Там пануе спагада

Общество

17 гадоў на тэрыторыі Валожынскага раёна функцыянуе ДУ “Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат”, дзе створаны належныя ўмовы для пражывання грамадзян, чыё жыццё абцяжарана псіхічнымі расстройствамі і хранічнымі сістэмнымі захворваннямі.  25-і працэнтам людзей, што знаходзяцца тут, яшчэ не споўнілася 40 гадоў, астатнія – пажылыя. Сёння пражываючых 164 жанчыны і мужчыны. Пра іх камфорт турбуецца калектыў са 103 супрацоўнікаў, на чале якога вось ужо 15 гадоў стаіць дырэктар Віталій Уладзіміравіч ПРЫЁМКА. Напярэдадні Дня інвалідаў кіраўнік сацыяльнай установы згадзіўся адказаць на некаторыя нашы пытанні.

    – Віталій Уладзіміравіч, скажыце, калі ласка, якім чынам трапляюць людзі ў дом-інтэрнат?

    – Шляхі, што прыводзяць да нас, бываюць рознымі. Ёсць тыя, хто накіроўваецца сюды ў выніку набытых захворванняў і не ў сілах абслугоўваць сябе самастойна. Звычайна гэтыя людзі маюць родных, якія іх не пакідаюць: часта наведваюць, забіраюць дадому ў час водпуску. Але ёсць і такія, хто трапляе з дзіцячых дамоў-інтэрнатаў і школ-інтэрнатаў для дзяцей з запаволеным псіхічным развіццём. Тут сітуацыя дастаткова сумная. Бацькі іх у большасці выпадкаў маюць алкагольную залежнасць, таму дзеці з маленства не ведаюць, што такое сям’я, любоў і клопат блізкіх. Часам нават у даволі значным узросце многія паводзяць сябе быццам дзеці – дзеляцца фантазіямі наконт таго, як хто-небудзь прыйдзе і забярэ іх у сям’ю. Камандзе інтэрната застаецца адно – замяніць абяздоленым людзям родных. З гонарам скажу: нам гэта ўдаецца. Атмасфера ва ўстанове па-сапраўднаму сямейная. Падобны факт адзначаюць госці (прадстаўнікі ўлады, дабрачынцы), якія даволі часта пераступаюць наш парог.

    – Людзі, што знаходзяцца ў інтэрнаце, – на ўтрыманні дзяржавы. Гэта значыць, што ім і іх сваякам няма неабходнасці турбавацца пра асноўныя чалавечыя патрэбы. Ёсць дзе жыць, адсутнічаюць праблемы з харчаваннем. Якія паслугі ці выгоды яшчэ гарантаваны вашым падапечным?

    – У нас арганізавана ўсебаковае медыцынскае абслугоўванне. У штаце маюцца урачы (псіхіятр-нарколаг) і тэрапеўт, медыцынскія сёстры, санітары. Маем добры працэдурны кабінет, кабінет лячэбнай фізкультуры, аптэка, перавязачная. Праблем са сродкамі рэабілітацыі – інваліднымі каляскамі, хадункамі, артапедычным абуткам – таксама няма.

    – Некаторыя з пражываючых даволі моцныя знешне людзі. Відавочна, што большасці патрэбна фізічная нагрузка. Якія заняткі прапаноўваеце ім?

    – Персанал робіць усё магчымае, каб жыццё чалавека, за якога нясём адказнасць, было напоўненым і цікавым. Многія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці ўстановы і, дзякуючы гэтаму, адчуваюць сваю значнасць і запатрабаванасць. 45-і падапечным па назначэнні медыкаў паказана фізічная праца. Таму дзейнічае кабінет працатэрапіі, дзе жанчыны шыюць рукавіцы для гаспадарчых работ, вырабляюць сувеніры. У самых адораных атрымліваецца вышываць, у тым ліку і бісерам. Нават пры блізкім разгляданні на карцінах і іконах, створаных рукадзельніцамі пад кіраўніцтвам вопытных інструктараў, немагчыма знайсці недахопы.

    – Вакол інтэрната даволі вялікая тэрыторыя. На яе добраўпарадкаванні, напэўна, таксама задзейнічаны пражываючыя?

    – І персанал, і тыя, пра каго яны клапоцяцца, – усе мы імкнём, каб навокал было чыста і прыгожа. Праца на ўчастку для многіх, асабліва для мужчын, становіцца сапраўдным сродкам рэабілітацыі і самавызначэння. У нас маецца агарод, дзе вырошчваем агародніну і зеляніну, а гэта – значнае абагачэнне рацыёну вітамінамі. Грады і клумбы з задавальненнем даглядаюць аматары працы на свежым паветры.

 

    – Хто падтрымлівае калектыў у імкненні стварыць для людзей са складаным лёсам атмасферу дабрыні і спагады?

    – Большасць з насельнікаў дома-інтэрната знаходзяць радасць і спакой у рэлігіі. Мы шчыра ўдзячны святарам праваслаўнай царквы, якія праводзяць богаслужэнні, споведзі і прычашчэнні. Для гэтага абсталявалі спецыяльны пакой. Там, дарэчы, чалавек можа пабыць у адзіноце, памаліцца. У любы момант могуць зазірнуць  прадстаўніцы сястрынства ракаўскага храма і выхаванцы дзіцячай нядзельнай школы. Яны ладзяць спектаклі, дапамагаюць у арганізацыі паломніцкіх паездак. У нас шмат дабрачынцаў, што прыязджаюць з канцэртамі, прывозяць падарункі. Пастаянна супрацоўнічаем з МДФ “Добра тут”, МДФ “Адкрытыя рукі”, ААТ “Белаграпрамбанк”, ТАА “Белрэсурсы”, Белдзяржцырк, мінскі заапарк і дэльфінарый “Нема”, прадпрымальнікі і жыхары Ракава. Дзве фермерскія гаспадаркі – “Дудчанка” і “Эка-флора” – актыўныя спонсары ў адносінах да азелянення. Дзякуючы ім, клумбы на тэрыторыі інтэрната – наш агульны гонар. Сярод вядомых беларускіх артыстаў таксама шмат сяброў установы і дабрачынцаў.

    – Хутка Каляды і Новы год. Што ў планах? Чым парадуеце людзей?

    – У нас добрыя традыцыі. Кожны раз – канцэрты, падарункі, віншаванні, святочнае меню і ўвогуле стварэнне ўрачыстай атмасферы. Калі набылі свой аўтобус, стараемся звазіць пражываючых у Мінск, каб паказаць падрыхтаваны да сустрэчы Новага года горад. Гэта ім вельмі падабаецца.

    – Каранавірус карэкціруе жыццё ўстановы?

    – А як жа! Наша галоўная задача – не дапусціць заражэння падапечных і калектыву. Вясной захварэлі два работнікі, восенню – чатыры. Але кожны раз нам удаецца паставіць заслону распаўсюджванню віруса. Надаём вялікую ўвагу мерам перасцярогі – апрацоўцы рук, дыстанцыраванню. Персанал працуе ў ахоўных масках. З 26 лістапада перайшлі на арганізацыю дзейнасці вахтавым метадам. Выкарыстоўваем тэсты, якія дазваляюць дапускаць да работы толькі здаровых.

    – Віталій Уладзіміравіч, напярэдадні Дня інвалідаў калектыў нашага выдання дасылае вашым пражываючым і калектыву, што нясе за іх адказнасць, пажаданні моцнага здароўя, магчымасці для самарэалізацыі, душэўнага камфорту. Безумоўна, да нас далучаюцца і паважаныя чытачы “Працоўнай славы”. А што б Вы хацелі сказаць жыхарам раёна напярэдадні даты, якая мае непасрэднае дачыненне да Вашай прафесійнай дзейнасці і прызвання?

    – Паважаныя валожынцы, у імкненні да ўласнага шчасця не забывайце пра тых, з кім жыццё абышлося даволі жорстка, і падарыце ім кроплю сваёй дабрыні і спагады. Калі такое імкненне ёсць, але не ведаеце, што можаце зрабіць для абяздоленых людзей, тэлефануйце ці пішыце нам. Шчырае дзякуй усім, хто гатовы падзяліцца цяплом сваіх сэрцаў.

Гутарыла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ