Беларусь адной з першых атрымае расійскую вакцыну ад каранавіруса

Безопасность и здоровье Важное

«Мы з Аляксандрам Рыгоравічам гэта абмяркоўвалі і дамовіліся, што Беларусь падключыцца да завяршальнага этапу дадатковага тэсціравання нашай вакцыны і потым будзе адной з першых, хто атрымае гэты прэпарат», — сказаў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін даручыў віцэ-прэм’еру РФ Таццяне Голікавай давесці да канца гэту работу разам з калегамі з Беларусі.

У сваю чаргу Таццяна Голікава паведаміла, што гатоўнасць набыць вакцыну ад каранавіруса, створаную ў Расіі, ужо выказалі 27 краін. Яна ўдакладніла, што размова ідзе аб розных фарматах, у тым ліку сумесных распрацоўках, клінічных даследаваннях, закупках, вытворчасці на тэрыторыі замежных дзяржаў, гуманітарнай дапамозе.

Зарэгістраваны 11 жніўня расійскі прэпарат «Спадарожнік V» стаў першай у свеце вакцынай ад каранавіруса, якая атрымала дзяржаўную рэгістрацыю. Прэпарат быў распрацаваны Нацыянальным даследчым цэнтрам эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя М.Ф.Гамалеі Міністэрства аховы здароўя РФ. Усяго ў свеце ідзе распрацоўка больш як 160 вакцын, з якіх звыш 30 знаходзяцца на стадыі клінічных выпрабаванняў на людзях.

Згодна з інфармацыяй БелТА

Фота БелТА