Дадзены старт маладзёжнаму інтэрнэт-конкурсу «#Перамога75»

75 лет Великой Победе! Важное Общество

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт аб’явіў аб старце адкрытага маладзёжнага інтэрнэт-конкурсу «#Перамога75». Аб гэтым расказала кіраўнік студэнцкага клуба ўстановы вышэйшай адукацыі Лідзія Дзямідава.

«Інтэрнэт-конкурс праводзіцца ўпершыню і мае анлайн-фармат. Стаць яго ўдзельнікам можна, не выходзячы з дому, — адзначыла Лідзія Дзямідава. — Творчае спаборніцтва стымулюе сацыяльную актыўнасць студэнтаў і навучэнцаў, а таксама акцэнтуе ўвагу на фарміраванні грамадзянскасці і патрыятычнага выхавання сярод падрастаючага пакалення».

Маладзёжная ініцыятыва рэалізуецца ў дзвюх узроставых катэгорыях: першая — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй (9-11-ы класы), прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, другая — студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Конкурс пройдзе па трох намінацыях: «ПЕСНЯПЕРАМОГА», «ФОТАПЕРАМОГА» і «ВЕРШЫПЕРАМОГА». Удзельнікі першага напрамку павінны выслаць відэазапіс выкананай пад гітару песні пра Вялікую Айчынную вайну. Журы вітае кампазіцыі франтавога побыту, ваенныя, лірычныя, узятыя з кінафільмаў і інш. Відэаролік можа быць зняты нават на камеру мабільнага тэлефона, адзіная ўмова — каб не дрыжаў кадр, не было пабочных шумаў і іншых перашкод. Таксама не дапускаецца мантаж відэароліка — здымка павінна быць бесперапыннай.

У намінацыі «ФОТАПЕРАМОГА» будуць разгледжаны аўтарскія работы з выявай ветэранаў, працаўнікоў тылу, блакаднікаў Ленінграда, вязняў фашысцкіх лагераў, дзяцей вайны. Прымаюцца здымкі з мерапрыемстваў ваенна-гістарычнай накіраванасці і здымкі ў музеях. Адзін аўтар можа заявіць не больш за тры фота. Кожнае з іх журы ацэніць па шэрагу крытэрыяў: цэласнасць сюжэта, арыгінальнасць рашэння, інфармацыйная змястоўнасць, кампазіцыйная пабудова і інш.

Удзельнікам намінацыі «ВЕРШЫПЕРАМОГІ» прапанавана зрабіць відэазапіс з чытаннем вершаў пра вайну — чужога аўтарства або ўласнага напісання. У роліках дапускаецца выкарыстанне музычнага суправаджэння і тэматычных касцюмаў.

Конкурсныя работы будуць прымацца да 12 мая на электронны адрас студэнцкага клуба БРУ: studclub300@mail.ru. Аб выніках творчага спаборніцтва аргкамітэт паведаміць не пазней за 20 мая. Лепшых у кожнай намінацыі ўзнагародзяць дыпломамі I, II і III ступеней, а таксама памятнымі падарункамі.

Згодна з інфармацыяй БелТА