Яе прозвішча – характарыстыка

Важное Люди и судьбы

Гаворачы пра гэту жанчыну, слова “пажылая” ўжываць проста няёмка. Энергетыка, абаяльнасць, спрыт значна аддаляюць яе ад лічбаў у пашпарце. Ды і сам вобраз мініяцюрнай бландзінкі з вялікімі вачамі стварае ілюзію стапрацэнтнай маладосці. А, між іншым, літаральна на днях Жанна Мікалаеўна ЖЫВІЦКАЯ прымала віншаванні з 80-гадовым юбілеем.

Яе жыццёвы шлях пачаўся ў вёсачцы пад Заслаўем. Першыя ўспаміны звязаны з вайной. Бацьку забралі на фронт (служыў авіямеханікам, меў мноства ўзнагарод), маці з дзецьмі засталася на акупіраванай тэрыторыі. У пачатку вайны Жанне толькі-толькі споўніўся год, а на момант вызвалення Беларусі мінула чатыры. Летам 1944 года Чырвоная Армія наступала. Вяліся жорсткія баі. Як зараз, помніць яна гук самалётаў, бамбёжку, хаос, што ўзнікаў, калі людзі, пахапаўшы самае неабходнае (у тым ліку і скаціну), беглі ў кірунку леса, каб там знайсці выратаванне. Памяць захавала і прыемны момант, калі матуля спляла ёй новыя лапцікі, а з парашутнай тканіны пашыла сукеначку. Самой сабе дзяўчынка здавалася ў гэтым уборы прынцэсай. Маленькую прыгажуню бабуля ўпотай аб бацькоў павяла ў царкву хрысціць. Эпізод трывала засеў у галаве – вельмі смачным падалося віно кагор, якім прычашчаў святар. Той смак доўгі час асацыіраваўся з чымсьці загадкавым і пазітыўным.

Пасля вайны сям’я жыла ў Радашковічах, дзе бацька працаваў у райкаме. З 1951 года яе лёс непарыўна звязаны з Валожынам. Бацьку перавялі сюды другім сакратаром райкама. Жылі, нягледзячы на высокую пасаду, бедна. Мікалай Мурзіч быў вельмі прынцыповым чалавекам і сапраўдным камуністам – карыстацца льготамі не жадаў. Таму яго дзеці падоўгу прастойвалі ў бясконцай чарзе за хлебам, якую патрэбна было займаць з 4 гадзін раніцы.

Бацькі верна служылі ідэалам савецкай улады, на дзяцей часу не мелі, таму Жанна рана стала самастойнай і, па прыкладзе старэйшых, шмат часу праводзіла за выкананнем грамадскіх даручэнняў. Дзяўчынка расла адданай піянеркай. Настолькі ганарылася гэтым статусам, што гатова была нават спаць у гальштуку. Невялічкая актывістка ўжо тады магла аказваць магутнае ўздзеянне на акружэнне. Яе аднагалосна выбіралі старастай, старшынёй савета атрада і г. д. Калі стала камсамолкай, апантана ўключылася ў работу пярвічнай арганізацыі. Канцэрты, агітбрыгады, асветніцкая работа – ва ўсім гэтым была адной з першых. Бадай самая меншая ростам у класе, яна выдатна абараняла спартыўны гонар школы, лічылася нядрэннай валебалісткай.

Пасля школы паступіла ў медвучылішча. Чаму выбрала прафесію медыка? Прычын можна ўзгадаць некалькі. У педінстытут не паступіла, а сярод знаёмых было шмат урачоў, фельчараў, медсясцёр, і кожны з іх – паважаны чалавек. Жанна, як і яны, заўсёды імкнулася дапамагаць людзям і ніколі нічога не баялася. Хоць не адразу, дзесьці на 3-м курсе, прыняла і палюбіла будучую спецыяльнасць, а пасля ніколі ёй не здраджвала.

У 1960 годзе прыступіла да выканання няпростых абавязкаў фельчара хуткай дапамогі. Што гэта была за работа! Пры мінімуме сродкаў неабходна было аказваць максімум паслуг насельніцтву. Яна добра помніць першы выезд на выклік і свой страх, калі аказалася, што ў пацыента “востры жывот”. Усё скончылася добра, далей справа з дыягназамі і першай дапамогай увогуле пайшла ўпэўнена. Не разгубілася і тады, калі давялося прымаць роды па дарозе ў радзільны дом.

Хутка малады спецыяліст выйшла замуж за свайго даўняга прыхільніка. Алік (Альберт) Жывіцкі быў родам з Гомеля. Юнак праходзіў у Валожыне тэрміновую службу, дзе і пазнаёміўся з сімпатычнай дзевяцікласніцай. Ён падабаўся школьніцы, толькі да развіцця адносін яна ў той час не дарасла. Але нават закончыўшы службу і вярнуўшыся на радзіму, верны кавалер не забыў каханую. Маладыя доўга перапісваліся, а вяселле згулялі ў 1961 годзе. У іх нарадзіліся дзве дачкі. Давялося сумяшчаць абавязкі жонкі і матулі з работай у якасці інструктара санасветы. Пазней маладую жанчыну прызначылі загадчыкам кабінета асветы пры санстанцыі. У 1971 годзе яе абралі на пасаду старшыні раённага камітэта Чырвонага Крыжа. З гэтай арганізацыяй Жанна Мікалаеўна не расставалася да 2015 года.

Работа ў Чырвоным Крыжы ў гады росквіту савецкай улады была неверагодна цікавай. Асноўныя моманты фармуляваліся як 3Д (па-руску: “донорство, деньги, дружина”). Менавіта Ж. Жывіцкая наладзіла сур’ёзнае супрацоўніцтва са станцыяй пералівання крыві і адказвала за работу з людзьмі, якія ахвяравалі ўласную кроў дзеля выратавання хворых. Праблем з грашамі таксама не было – прадстаўнікі працоўных калектываў з ахвотай збіралі сродкі на работу дабрачыннай арганізацыі – сімвалічныя сумы нікому не здаваліся непадымальнымі. Што тычыцца сандружын, яны існавалі пры кожнай арганізацыі, у кожным калгасе. Спаборніцтвы ладзіліся часта, праходзілі весела. Пастраенні падчас аглядаў станавіліся сапраўднымі відовішчамі. І не дзіва – у страі бывала каля тысячы чалавек. Усе ў форме, са сваёй арыгінальнай праграмай, насценгазетамі і іншым антуражам…

На яе памяці мноства сітуацый, калі на тэрыторыі раёна ўзнікалі эпідэміялагічныя ачагі. Напрыклад, у 60-х гадах успыхнула дыфтэрыя, а за ёй – сібірская язва. У пачатку 70-х быў зафіксаваны яшчур. Як шчыра і аддана тады працавалі работнікі райбальніцы, санстанцыі, Чырвонага Крыжа, санбрыгады арганізацый, каб як мага хутчэй лакалізаваць распаўсюджванне інфекцыі.

Акрамя напружанай работы, было шмат вандровак, курсаў, мерапрыемстваў. Мела магчымасць рэалізоўваць і творчыя задаткі – часта станавілася ініцыятарам, аўтарам і вядучай агеньчыкаў, КВЗ, дабрачынных акцый. Яна з удзячнасцю ўспамінае людзей, якія падтрымлівалі яе пачынанні і дапамагалі ў рэалізацыі задуманага, – Анатолія Кулака, Вікенція Адамовіча, Сямёна Штэйнера, Аляксандру Трубачову, Лідзію Маляўкіну, Таццяну Кулік-Панарад, Надзею Мікуліч, Жанну Півавараву, многіх кіраўнікоў арганізацый і іх намеснікаў па ідэалагічнай рабоце.

Яе дэвіз – радок з песні Вахтанга Кікабідзэ: “Мои года – мое богатство”. І, сапраўды, Жанна Мікалаеўна ні за што не аддала б ніводзін дзень са свайго жыцця. Уладальніца дыплома ўніверсітэта марксізму-ленінізму Мінскага гаркама КПБ заўсёды верыла ў ідэалы камунізму, ды і зараз шчыра ўпэўнена ў тым, што грамадству неабходны ідэі, якія б згуртоўвалі людзей, натхнялі на дасягненне высокіх мэт.

У яе дома захоўваецца мноства ўзнагарод за высакародную дзейнасць на ніве народнай асветы і за дасягненні грамадскай арганізацыі, якой кіравала 44 гады. Яна – выдатнік аховы здароўя СССР, выдатнік санасветы, уладальніца ганаровага знака Чырвонага Крыжа і інш. За кожным медалём ці граматай – бясконцая праца няўрымслівай, адданай любімай справе асобы.

У нашай гераіні па-сапраўднаму сімвалічнае прозвішча – Жывіцкая. Магчыма таму і мае такую прагу да жыцця. Яна не зважае ні на ўзрост, ні на праблемы са здароўем, увесь час знаходзіцца ў пастаянным руху. Уразіў яе расказ пра перыпетыі з падвядзеннем прыроднага газу ў вёску Аўгустова, дзе жыве апошнія 18 гадоў. Так здарылася, што менавіта яе суседзі па вуліцы аднагалосна абралі старшынёй кааператыва. Маўляў, калі яна не зможа, то нічога і не будзе. І хто б падумаў? Дабілася свайго! Калі ж адзін са сталічных начальнікаў параіў у яе гады сядзець дома, прапанавала тое ж самае яму, а на развітанне паабяцала, што абавязкова пакарыстаецца блакітным палівам як мінімум гадоў пяць (мінула тры).

Жывіце шчасліва, Жанна Мікалаеўна, радуйце сваім жыццялюбствам родных і шматлікіх сяброў. З юбілеем Вас!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ