Спорыцца работа, калі яна ў ахвоту

Общество

Працоўны стаж у прадаўца КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” Дануты Вікенцьеўны СЦЕФАНОЎСКАЙ такі, што і ўявіць складана, – 55 гадоў. І на працягу ўсяго гэтага перыяду жанчына ніколі не падвяла калег па рабоце, заўсёды была ў перадавіках, не раз яе партрэт размяшчаўся на раённай Дошцы гонару. Сярод самых важкіх адзнак – медаль “За доблесную працу”, якой Данута Вікенцьеўна ўзнагароджана згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

На ўласны хлеб Данута Вікенцьеўна пайшла адразу пасля заканчэння Таўканаўскай васьмігодкі. Пятнаццацігадовай дзяўчынай уладкавалася на работу ў Івянецкі прамкамбінат зборшчыцай шчаўя. Першыя яе заробкі складалі 3 рублі ў месяц. Такія грошы і ў тыя часы лічыліся неймаверным мізерам, але сціпласць і выхаванасць не дазвалялі дзяўчыне патрабаваць больш. Добра, што адшукаўся чалавек, які пашкадаваў працавітае дзіця і падказаў выбар далейшага жыццёвага шляху. Вось так і стала Данута, тады яшчэ Жалток, работніцай атэлье. Праз некаторы час яна паступіла ў тэхнікум на тэхнолага швейнай вытворчасці, вучылася завочна і імкліва падымалася па кар’ернай лесвіцы. Працоўную дзейнасць паспяхова спалучала з грамадскай: 10 гадоў была камсамольскім важаком, потым уступіла ў партыю, шмат гадоў узначальвала партячэйку РКБА.

За якую б справу ні бралася Данута Вікенцьеўна, выконвала яе ўзорна. Нават пайшоўшы на заслужаны адпачынак, яна не раз выручала родны РКБА, паспяхова рэалізуючы прадукцыю швейнага цэха. Забяспечыўшы ёй жыхароў Валожыншчыны, пачала асвойваць новыя рынкі збыту: Мінск, Віцебск, іншыя вялікія і малыя населеныя пункты. План перавыконвала і нярэдка менавіта грашовая выручка Д. В. Сцефаноўскай падымала агульную рэнтабельнасць Дома быту. А ўсяго гэтаму калектыву яна аддала 54 гады жыцця. Мяняліся кіраўнікі РКБА, а Данута Вікенцьеўна па-ранейшаму застаецца запатрабаванай. Калі з’яўляецца неабходнасць некага павіншаваць або падрыхтаваць нумар мастацкай самадзейнасці, яна напіша верш, прыдумае сцэнарый. І гэта далёка не ўсе таленты Д. В. Сцефаноўскай.  

У дзяцінстве, калі наведвалася да сваёй хроснай маці Леанарды Мікалаеўны Протас з Івянца, то заўсёды дзівілася, як з бульбы, мукі, яек можна прыгатаваць не толькі звычайныя камы ці зацірку, а нешта вытанчанае, смачнае і прыгожае адначасова. Кулінарыя стала для Дануты Вікенцьеўны спачатку хобі, а потым і работай: па сумяшчальніцтве працавала поварам у кафэ “Мікс”, ладзіла пад заказ святочныя застоллі.

…У нядзелю гэта цудоўная жанчына адзначыць 70-годдзе. Работнікі РКБА спадзяюцца, што яшчэ не адзін юбілей яны сустрэнуць з Данутай Вікенцьеўнай як са сваёй калегай. Запасу энергіі, вопыту, а таксама добразычлівасці да людзей у яе хопіць на шмат гадоў.  

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Анжэлы РАДЫНА