«Dum spiro spero». Пакуль дыхаю – спадзяюся

Важное Люди и судьбы

Цудоўная сям’я, у якой з’явілася на свет… Муж – прафесіянал з вялікай літары… Два цудоўныя сыны, разумніцы-нявесткі, чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў… Насычаны дасягненнямі і заслужаным прызнаннем працоўны шлях… Жыццё ў родным горадзе сярод мілых сэрцу землякоў… Усё гэта – трывалы падмурак яе асабістага шчасця. Між іншым, лёс вядомага на Валожыншчыне чалавека, былога дырэктара гімназіі Тамары Іванаўны ІНФАРОВІЧ простым не назавеш. Дзіця вайны, яна вырасла ў шматдзетнай сям’і, перажыла акупацыю. Добра ведае, што такое з вясны і да восені бегаць басанож, а з 10-гадовага ўзросту нараўне з дарослымі жанчынамі з сярпом у руках шчыраваць у полі. На ўласным вопыце зведала, як цяжка сумяшчаць кар’еру і сям’ю, даглядаць пажылых бацькоў і пры гэтым заставацца адной з самых яркіх і адметных асоб сучаснай Валожыншчыны.

Паважаная жанчына ўпэўнена: бацькі падарылі ёй цудоўнае дзяцінства. Абое не мелі адукацыі, у пэўным сэнсе – заложнікі часу. Пра такіх гавораць: простыя людзі. Але за гэтай прастатой – светлы розум, высокая годнасць, жаданне вучыцца ад людзей.

У праўдзівасці аднаго з выразаў матулі – “гены ўсё перамагаюць” – Тамара Іванаўна пераконвалася амаль кожны дзень свайго 50-гадовага педагагічнага шляху. Ды і сама яна – 100-працэнтнае пацвярджанне гэтых слоў. Інакш, адкуль у ёй, звычайнай валожынскай дзяўчынцы, гэта інтэлігентнасць, тонкае пачуццё густу, адмысловая дыпламатычнасць у наладжванні адносін, бясконцая прага да ведаў… Тое ж самае можна сказаць пра яе сястру і братоў (кожны скончыў ВНУ, адбыўся як асоба).

Тамара была адной з лепшых вучаніц 1-й школы, любіміцай дырэктара А. С. Паныша, які часта называў яе дачушка-недасягальная выдатніца. Дзяўчынка ж адказвала педагогу павагай і ўдзячнасцю. І зараз лічыць Антона Станіслававіча вялікім гуманістам – таксама, як і яго калег, сваіх настаўнікаў.

Тое, што яна скончыла школу з залатым медалём, не здзівіла нікога. А як інакш, калі на працягу 10 гадоў паказвала такія веды! Розныя настаўнікі раілі розныя прафесіі. Асноўны выбар быў між медыцынай, педагогікай і… сцэнай. Класны кіраўнік апантана пераконвала артыстычную і эфектную старшакласніцу, што выконвала галоўныя ролі ў аматарскіх спектаклях, імкнуцца да кар’еры артыста. Дзяўчына ж падала дакументы ў БДУ. Чаму фізіка? Напэўна, ёй, фізіку і лірыку ў душы, менавіта гэты прадмет падаўся найбольш гарманічным спалучэннем навукі і паэзіі.

Фізіка-матэматычны факультэт стаў першай прыступкай на прафесійнай лесвіцы. А работа ў якасці маладога спецыяліста ў роднай школе дазволіла набыць неацэнны вопыт у справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення. У той час побач працавалі людзі, апантаныя прафесіяй, выкладваліся на ўроках так, што нават самы неадораны вучань паказваў трывалыя веды. Пра ўрокі ж самой Тамары Іванаўны дагэтуль ходзяць легенды. “У класе цішыня, а яна, прыгожая, добра пастаўленым голасам, нібы паэму дэкламуючы, расказвае нам пра фізічныя з’явы,..”– такімі ўспамінамі падзяліся мае калегі – былыя вучаніцы СШ №1.

Што дапамагло маладой настаўніцы стаць такой, якой помняць яе тысячы колішніх хлопчыкаў і дзяўчынак? У першую чаргу – працавітасць, затым – уменне ставіцца да кожнага з павагай, а яшчэ – такая ж тонкая, як і ў бацькоў, інтуіцыя (о! яна з першага ўрока бачыла, хто ёсць хто). Не апошнюю ролю ў прафесійным станаўленні адыгралі выдатная памяць і той самы артыстызм. Ніхто не здзівіўся, калі Тамару Іванаўну прызначылі намеснікам дырэктара, а пасля і дырэктарам – першым кіраўніком, якога аднагалосна на пасаду выбралі і настаўніцкі, і вучнёўскі калектывы.

Яшчэ ў дзяцінстве яна зразумела: без арганізаванасці, дэталёвага планавання не дасягнеш высот ні ў чым, таму ўсё жыццё надавала вялікае значэнне адмысловаму адміністраванню. Менавіта гэта дапамагло спалучыць асабісты і прафесійны бакі жыцця ў адзін годны шлях. Відавочна, што ў такой асобы і спадарожнік павінен быць выключным чалавекам. Анатолія Пятровіча Інфаровіча на Валожыншчыне помняць менавіта такім. Урач ад Бога, легендарны хірург, выратавальнік жыццяў… “Чаму вы, дзве зоркі – адна ад медыцыны, другая – ад адукацыі, не пайшлі ў сваёй кар’еры далей? Чаму задаволіліся работай у нашым райцэнтры?” – пытаюся я. А ў адказ: “Ведаеце, так склаўся лёс. Браты і сястра раз’ехаліся па свеце, а мяне бацькі лічылі сваім анёлам-ахоўнікам. Бацька моцна хварэў, матуля проста малілася на нас з Анатолем… Муж разумеў сітуацыю. Ён вельмі любіў людзей. Таму, дзе іх лячыць, для яго не мела значэння…”.

Калі Тамары Іванаўне прапанавалі ўзначаліць трэцюю валожынскую школу, якая пазней набыла статус гімназіі, сітуацыя заставіла задумацца. Не вельмі хацелася развітвацца з працоўным месцам, дзе ўсё добра наладжана, і прыступаць не проста да кіраўніцтва новай навучальнай установай, а літаральна да яе будаўніцтва. Брат Раман, прафесійны дыпламат, разважыў: “Сястрыца, ідзі. На новым месцы – новыя магчымасці. Ты абавязана рэалізаваць увесь свой патэнцыял…” Відавочна, разумны сваяк, як ніхто, адчуваў няўрымслівую, творчую душу сястры.
Яна ўзначаліла калектыў новай школы. Больш правільна сказаць – стварыла яго. А людзі, што пайшлі за ёй, паверылі і падтрымалі, сталі сапраўднай камандай – флагманам адукаціі раёна. І сёння яна дасылае кожнаму з іх словы ўдзячнасці за разуменне і плённую працу.

Пра тое, што выбрала прафесію педагога, Тамара Іванаўна не пашкадавала ніводнага разу. Яна шчодра дзялілася ведамі са сваімі вучнямі, лічылася непераўзыдзеным метадыстам. Шырокі кругагляд дазваляў зрабіць самы дэталёвы аналіз любога ўрока – ці то літаратуры, ці то гістрыі…

Кавалер ордэна “Знак пашаны”, выдатнік народнай адукацыі БССР, уладальніца мноства грамат і падзяк, удзельніца шматлікіх з’ездаў, педагагічных форумаў… Ёй захапляліся, ганарыліся, за яе радаваліся. Многія імкнуліся і зараз імкнуцца быць да яе падобнымі. Бывала, зайздросцілі, нават здраджвалі. Але Тамара Іванаўна Інфаровіч заўсёды ішла сваім шляхам – без галавакружэння ад поспеху і без адчаю ад негатыўных момантаў, якія заўсёды суправаджаюць моцнага лідара. Паважае разумных людзей, цэніць у кожным пачуццё ўласнай годнасці, схіляе галаву перад талентам. Дарэчы, пра таленты. Яна не толькі на педагагічнай ніве праявіла сябе. Умее вышываць, вязаць, калісьці лічылася нядрэннай танцоркай, цудоўна спявае. Незабыўнае ўражанне ад нашай сустрэчы ўзмоцнена тым, што толькі для мяне выканала сваю (супадзенне, канешне, але і маю) любімую песню Булата Акуджавы, у якой знакаміты бард дае разгорнуты адказ на пытанне: “А иначе зачем на земле этой грешной живу?”.

Ці сумуе па былой прафесійнай запатрабаванасці? Чым запоўнены сёння яе дзень? Пра што марыць? Яна няспешна і ўдумліва дае адказы на ўсе пытанні. Не, ёй ніколі не бывае сумна. Нарэшце многія справы, з якімі раней спраўлялася ноччу, робіць днём. З задавальненнем займаецца навядзеннем парадку ў кватэры, прыгатаваннем рознай смакаты, калі ёсць магчымасць парадаваць дзяцей і ўнукаў. З асалодай перачытвае любімую класіку, асабліва Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Міхаіла Булгакава, Янку Купалу. Раз-пораз звяртаецца да кнігі кніг – Бібліі, і ўсё часцей прыходзіць да высновы: як жа шкада, што яе дзяцінства і юнацтва прайшлі пад эгідай атэізму. Што ж, такі быў час, такія патрабаванні. Аднак, калі аднойчы ёй патэлефанавала адна вялікая начальніца і выказала прэтэнзію наконт таго, што некаторыя вучні наведваюць нядзельную школу пры царкве, Тамара Іванаўна не пабаялася параіць той пачытаць Канстытуцыю, дзе задэкларавана права кожнага грамадзяніна на свабоду сумлення… Яна ўпэўнена: людзі павінны мець уласную думку. У бытнасць кіраўніком заўсёды стварала магчымасць для самарэалізацыі адораным, адукаваным, з выражанай індывідуальнасцю калегам. Старалася, каб каманда, якую ўзначальвае, была яркай, прыгожай і крэатыўнай. Баяцца канкурэнцыі і дзеля гэтага акружаць сябе слабымі, безыніцыятыўнымі работнікамі – не пра яе. Так, у гэтай асобы ёсць характар і свае непахісныя прынцыпы. Напрыклад, вялікі жыццёвы вопыт даўно дапамог прыйсці да высновы: дараваць можна многае, нават здраду, вось толькі даваць здрадніку другі шанц і зноў дазволіць наблізіцца, нельга ні ў якім выпадку.

Большасць з нас прывыклі лічыць настаўнікаў дакладных прадметаў людзьмі досыць суровымі. А сёння перад намі – сапраўдны знаўца паэзіі. Падчас нашай сустрэчы высветліла, наколькі блізкія маёй суразмоўцы многія тэмы, што прывыкла лічыць “сваімі”. Здзіўляе, калі пры неверагоднай занятасці яна знаходзіла час на тэатр, кіно, музыку, жывапіс, каб упэўнена разважаць на гэтыя тэмы. Ды што там, яна і настаўніцкую працу ператварыла ў высокае мастацтва. Лічыла: калі робіш, рабі выдатна, інакш – не бярыся.

Моцным стымулам для любячай маці заўсёды была ацэнка яе дзейнасці з боку сыноў. Старалася працаваць і выглядаць так, каб дзецям не было сорамна. А Сяргей і Віталій – дарослыя паважаныя мужчыны, урачы вышэйшай кваліфікацыі, як калісьці ў дзяцінстве, часта і з задвальненнем робяць роднаму чалавеку кампліменты. Бабуля Тамара шчыра ганарыцца ўнукамі, двое з якіх пайшлі услед за дзедам і бацькамі – сталі ўрачамі, а двое – з’яўляюцца прадстаўнікамі ІТ-сферы. Праўнукі яшчэ малыя, але прабабуля верыць: таксама будуць годна несці гучнае прозвішча Інфаровіч.

“Каб Вы ведалі, як я люблю ўсё прыгожае! – гаворыць суразмоўца. – Такой была і матуля. Яна пасля цэлага дня ў полі вярталася дадому, дзе таксама было безліч клопатаў, з букецікам васількоў у руках…” Устаноўка, атрыманая ў дзяцінстве, з гадамі нікуды не знікла. Тамара Іванаўна ніколі не была абыякавай ла свайго знешняга выгляду. Умее падбіраць адзенне. У яе заўсёды стыльная прычоска. А вось што мяне здзівіла, дык тое, што касметыкай, акрамя памады для вуснаў, ніколі не карысталася. Цяжка паверыць, але мыла і звычайная вада – галоўныя касметычныя сродкі жанчыны, глянуўшы на чый твар, можна дапусціць: “не вылазіць” з салонаў. Яна ніколі не сядзела на дыетах, не асабліва сябравала са спортам. Перавагу аддае няспешным прагулкам, прыемным хатнім клопатам і бясконцаму інтэлектуальнаму самаразвіццю. Усёй душой хварэе за будучыню Радзімы. Калісьці, у час ваеннага дзяцінства, перажыла страшны момант. У іх дом уварваліся фашысты. І зараз быццам бачыць у руках з закасанымі рукавамі аўтаматы, а ў вушах гучаць бясконцыя чэргі, што даваліся ў падпечча. Пазней – яшчэ адзін шок: у Янушкавічах жывымі спалілі родных матулі. З той пары галоўная яе малітва – за мір. У арсенале Тамары Іванаўны мноства крылатых выразаў, якія трапна ўжывае ў гутарцы, але самы любімы: “Пакуль дыхаю, спадзяюся” – сапраўднае жыццёвае крэда. Яна шчыра верыць, што ў небе над Беларуссю заўсёды будзе ззяць мірнае сонца. Людзі ж пад яго промнямі працягнуць будаваць шчасце – кожны сваё. А сённяшнія калегі-настаўнікі знойдуць годны адказ на пытанне: што рабіць, каб іх высакародная прафесія, як і раней, высока цанілася ў грамадстве.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ