Выкаранім хатнюю тыранію

Важное Общество

Згодна з заканадаўствам, насілле ў сям’і – гэта наўмысныя дзеянні фізічнага, псіхалагічнага, сексуальнага характару, якія не толькі нясуць фізічныя ці псіхічныя пакуты, але і парушаюць правы, свабоды і інтарэсы чалавека.

На тэрыторыі нашага раёна актуальным пытаннем застаецца папярэджанне цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў на сямейна-бытавой глебе. Устаноўлена, што першапрычынай крыміналу ў дамах і кватэрах з’яўляецца злоўжыванне спіртным. Большасць злачынстваў учыняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Ахвярамі звычайна становяцца пажылыя грамадзяне, а таксама тыя асобы, якія не могуць сябе самастойна абараніць.

Спецыфіка работы міліцыі па прафілактыцы падобных злачынстваў заключаецца ў своечасовым рэагаванні на сігналы аб учыненых правапарушэннях, выяўленне праблемных сямей, папярэджанне вострых бытавых канфліктаў, ажыццяўленне выхаваўчай работы з асобамі, якія могуць праяўляць агрэсію.

Калі вы жывяце з небяспечным чалавекам, схільным да насілля, то пастарайцеся не заставацца з ім адзін на адзін. Падтрымлівайце цесныя сувязі з сябрамі, сваякамі, суседзямі, каб яны ведалі абстаноўку ў вашым доме. Абавязкова вывучыце на памяць нумары тэлефонаў людзей, да якіх можна звярнуцца ў цяжкую хвіліну. Заўсёды трымайце мабільны тэлефон пры сабе. Падчас канфлікту старайцеся пакінуць тыя месцы ў кватэры, дзе шмат небяспечных прадметаў. Напрыклад, кухню. Памятайце, што любую рэч агрэсар можа выкарыстаць у якасці зброі. Трымайцеся бліжэй да выхаду і ў крытычнай сітуацыі пакідайце кватэру.

На тэрыторыі раёна зараз функцыянуе “крызісны пакой”, дзе ахвяр сямейнага насілля выслухаюць, пракансультуюць, пры неабходнасці – прадаставяць начлег. Для аказання дапамогі пацярпелым арганізавана “гарачая тэлефонная лінія”: 8-801-100-8-801 (званок са стацыянарнага тэлефона бясплатны). Юрыдычную і псіхалагічную падтрымку тут ажыццяўляюць без выхадных з 8.00 да 20.00.

Памятайце, што хатняе насілле прыходзіць у сямейнае жыццё непрыкметна і застаецца надоўга. Той, хто распусціў кулакі адзін раз, абавязкова зробіць гэта яшчэ неаднойчы. І не верце яго абяцанкам, што больш такое не паўтарыцца…

Сяргей ЛАТЫШАЎ,
в. а. начальніка Валожынскага РАУС