Абавязак выканаў годна

Главное Общество

Паўлу БЕЛАНОВІЧУ з вёскі Макараўка 23 гады. Здаецца, гэта зусім няшмат, але біяграфія яго ўражвае. Малады чалавек час дарэмна не губляў – мае прафесійную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, валодае, як мінімум, пяццю прафесіямі, з’яўляецца студэнтам-завочнікам ВНУ і ўжо паспеў годна выканаць грамадзянскі абавязак ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Падчас гутаркі з юнаком разумееш: перад табой ужо не хлопчык, а мужчына, які прывык самастойна вырашаць праблемы і прымаць адказныя рашэнні. Ён ніколі не быў летуценнікам – мары, планы мае рэальныя і ўсімі сіламі імкнецца да іх здзяйснення.

“Вельмі спадзяюся жыць прыстойна, зарабляць добрыя грошы, мець камфортнае жыллё і аўтамабіль як мага лепшай маркі. Спадзяюся раз і назаўсёды стварыць сям’ю, дзе будуць панаваць любоў і ўзаемная павага”, – такой уяўляе сваю будучыню.

Хочацца верыць, што ўсё гэта збудзецца і ўчарашні сяржант не разгубіцца ў грамадзянскім жыцці, як не разгубіўся будучы падлеткам, калі пасля дзявятага класа не паступіў на жаданую спецыяльнасць аўтамеханіка. Тады гараваць не стаў – скончыў сярэднюю школу, затым у будаўнічым вучылішчы вывучыўся на тынкоўшчыка і майстра-плітачніка, паступіў у індустрыяльны каледж. Там атрымаў прафесіі тэхніка-будаўніка і майстра вытворчага навучання. У Валожыне ўладкаваўся на работу ў ТАА “ОлВерМантаж” (сантэхнічныя работы) і зрабіў яшчэ адзін адказны крок – паступіў у Полацкі ўніверсітэт (спецыяльнасць – інжынер-будаўнік), пасля чаго яму ўручылі павестку з ваенкамата. Служыў у Пячах спачатку ў якасці вадзіцеля, затым атрымаў кваліфікацыю інструктара і да самага звальнення вучыў кіраваць аўтамабілем ЗІЛ-135 маладых салдат. Працавіты, адукаваны, выдатна выхаваны юнак не любіць разважаць пра цяжкасці. Цвёрда ўпэўнены: наракаць на перашкоды – пустое, іх трэба пераадольваць, а планка, якую кожны ўстанаўлівае сабе самастойна, павінна быць як мага больш высокай.

Літаральна ўчора ён развітаўся з арміяй (не з пустымі рукамі – атрымаў ад кіраўніцтва часці ліст з падзякай за выдатную службу), таму плануе непрацяглы адпачынак, а далей – работа, вучоба, дапамога бацькам у іх клопатах. У вольны час абавязкова дазволіць сабе добры фільм ці адну з любімых кніг.

Хто дапамагае яму не разгубіцца на жыццёвым шляху? Бацька, маці, брат, сястра, сябры, ротны камандзір Уладзімір Васільевіч Ляскавец (сапраўдны бацька для салдат!) і каханая дзяўчына, якая на працягу 18 месяцаў штодня тэлефанавала яму, пісала SМS і нават амаль забытыя зараз лісты. Павел прызнаўся, што гэта вялікая рэдкасць у наш час – канверт у руках ваеннаслужачага. Але як прыемна – атрымаць такі нечаканы сюрпрыз, што абавязкова на ўсё жыццё застанецца напамінам пра армейскае жыццё, якое для хлопца з Валожыншчыны стала не проста адбываннем, а сапраўднай школай сталення.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара