Стыль і традыцыі сябруюць

Важное Культура

Напярэдадні Дня вышыванкі абласнымі камітэтамі БРСМ сярод моладзі праведзены фотаконкурс «Сэлфі&фота з вышыванкай». Наш раён прадставілі некалькі творчых груп. Не магла не паўдзельнічаць у цікавым праекце і наша рэдакцыя, тым больш, што асабіста я з’яўляюся ўладальніцай прыгожай кашулі, вышытай рукамі адной з самых знакамітых майстрых Валожыншчыны.

Пра тое, каб папоўніць свой гардэроб стылізаваным нацыянальным уборам – такім, што можна апранаць у паўсядзённым жыцці, марыла даўно. Яшчэ ў студэнцкія гады прыняла ўдзел у святкаванні юбілею горада Рагачова. Там нас, студэнтак, апранулі ў беларускія нацыянальныя касцюмы, і мы з вянкамі ў руках узначальвалі святочнае шэсце. Ах, якая прыгожая была на мне кашуля! Як не хацелася з ёй расставацца. Вось тады і ўзнікла мара – набыць штосьці падобнае. Але ўсё не здаралася.

Некалькі гадоў таму пазнаёмілася з Марыяй Іванаўнай Шумскай з Ракава, напісала пра яе, былую настаўніцу і выключную мастачку, артыкул. Удзячная жанчына прапанавала мне вышыць штосьці на памяць. Я ўзрадавалася. Пашыць незвычайны ўбор – туніку ў нацыянальным стылі па маім уласным эскізе – згадзілася яшчэ адна выдатная майстрыха, таксама ракаўчанка, Хрысціна Станіславаўна Лямбовіч. Пасля чаго на танюткім кужалі з’явіліся вельмі далікатныя чырвоныя крыжыкі.

Па ўзросце ніхто з нашага калектыву не мог удзельнічаць у маладзёжным конкурсе. Тут дапамаглі нашы нашчадкі – мой сын Уладзіслаў (выступіў фатографам) і дачка Алены Збірэнкі Урсула Беняш. Гэта прыгажуня і стала мадэллю, што прадставіла вельмі дарагую для мяне рэч.

Прыгожая дзяўчына ў прыгожай вышыванцы… Пагадзіцеся, паважаныя чытачы, тут ёсць на што паглядзець. А каб вы ведалі, якая асалода быць апранутай ва ўбор, у якім стыль і традыцыі сябруюць, то і самі б набылі штосьці падобнае.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ.
Фота Уладзіслава КРАЎНЕВІЧА