Самыя лепшыя мамы жывуць і працуюць у Бабровічах

Главное Общество

Шыкоўная шоу-праграма “Супер мама-2020”, прымеркаваная да цудоўнага свята – Дня маці, адбылася ў Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла загадчык установы Вераніка Фясюн, партнёрамі ж конкурсу сталі СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, а таксама візажысты і кансультанты па прыгажосці кампаніі Mary Kay, што падрыхтавалі матуль-удзельніц да конкурсу.

Вядучыя Уладзімір Ціханоўскі і Мікалай Салко прадставілі канкурсантак. Пад першым нумарам выступіла Марына Талер, жыццёвы дэвіз якой “Ёсць на свеце тры шляхі: вер, спадзявайся і любі”. Пад другім – Вікторыя Талер. Яна ўпэўнена: вялікая сям’я – гэта шчасце і сябры. Пад трэцім – Ганна Лангавых. Шматдзетная маці лічыць: каб дасягнуць мэты, неабходна, перш за ўсё, да яе ісці. Пад чацвёртым – Анастасія Ландзар. Жанчына кажа: шчасце складаецца з чатырох частак – бацькоў, здаровых дзяцей, любімага чалавека і верных сяброў.

У першым конкурсе кожная з удзельніц прадставіла сябе, праявіўшы пры гэтым артыстызм, фантазію і крэатыўнасць. Усе матулі падрыхтавалі і прадэманстравалі журы і прысутным відэапрэзентацыі. Да таго ж пра Марыю Талер распавяла яе любімая дачушка, а Ганну Лангавых – малодшы сын.

Пра тое, як матулі ўмеюць гатаваць і якімі прысмакамі частуюць сваю сям’ю, паказаў кулінарны конкурс. Парадавалі арыгінальнасць рэцэптаў, прыгажосць іх афармлення і крэатыўнасць прэзентацый. Вікторыя Талер наогул прадаставіла магчымасць расказаць пра іх сямейны кулінарны шэдэўр свайму мужу, які дадаў да ўсіх інгрэдыентаў запечанага на мангале шчупака яшчэ порцыю гумару. Таксама запомніліся курыца ў кляры з соусам, тварожны торт і пірожнае “Фантазія” іншых удзельніц.

Задумацца пра прыгажосць Беларусі, адчуць самыя цёплыя і светлыя пачуцці, гонар за краіну, дзе мы нарадзіліся і жывём, заставіла дэфіле ўдзельніц у народных касцюмах “Малая радзіма”.

Далей матулі паказалі творчыя нумары. Парад талентаў адкрыла Анастасія Ландзар, якая прачытала верш “Матулечка”. Таксама твор, прысвечаны самаму роднаму чалавеку, прадэкламавала Марына Талер, а Ганна Лангавых і Вікторыя Талер разыгралі з дапамогай сваіх блізкіх сцэнкі “Падарунак матулі” і “У ювелірным магазіне”, чым выклікалі смех і сарвалі мноства апладысментаў.

Завяршаючым этапам спаборніцтва стала дэфіле ў вячэрніх сукенках. На сцэне з’явіліся сапраўдныя прыгажуні з подыума, ад якіх нельга было адвесці вачэй. Яны трымаліся ўпэўнена, здаваляся, што жанчыны ўсё жыццё дэманструюць на публіцы прыгожыя ўборы.

Конкурсная праграма завяршылася. Прыйшоў час падвесці вынікі. На сцэну падняліся члены журы. Яго старшыня, дырэктар СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Юрый Бяляўскі скарыстаўся магчымасцю павіншаваць усіх матуль з Днём маці і шчыра падзякаваў удзельніцам мерапрыемства за свята, якое яны зрабілі для Бабровічаў. Як кіраўнік гаспадаркі ён запэўніў прысутных: самыя лепшыя мамы жывуць і працуюць менавіта тут.

Члены журы адзначылі, што кожная канкурсантка па-свойму таленавітая, заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі, і абвясцілі вынікі. Тытул “Мара паэта” прысудзілі Марыі Талер. Менавіта яна падалася найбольш узвышанай, паэтычнай і здольнай стаць лепшай музай любога паэта.

Звання “Генератар ідэй” удастоілася Анастасія Ландзар. Яна праявіла сябе як самая актыўная, у яе шмат новых думак і ідэй. Жанчына пакарыла сэрцы прысутных, а таму ў дадатак яшчэ заваявала і прыз глядацкіх сімпатый. “Васілісай Прамудрай” журы палічыла Ганну Лангавых. Ну, а “Супер-мамай” стала Вікторыя Талер.

Кожная ўдзельніца атрымала каштоўны падарунак і сертыфікат на майстар-клас ад кампаніі Mary Kay. У адрас усіх матуль са сцэны яшчэ раз прагучалі шчырыя, цёплыя словы ўдзячнасці за клапатлівыя рукі, яркую ўсмешку, добрае сэрца.

Конкурсная праграма перамяжоўвалася з цудоўнымі канцэртнымі нумарамі. Сваёй творчасцю прысутных радавалі салісты раённага Цэнтра культуры Дзмітрый Завацкі, Вольга Дзядуль, Мікалай Салко, Ірына Зянько, Ларыса Шарко, а таксама Дар’я Яблонская і юныя артысты Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара