Хворых на COVID-19 выпускнікоў вызваляць ад экзаменаў

Безопасность и здоровье Важное

Згодна з інфармацыяй БелТА, такая норма змешчана ў пастанове Міністэрства адукацыі ад 26 мая нумар 101.

«Для папярэджання распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 Міністэрства адукацыі дапоўніла дзеючыя правілы правядзення атэстацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (пастанова Міністэрства адукацыі ад 20 чэрвеня 2011 года нумар 38) нормай, што прадугледжвае вызваленне ад усіх выпускных экзаменаў вучняў, якія знаходзяцца на самаізаляцыі ў перыяд правядзення выпускных экзаменаў. Для гэтага прынята пастанова ад 26 мая нумар 101, апублікаваная сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале», — расказалі ў прэс-службе.

У час правядзення выпускных экзаменаў гарадскія, раённыя, занальныя і раённыя ў гарадах цэнтры гігіены і эпідэміялогіі будуць прадстаўляць у аддзел або ўпраўленне адукацыі мясцовага выканкама спісы вучняў, якія маюць інфекцыю, выкліканую COVID-19, а таксама тых, хто знаходзіцца ў самаізаляцыі. «У гэтых спісах будзе змешчана інфармацыя аб вучнях, якія вызваляюцца ад выпускных экзаменаў. На падставе атрыманай інфармацыі мясцовыя органы адукацыі падрыхтуюць адпаведны загад і аператыўна давядуць яго да ведама ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Вучням у дакумент аб адукацыі будуць выстаўлены гадавыя адзнакі», — адзначылі ў ведамстве.

Такім чынам, для вызвалення ад выпускных экзаменаў вучняў, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам знаходзяцца ў самаізаляцыі, бацькі павінны толькі напісаць адпаведную заяву на імя дырэктара школы, гімназіі, ліцэя. «Астатнія дзеянні будуць выкананы мясцовымі органамі адукацыі. Адміністрацыя школ давядзе да ведама бацькоў неабходную інфармацыю», — дадалі ў міністэрстве.