Лёс высветліўся праз гады

Главное Люди и судьбы

Нядаўна мы адсвяткавалі 75-гадовы юбілей Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а зараз сустракаем Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны раз напярэдадні гэтых святаў у нашай краіне ўшаноўваюцца ветэраны, успамінаюцца тыя, хто загінуў на франтах, быў замучаны ў канцлагерах, спалены ці расстраляны падчас карных аперацый. Але і да сённяшняга дня ў многіх з нас знойдуцца сваякі, чый лёс не высветлены. Гэта людзі, што прапалі без вестак, і пошук на працягу дзесяцігоддзяў не даў выніку.

Менавіта з гэтай праблемай сутыкнулася сям’я жыхаркі Валожына Тамары Яныш. Жанчына з дзяцінства ведае, што родны дзядзька яе матулі Пётр Фёдаравіч Косік быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1944 годзе, а з вайны так і не вярнуўся. Яго бацька доўгі час пісаў запыты ў ваенкамат, але пра тое, куды знік сын, так і не даведаўся. Па ўсіх дакументах жыхар горада Валожына Баранавіцкай вобласці лічыўся прапаўшым без вестак. Яго родныя пляменніцы Любоў (маці Тамары) і Софія таксама спрабавалі шукаць сваяка, але – зноў няўдача. У 70-я гады высветлілася, што Пётр Косік 19 студзеня 1945 года адзначаны медалём “За адвагу”, але ўзнагарода не была ўручана – героя не знайшлі сярод жывых. У спісе загінуўшых ён таксама не ўлічваўся. Любоў Уладзіміраўна і Софія Уладзіміраўна помняць, як прыязджалі нейкія людзі, шукалі сваякоў, але іх, пляменніц, палічылі далёкай раднёй, а жонка Пятра да таго часу выйшла замуж і змяніла прозвішча. Таму нікому з іх медаль не аддалі.

Даўно памерлі бацькі садата, так і не дачакаўшыся весткі ад сына. І яны, і іх унучкі не ведалі нават, як маліцца за сваяка – як за жывога, ці як за памерлага.
Любоў не помніць дзядзьку. Яна нарадзілася ў 1941 годзе. Калі Пётр яшчэ быў дома, ёй споўнілася толькі тры гады. Памяць жа старэйшай сястры добра захавала вобраз вясёлага 23-гадовага хлопца. У той час сям’я Фёдара і Уладзіславы Косікаў жыла на вуліцы Навагрудскай (зараз – Леніна). Іх дзеці Пётр і Ніна жылі з бацькамі, хоць мелі свае сем’і. Да прыходу немцаў сына не паспелі мабілізаваць, таму ўсю акупацыю родным баяліся, каб яго не звезлі ў Германію, але абышлося. Пётр быў сімпатычным, працавітым маладым чалавекам, меў залатыя рукі – змайстраваць мог хоць рэчы для гаспадаркі, хоць цацкі для маленькай Сонечкі.

Софія Уладзіміраўна нарадзілася ў 1938 годзе, таму нядрэнна помніць акупацыю. Вось, напрыклад, адзін з эпізодаў яе дзяцінства. Праз іх вуліцу немцы гоняць савецкіх
ваеннапалонных, а адна нераўнадушная жанчына ў гэты час спрабуе перадаць суайчыннікам агуркі. Адзін з фашысцкіх салдатаў ускідвае аўтамат і дае чаргу. Страляе ў гару, аднак няшчасная так палохаецца, што падае без прытомнасці. Пазней яна захварэла і памерла…

Яшчэ адзін момант яе ўспамінаў звязаны непасрэдна з дзядзькам Пятром. Іх сям’я хавалася ў зямлянцы падчас наступлення савецкага войска. Было вельмі страшна – немцы адступалі з баямі. Менавіта дзяцька вёў назіранне за наваколлем і супакойваў усю сям’ю, а ёй, Сонечцы, каб не плакала, з галінак вырабляў лялек…
Пасля вызвалення Беларусі Пятра Фёдаравіча прызвалі ў армію. Дзе давялося ваяваць нашаму земляку, не было вядома аж да гэтага часу. У райваенкамаце ніякіх звестак пра яго не знайшлося.

Аднойчы Тамара Уладзіміраўна расказала пра перажыванні сваёй маці і цёткі старшыні раённага савета ветэранаў Рыгору Мікалаевічу Русакевічу. Той параіў пашукаць сваяка з дапамогай спецыяльных сайтаў. Самай выніковай стала работа з парталам “Подзвіг народа”. Праўда, перш-наперш прыйшлося зрабіць запыт у нацыянальны гістарычны архіў, каб удакладніць дату нараджэння сваяка. Як толькі ў анкету былі ўведзены неабходныя даныя, карціна праяснілася. Стала вядома, што Пётр Косік быў прызваны 25 ліпеня 1944 гоада валожынскім райваенкаматам. Званне меў – чырвонаармеец. 25 лютага 1945 года загінуў у баях за Усходнюю Прусію. Пахаваны ў правінцыі Кёнінгзбергскай, у гарадку Хольштэдт. Стаў вядомы нават нумар яго магілы. Знайшлася і наступная інфармацыя. Медалём “За адвагу” ручны кулямётчык 1-га стралковага батальёна адзначаны за тое, што ў баі за населены пункт Віттгіррэн трапным выстралам знішчыў нямецкага аўтаматчыка, што дало магчымасць усяму падрадзяленню працягваць далейшы рух наперад.

Тамара Уладзіміраўна помніць, як расхвалявалася яе маці, хоць ніколі не бачыла дзядзьку, але ўсё жыццё хвалявалася за яго лёс. Не магла стрымаць слёз і цётка Софія, з успамінаў якой усё і пачалося.

Зараз перад роднымі мужнага валожынца стаіць задача: адсачыць лёс медаля. Хацелася б, каб узнагарода апынулася на Валожыншчыне і, калі немагчыма перадаць яе прадстаўнікам сям’і героя, то было б добра, каб гэты рарытэт захоўвалася ў раённым краязнаўчым музеі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ