы медыямененджменту, выбар каналаў камунікацыі і спосабы ўзаемадзеяння з мэтавай аўдыторыяй, пошук тэм для медыяпраектаў, антыкрызісныя камунікацыі і работа з негатывам у сацыяльных сетках. Акрамя тэорыі, былі і практычныя заняткі па распрацоўцы і прэзентацыі міні-праектаў.  

Нікога не пакінула раўнадушным сустрэча з рэжысёрам Аляксеем Сяліцкім, які раскрыў сакрэты мантажу, дызайну, напісання цітраў. Новыя веды абавязкова спатрэбяцца слухачам не толькі ў рабоце, але і ў паўсядзённым жыцці.

Кульмінацыйным момантам семінара стала абарона праектаў. Неабходна было пераканаўча расказаць, чаму менавіта такая тэма павінна рэалізавацца ў СМІ. А для гэтага спатрэбілася праявіць творчыя магчымасці і неардынарнае мышленне. Конкурсная камісія ўважліва разгледзела і ацаніла ўсе работы. Перамогу прысудзілі супрацоўнікам банкаў. 

Не менш эмоцый пакінула і культурна-забаўляльная праграма. Перад удзельнікамі курсаў выступалі зоркі беларускай эстрады, потым усе жадаючыя маглі праверыць свае веды ў інтэлектуальнай гульні “Шоу-квіз “Квізіно”. Напрыканцы мерапрыемства прайшла своеасаблівая экскурсія па ўніверсітэце “МІПСА”. Тут былі прадугледжаны выступленні кампетэнтных спецыялістаў. Яны расказалі пра бяспеку, пра новыя рэаліі імкліва зменлівага свету, пра сацыяльныя сеткі, якія цалкам захапілі нас.

Пры падвядзенні вынікаў самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі, а таксама магчымасцю прыехаць на чарговы трэнінг.

Сучаснае жыццё дыктуе новыя ўмовы. Гэта адчуваем усе мы. І прафсаюзныя арганізацыі не застаюцца ўбаку перамен. Курсы адкрылі перад маладымі актывістамі новыя магчымасці і далі эмацыянальны імпульс для рэалізацыі сваіх ідэй.   

Наш кар.