Каб дарога радавала

Важное

У наш імклівы час добрае дарожнае палатно – гэта не толькі нязначныя траты часу на паездкі, але і камфорт, і безумоўная эканамічная карысць. Без сумнення, аўтамабіль, што эксплуатуецца на добрых дарогах, будзе служыць доўга. Таму кожнаму з нас хочацца адчуваць пад коламі сваіх сучасных і часта зусім нятанных “жалезных коней” адмысловае пакрыццё і імчаць па ім (з улікам дарожных знакаў!) з добрым настроем.

Прадстаўнікі калектыву асфальтабетоннай базы: тэхнік-лабарант Яўгеній ЛАПО, прараб Ігар МАХІНА, варшчык бітуму Вадзім ВЯРШЫЦКІ, тэхнік Вольга ЦІХАМІРАВА, грахатоўшчык Віктар Чыжэўскі, зваршчык Валянцін КАДЫРКА.

Пра тое, каб кожная з аўтадарог раёна як мага хутчэй мела выгляд нашай мары, пастаянна клапоцяцца ў дарожна-рамонтных арганізацыях Валожыншчыны. Нядаўна мы наведаліся ў ДРБУ № 167, дзе даведаліся пра асноўныя аб’екты, на якіх праведзены ці вядуцца работы ў бягучым годзе.

Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Саевіч, яшчэ напрыканцы мінулага года спецыяльнай камісіяй былі вызначаны ўчасткі, што патрабавалі тэрміновага рамонту. У складзе камісіі працавалі ўсе старшыні сельвыканкамаў. Вядома ж, кожны з іх стараўся лабіраваць інтарэсы грамадзян сваіх населеных пунктаў. Аднак кіраўніцтва раёна вельмі сур’ёзна падышло да гэтага пытання. Былі ўлічаны ўсе акалічнасці – запатрабаванасць дарог, іх знос і інш. У выніку камісія вызначыла менавіта тыя з іх, дзе ўмяшанне дарожнікаў патрабавалася ў першую чаргу. Згодна з рашэннем, зацверджаным раённым выканаўчым камітэтам, ужо сёння прыведзены ў адпаведны выгляд некалькі ўчасткаў рознай працягласці. На невялікіх адрэзках аўтадарог Рудзеўшчына-Высокае (1,2 км) і Нелюбы-Доры-Слабада (2,62 км) ліквідаваны дэфекты пакрыцця, пакладзены новы трывалы верхні слой. Выкарыстана адпаведна 890 тон і 1090 тон асфальтабетону, зрасходавана 113,5 і 226,3 тысячы рублёў. Праведзены рамонт і на працяглым участку аўтадарогі Вішнева-Гальшаны (5200 тон асфальтабетону, 720 тысяч рублёў). Патрэбна адзначыць, што тут работа яшчэ не завершана. Хутка на працягу ўсіх 11 кіламетраў з’явіцца слой шчэбню, які запаволіць знос асфальтабетону. Здадзены ў эксплуатацыю і 2-кіламетровы ўчастак дарогі Туркаўшчына-станцыя “Пралеска” са з’ездамі ў садовыя таварыствы.

Кіраўнік арганізацыі адзначыў, што адным з самых важных звёнаў у правядзенні дарожна-рамонтных работ з’яўляецца прадукцыйная работа калектыву асфальтабетоннай базы – структурнага падраздзялення філіяла. Невялікая каманда работнікаў (17 чалавек) абслугоўвае ўвесь высокатэхналагічны працэс вытворчасці некалькі відаў пакрыцця (у залежнасці ад катэгорыі дарог, на якіх яно будзе выкарыстоўвацца). У выніку перапрацоўкі чатырох інертных матэрыялаў – пяску, гранітнага адсеву, шчэбню і гравійнага адсеву – тут выпускаюць каля 350 тон у змену высакаякаснага матэрыялу, з якім пасля працуюць дарожна-рамонтныя брыгады.

 

Праязджаючы па адрамантаванай дарозе ў бок Багданава, нам пашчасціла пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, якія не могуць нарадавацца выніку працы дарожнікаў. Асабліва ярка і эмацыянальна выказаўся жыхар вёскі Ігнатава Франц Уладзіміравіч Аляшкевіч. Паважаны чалавек шмат гадоў працаваў землеўпарадкавальнікам у сельвыканкаме, некалькі скліканняў уваходзіў у склад мясцовага Савета дэпутатаў. Зараз – на пенсіі, але мае грамадскую нагрузку – прадстаўляе інтарэсы мясцовага насельніцтва ў якасці старасты вёскі. Ён першым, як кажуць, пачаў стукацца ў дзверы да прадстаўнікоў улады наконт праблемы, што турбавала многіх. Сёння Франц Уладзіміравіч з удзячнасцю ўспамінае, як уважліва выслухалі яго пажаданні і прапановы старшыня райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, іншыя службовыя асобы, як акуратна, з максімальнай зручнасцю для пешаходаў і аўтааматараў працавалі работнікі ДРБУ № 167.

Дарога праз вёску Ігнатава.
Аляксей ГРЫШЭВІЧ з Багданава

У дзень камандзіроўкі мы сустрэлі шмат жыхароў навакольных вёсак. Яны таксама далучыліся да слоў Франца Уладзіміравіча. Асабліва цікава было пачуць каментарый юнага жыхара Багданава, вучня 8 класа Аляксея Грышэвіча. Хлопчык з радасцю падзяліўся ўражаннямі ад адноўленай дарогі і тут жа паказаў клас у веданні Правіл дарожнага руху – расказаў, як павінны рухацца пешаходы, веласіпедысты і нават аўтамабілісты, каб дарога кожнаму з іх дарыла радасць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота аўтара і Сяргея БОБРЫКА