“Катэджы” для птушак

Без рубрики

Любоў да прыроды і клапатлівыя адносіны да яе закладаюцца ў дзяцей толькі тады, калі яны бачаць штодзённы станоўчы прыклад з боку дарослых – выхавальнікаў і бацькоў.

Найбольш эфектыўнымі формамі ўзаемадзеяння педагога з дзецьмі па экалагічнай адукацыі лічацца такія, дзе дашкольнікі атрымліваюць магчымасць непасрэднага кантакту з прыродай. У гэтым выпадку ў хлопчыкаў і дзяўчынак фарміруюцца не толькі веды, але і вопыт іх выкарыстання ў практычнай дзейнасці. Сюды можна аднесці экскурсіі, прагулкі, назіранні і інш. Адной з цікавых форм работы з’яўляецца правядзенне акцый, якія развіваюць пазнавальную цікавасць да прыроды роднага краю, павышаюць узровень экалагічнай культуры не толькі выхаванцаў, але і бацькоў, дапамагаюць ім актыўна ўключацца ў педагагічны працэс, дазваляюць палепшыць экалагічны і эстэтычны стан тэрыторыі ўстановы адукацыі.

У Сівіцкім НПК у групе “Гномікі” прайшла акцыя “Сустракай вясну дабром”, падчас якой сем’і нашых выхаванцаў былі прыцягнуты да вырабу шпакоўняў, а значыць, да вырашэння праблем навакольнага асяроддзя праз выхаванне клапатлівых адносін да птушак.

У ходзе мерапрыемства былі зроблены 5 новых “катэджаў” для маленькіх песняроў. Затым дашкольнікі разам з рабятамі са старэйшых класаў і работнікамі ўстановы адукацыі выбралі дрэвы, на якія б хацелі змясціць шпакоўні. Цяпер, шпацыруючы па нашым дэндрапарку, мы ўсе любуемся новымі хаткамі для птушак і рады, што зрабілі нешта добрае і карыснае! Спадзяёмся, што ў хуткім часе пачуем пацешныя галасы іх жыхароў!

Алена ГОЛУБ