Прыбытковае месца

Важное

У тым, што за чатыры месяцы бягучага года ДЛГУ “Валожынскі лясгас” атрымала валютнай выручкі ў памеры 573,3 тысячы долараў ЗША, не малую ролю адыграў майстарскі ўчастак “Клім”.

У 2011 годзе тут была ўстаноўлена лінія па распілу драўніны “Вальтэр”. Аднак хутка вытворчыя абароты ўчастка выраслі, і таму ў 2019 годзе наспела неабходнасць устаноўкі дадатковай лініі. Зараз на эксплуатацыі двух агрэгатаў заняты 55 рабочых. Кіруе працэсам Алег Лапата. Калектыў працуе без прастояў, на айчынны і замежны рынак ужо сёлета паставілі 3325 метраў кубічных абрэзаных і неабрэзаных дошак. Сыравіна на ўчастак паступае з усіх лясніцтваў раёна. Пасля перапрацоўкі аўтамабільным і чыгуначным транспартам дастаўляецца пакупнікам.

Акрамя дзелавой драўніны, на экспарт ідзе і шчапа. Рэалізацыя перапрацаванай драўніны з дабаўленай вартасцю – залог эканамічнай бяспекі. Таму да выпуску піламатэрыялаў ставяцца з вялікай увагай і пашанай. Шчапа – тавар запатрабаваны на сусветным рынку паліўных матэрыялаў. А ў прыватным сектары Літвы, Польшчы, Германіі драўніна – канкурэнт вуглевадародам.

Добры гаспадар, як вядома, марнатраўства не дапускае. Начальнік вытворчага аддзела лясгаса Віктар Альшэўскі тлумачыць, што адходы ў выглядзе апілак ідуць на патрэбу мясцовым сельгаспрадпрыемствам, аграрыям з суседняй Гродзеншчыны, прыватным асобам.

Гаворачы пра стабільную дзейнасць участка, нельга не ўспомніць людзей, якія яе забяспечваюць. За шматгадовую працу назапашана нямала прафесіянальнага вопыту ў Аляксандра Аксёнава, Віктара Баравога, Івана Пужынскага. Варта адзначыць, што на “Кліме” ўдзяляецца ўвага не толькі надзейнаму функцыянаванню тэхнікі, але і камфортным умовам для людзей. Не так даўно, напрыклад, тут адбылося капітальнае добраўпарадкаванне цэхаў і ўсёй прылеглай тэрыторыі.

Алена ЗБІРЭНКА