Зямлі нястомныя служыцелі

Важное

У першую нядзелю чэрвеня меліяратары Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У нашым раёне гэтым відам дзейнасці займаецца ДУП “Валожынскае ПМС”.

Пад кантролем прадпрыемства знаходзіцца вялікая гаспадарка: 17090 га асушаных сельскагаспадарчых зямель, у тым ліку 1009 км меліярацыйных каналаў, 525 гідратэхнічных збудаванняў. І ўсё патрабуе пастаяннага тэхнічнага і экалагічнага догляду.

У сферы абавязкаў сучасных меліяратараў – рэканструкцыя і абслугоўванне меліярацыйных сістэм і збудаванняў, кантроль за станам каналаў і вадасцёкаў, адным словам, падтрыманне воднага балансу на зямельных угоддзях. Нельга пераацаніць значэнне іх працы для аграпрамысловага комплексу. У любое надвор’е і ў любую пару года яны бездакорна робяць сваю справу.

Лета – час актыўнай барацьбы з расліннасцю. На сённяшні дзень на абкосцы каналаў працуюць 3 касілкі. Адказную місію выконваюць трактарысты Аляксандр Вячаслававіч Бажко, Андрэй Пятровіч Севярын, Вікенцій Міхайлавіч Сухадолец. Таксама вядуцца работы на аб’екце “Пазапляцовачныя інжынерныя сеткі да 60-кватэрнага жылога дома сацыяльнага карыстання ў г. Валожыне” і па тэхнічным доглядзе на меліярацыйнай і водагаспадарчай сістэме раёна.

Акрамя вышэйназванага, кадры і тэхніка прадпрыемства запатрабаваны і ў іншых сферах: разборцы неэксплуатуемых будынкаў, добраўпарадкаванні, аказанні паслуг будаўнічай тэхнікай.

Працуюць у Валожынскім ПМС 66 чалавек. Кожны добра ведае свой участак работы, адказна падыходзіць да абавязкаў. Сярод іх – людзі, якія аддалі прадпрыемству больш за трыццаць гадоў. Гэта машыністы экскаватара Вацлаў Іосіфавіч Бакштановіч, Валянцін Мікалаевіч Борыс, Мікалай Юр’евіч Дваракоў (яны працуюць тут ужо па 39 гадоў), Яраслаў Зыгмундавіч Завацкі, вадзіцелі Міхаіл Іванавіч Ганчарык, Валерый Іванавіч Макарэвіч (за дасягнутыя высокія паказчыкі ў рабоце па выніках 2019 года занесены на раённую Дошку гонару), вартаўнікі прамысловай базы Леанід Іванавіч Лебедзеў і Вацлаў Браніслававіч Петрашкевіч, прараб Зянон Зянонавіч Вештард, машыніст крана аўтамабільнага Антон Сяргеевіч Чабай (працоўны стаж на прадпрыемстве больш за 41 год). Кожны з іх заслугоўвае слоў удзячнасці і павагі за вернасць сваёй справе і высокія вынікі.

Па словах кіраўніка Паўла Міхайлавіча Стасяловіча, людзі з’яўляюцца асноўнай каштоўнасцю прадпрыемства, бо ад згуртаванасці і мэтанакіраванасці калектыву залежаць вынікі працы. Сярод лепшых работнікаў хочацца яшчэ назваць машыністаў экскаватара Аляксандра Уладзіміравіча Рынкевіча і Аляксандра Фёдаравіча Бражаловіча, трактарыста Аляксандра Вячаслававіча Бажко, вадзіцеляў Аляксандра Сямёнавіча Шчарбачэвіча і Васілія Міхайлавіча Кадырку, падсобных рабочых Юрыя Віктаравіча Бекіша і Мікалая Мікалаевіча Няхлебава, прарабаў Станіслава Францішкавіча Звоніка і Андрэя Мікалаевіча Болваха, інжынера па кадастры Людмілу Сяргееўну Таўгень.

Кіраўніцтва ПМС з гонарам і павагай успамінае людзей, якія ўсё сваё жыццё аддалі прадпрыемству і зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Гэта ветэраны працы Леанід Сцяпанавіч Жук, які ўзнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы меліяратар”, Яніна Міхайлаўна Рай, Анатолій Анатольевіч Міхалевіч, Фрэдзя Дамінікаўна Альхова, Пётр Аляксандравіч Рубацкі і многія іншыя.

Калектыў ПМС заўсёды праяўляў і праяўляе асаблівае старанне ў нялёгкай справе меліярацыі. Існуючы патэнцыял, вялізны вопыт, прафесійныя кадры і жаданне працаваць на карысць роднай краіны дазваляюць эфектыўна выконваць адказныя задачы.

З нагоды прафесійнага свята хочацца сардэчна падзякаваць нястомным служыцелям зямлі за іх старанне і пажадаць добрага надвор’я, здароўя, поспехаў і дабрабыту.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара