Рэгіянальныя навіны

Региональные новости

У вольны ад вучобы час валожынскія ліцэісты аказваюць дапамогу ветэранам вайны і працы ў выкананні работ на прысядзібных участках і падворках, якія старым людзям ужо не па сілах.

Гэтай вясной па просьбе работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведаліся ў дом № 5 па завулку Чапаева ў райцэнтры. Там пражываюць Георгій Іванавіч і Галіна Сямёнаўна Карабаны, абое, дарэчы, маюць групы інваліднасці. Пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Алега Валер’евіча Янковіча навучэнцы групы 15-103 складвалі дровы. Асаблівым клопатам атуляюць ветэрана працы свайго калектыву – Тамару Пятроўну Мандрык. Некалькі дзяўчат з групы 25-35 і юнакоў з групы 15-104 разам з майстрам вытворчага навучання Валянцінай Валянцінаўнай Рафаловіч дапамаглі жанчыне пасадзіць бульбу.

 

 

У гэтыя дні рамонтныя работы вядуцца на чацвёртым паверсе раённай паліклінікі – ва ўсіх памяшканнях рэнтгенаддзялення і на калідоры.

Рамонт вядуць не толькі ўласнымі сіламі, а і з прыцягненнем фірмы-падрадчыка, якая выйграла тэндар. У памяшканнях, дзе ўстаноўлена рэнтгенабсталяванне, нават падлога павінна быць спецыфічнай, ёсць і іншыя патрабаванні. Пасля завяршэння работ у кабінеце будзе ўстаноўлена новае абсталяванне на тры рабочыя месцы, набытае Міністэрствам аховы здароўя. Яшчэ адным новаўвядзеннем стане абсталяваны інфакіёск. У гэты кабінет будзе наладжана электронная чарга, каб пацыенты чакалі выклік у камфортных умовах, а не тоўпіліся пад дзвярамі.

 

 

Прэзідэнт міжнароднага элітарнага саюза народнай дыпламатыі Бахат Рустэмаў запрасіў у сваю групу членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Людмілу Садоўскую і Наталлю Жызнеўскую.

Група створана для збліжэння культур народаў свету і налічвае ўжо 677 удзельнікаў. Сам Б. Рустэмаў з гэтай місіяй ездзіць па розных краінах і пры падтрымцы паэтаў, пісьменнікаў і дзеячаў культуры наладжвае сувязі паміж народамі. У 2017 годзе ён наведаў нашу краіну. Узнагароджаны ордэнам “Голуб міру”. Нашы зямлячкі даслалі ўжо свае літаратурныя творы, а таксама артыкулы пра Вялікую Айчынную вайну, знішчэнне валожынскага гета. У паэтак шмат планаў па знаёмстве прадстаўнікоў іншых культур з Валожыншчынай.

 

 

Увесь бягучы тыдзень, з 18 па 24 мая, у рэспубліцы праходзіць акцыя “Чысты вадаём”, якую ініцыіруе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Традыцыйна яна накіравана на экалагічнае выхаванне ўсіх слаёў насельніцтва, прывядзенне ў парадак перад летнім сезонам прыбярэжных зон рэк і азёр, месцаў адпачынку на іх.

Члены раённай арганізацыі таварыства будуць шчыраваць на ўборцы смецця па берагавой паласе Сакаўшчынскага вадасховішча, на Дубінскіх разлівах, у месцах адпачынку на рацэ Іслач. Некалькі тыдняў раней рыбаловы праявілі ўласную ініцыятыву і сабралі 7 мяхоў смецця на Сакаўшчынскім вадасховішчы. Як вядома, чыста там, дзе не смецяць. І такія паводзіны для кожнага з нас павінны стаць нормай. А дзяцей лепш выхоўваць бацькам на ўласным прыкладзе, таму добра было б рабіць уборку разам з нашчадкамі. Дарэчы, далёка хадзіць не трэба: можна паспрабаваць пачысціць вадаём у цэнтры горада.

 

 

У мінулым годзе ва ўсіх шматкватэрных дамах (ад чатырох кватэр і больш) у Валожыне, Івянцы і Ракаве былі пракладзены оптавалаконныя лініі, што дало магчымасць жыльцам атрымаць высакахуткасны Інтэрнэт і пакет паслуг “Ясна”. Увесь шматкватэрны сектар раёна закрыты.

На працягу апошніх трох гадоў работнікі Валожынскага вузла электрасувязі вядуць замену тэлефонных нумароў у сельскіх населеных пунктах у сувязі з пераключэннем на сетку IMS (мультымедыйная сістэма на аснове пратакола Інтэрнэт), што дае магчымасць і на вёсцы карыстацца мноствам сучасных паслуг сувязі. А вось новы тэлефонны даведнік, на жаль, пакуль што нам не абяцаюць.

 

 

19 мая цяпер адзначаецца не Дзень нараджэння піянерскай арганізацыі імя У. І. Леніна, а Дзень піянерскай дружбы. Але і ў гэтага свята былі свае традыцыі, якія давялося адмяніць у сувязі з каранавірусам. Цяпер святкаванне праходзіла ў рэжыме анлайн-эстафеты добрых спраў піянераў Міншчыны.

На прадстаўленых відэароліках піянеры кожнага раёна перадавалі адзін аднаму эстафету. Наш раён прадстаўляла вучаніца 7 “Б” класа сярэдняй школы № 2 райцэнтра, член валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” Крысціна Сухалет, якая расказала аб гэтым кірунку дзейнасці піянерскай дружыны.